У нядзелю 23 траўня 2010г. у Парафіі БАПЦ у г.Гайлянд Парк (штат Нью Джэрзі, ЗША) адбылася ўрачыстае сьвяткаваньне Парафіяльнага сьвята Сьвятое Жыровіцкае Іконы Божае Маці і сьвята Сёмухі. У Сёмушную бацькоўскую сыботу раніцай япіскап Наваградзкі і Паўночна-Амерыканскі Сьвятаслаў і япіскап Г’юстанскі і Тэхаскі Макаріос наведалі Парафіяльныя могілкі, дзе адслужылі паніхіду па супачылым Беларускім архірэям, сьвятарам і вернікам, якія там пахаваныя. У сыботу ўвечары ў царкве была адслужана Вячорня. У нядзелю а 10 гадзіне раніцы пры ўваходзе ў царкву Ўладыкаў сустрэлі хлебам-сольлю - Старшыня Парафіяльнай Рады сп-р Віктар Дубяга, Сястрынства зь кветамі й настаяцель Парафіі а. Зінові і сьвятары. Перад Літургіяй яп. Сьвятаслаў дабраславіў алтарнікаў царквы Хрыстафора і Марка Азаркаў (прадзед якіх быў сьвятаром БАПЦ у Беларусі) перапаясывыцца араром паверх сціхароў у часе Набажэнства. У канцы Літургі адбыўся Крыжовы ход з малебнымі сьпевамі з Жыровіцкаю іконаю Божае Маці, Крыжом і Харугвамі навокал храму, дзе за звычаем на 3-м коле з чатырох бакоў храму чыталася Дабравесьце (па-беларуску, па-англійску, па-царкоўна-славянску й па-украінску) і крапіліся сьвянцонаю вадою сьцены храму і вернікі й пасьля дабраслаўленьня Парафіяльнаю іконаю, павярнуліся ў царкву, каб прачытаць кленчальныя малітвы Вячорні дня Сёмухі. Пасьля працяглага Набажэнства ў Парафіяльнай Зале адбыўся сьвяточны абед, падрыхтаваны Сястрынствам Парафіі, а таксама адбылася латарэя, у часе якое многія вернікі набылі прызы на памяць аб Парафіяльным сьвяце. У Зале былі выстаўлены здымкі з выявай цудатворнае Жыровіцкае Іконы Божае Маці, Жыровіцкага манастыра, іканастаса й месца, дзе знаходзіцца сьвятая цудатворная ікона, якая ўжо болей за 500 гадоў ёсьць апякункаю Беларускага народу. Эмігранты зь Беларусі, захоўваючы сваю веру і абрады, назвалі некалькі храмаў у чэсьць Сьв. Жыровіцкае іконы Божае Маці. Хаця ў самой Бацькаўшчыне амаль няма бажніцаў у чэсьць Беларускіх Сьвятых і Беларускіх цудатворных іконаў Божае Маці, бо Маскоўскі патрыярхат, што пануе ў Беларусі, навязвае Беларускаму народу культ расійскіх сьвятых і расійскіх іконаў Божае Маці. Парафіяне і госьці яшчэ доўга не пакідалі Парафіяльную залю, якія з’ехаліся ня толькі са штатаў Нью Джэрзі і Нью Ёрк, але і з г. Філадэльфіі (шт. Пэнсыльванія) і з г. Балтымор (шт. Мэрілэнд) і нават былі госьці зь Беларусі. |