
Коратка распавёўшы пра факты сваёй біяграфіі: нараджэньне ў Гомлі, пераезд у Менск, а пасьля ў ЗША, вучобу ў наргасе, працу інжынэрам, спадарыня Любоў больш увагі надала ў выступе свайму творчаму шляху. Захапленьне тканінамі з юнацтва прывяло яе ў гурток, дзе яна дапамагала ўжо іншым – дзеткам ды часта і іх бацькам таксама – засвойваць своеасаблівую беларускую тэхніку вышываньня. Стварэньне мастацкіх кампазыцыяў і расшыванак ды пляценьне кветак – Беларускія традыцыі, якія ўходзяць каранямі ў глыбокую даўніну.

Пацеркавае руказдольства прыйшло да нас зь гістарычных глыбіняў: майстэрства пляценьня, ткацтва, вышываньня спрадвеку перадавалася ў спадчыну ў нашай краіне.
А наогул вырабы з пацерак, вядомыя яшчэ ў Старажытным Эгіпце й Індыі, да сёньня аздабляюць вопратку народаў Бліжняга й Дальняга Ўсходу, Афрыкі й Індыі, Амэрыканскага кантынэнту й выспаў Ціхага Акіяну (Акіянія), Эўропы ды Азіі.
Беларускія пляцёнкі й гарлячкі маюць у сьвеце сваіх сваякоў: эфіёпскія чале, iндыйскія мала й хар, кубінскія каяр і гаргантыя, ангольскія місанга, баўгарскія, румынскія й малдаўскія гарданы й згарды, украінскія гэрданы й сылянкі, славацкія нагрдэліікі, таджыцкія гулубанд і фарал, узбэцкія зэбігардан, жмудзкія каралінас. Разнастайныя паводле формы, назваў, арнамэнтацыі, калярыту, кампазыцыі й тэхнікі выкананьня, яны сьведчаць пра прыродны нацыянальны талент, мастацкі густ і майстэрства іхных, найчасьцей безыменных, аўтараў.

Гісторыя вышываньня пацеркамі ў Беларусі сягае ў далёкую мінуўшчыну. Ці ня першыя зьветкі пра гэта датычаць тэрыторыі Радзімічаў (сучаснай Гомельшчыны), дзе ў пахаваньні ХІ стагодзьдзя быў знойдзены галаўны ўбор, аздоблены на йлбе паласой рамбічных пацерак цынна-алавянага (алавяна-сьвінцовага) сплаву.
ІХ-ХІІ стагодзьдзямі датуюцца зьвесткі пра пацеркавыя ўпрыгожаньні вопраткі на тэрыторыях земляў якія тады знаходзіліся пад Беларускім уплывам - Гэрцыке й Кукенойс (латыскае ніжняе Падзьвіньне). Там у пахаваньнях былі знойдзеныя тканыя вянцы, упрыгожаныя бронзавымі пакручалкамі (сьпіралькамі) й пацеркамі.
У Беларусі апошніх двух-трох стагодзьдзяў жаночыя ўпрыгожаньні з пацерак у выглядзе вузкай узорыстай стужкі, якая шчыльна прылягала да шыі, а таксама закругленых каўняроў былі найбольш папулярнымі на Гарадзеншчыне й Гомельшчыне. Гэта, згаданыя ўжо пляцёнкі (ад спосабу вырабу) й гарлячкі (ад месца нашэньня на шыі). Ад іх паходзяць, запазычаныя яшчэ ў ХVII стагодзьдзі ў Беларусаў жмудзкія каралінэс, што былі надзвычай папулярнымі на прылеглых да Беларусі паўдзённа-усходніх жмудзкіх землях.

У ХІХ стагодзьдзі пацеркамі й трапецыяпадобнымі падвескамі любілі расшываць хусткі Беларускі Смаленшчыны.
У нашым часе пацеркавыя вышыўкі як элемэнт народнага строю, папулярныя ў вёсцы Неглюбка, што пад Веткай на Гомельшчыне. У музэях Гомельшчыны можна пабачыць вышыўкі пацеркамі нашых сучасьніцаў Людзьмілы Сушко, Сьвятланы Бацуновай, Натальлі Лагуты, Веры Самасаднай.

Такім чынам зараз у Беларускім замежжы гэтую традыцыю працягвае таксама Любоў Карпава, што сымбалічна, народжаная ў Гомлі.

Але да тых працаў, якія спадарына Люба стварае сёньня, быў доўгі жыцьцёвы шлях і пераасэнсаваньне таго, што адбываецца навокал. Пасьля 46 гадоў жыцьця на Бацькаўшчыне яна пераехала ў ЗША у 1993 годзе. Атрымаўшы прафэсыю касмэтоляга і пасьпяхова займаючыся прыватным бізнэсам, яна ўсё ж працягвала шукаць тое, што не давала ёй пакою і што дазволіла б ёй выкарыстаць свой творчы патэнцыял поўнасьцю.
Заўсёдныя амэрыканскія праблемы – недахоп часу і вольных імгненьняў – дазволілі вярнуцца да актыўнай творчасьці праз 8 гадоў - у 2001-м. Штуршком стаў падарунак адной з сябровак. Абраз Божай Маці стаў тым натхняльнікам, якія абудзіў ізноў у Любові Карпавай творцу: просьценькая выява на паперы абудзіла ў ёй даўнюю мару вышыць гэткі ж абраз пацеркамі (бісерам) на тканіне.
Потым зьявіліся іншыя абразы. Нястомная ў сваёй працы майстрыха вышывае практычна ў любых умовах: падчас сямейнага збору ля тэлебачаньня, на самоце ўночы, у вольную хвіліну днём. Кожны з твораў патрабуе асаблівага падыходу і, па словах аўтаркі, на стварэньне адной вышыванкі ў яе ўходзіць каля аднаго месяцу.

Вышытыя на тканіне пацеркамі й залатой ды срэбнай ніткай ейныя творы нясуць у сабе цеплыню Беларускай гасьціннасьці, адкрываюць скарбы Беларускай душы, змушаюць думаць пра вечнае.
На 29-ю Сустрэчу Беларусаў Паўночнай Амэрыкі ў Нью-Брансуіку Любоў Карпава прыйшла паводле закліку сэрца. Там, два тыдні назад, і тут у беларускай царкве мастачцы лёс падараваў новыя сустрэчы і знаёмствы. І па яе словах, менавіта яны ў спалучэньні зь Беларускасьцю душы падказалі ёй два новыя накірункі для творчасьці: цяпер у плянах майстрыхі вышываньне абразоў з выявамі Беларускіх сьвятых, а таксама Беларускіх сьвятыняў – сабораў ды цэркваў, гістарычных і цяперашніх, якімі так багата наша Беларусь.
Добрай творчай дарогі Вам, спадарыня Любоў!
Пасьля афіцыйнай часткі мерапрыемства кожны з прысутных мог пэрсанальна пазнаёміцца з мастачкай, задаць ёй пытаньні, выказаць свае меркаваньні наконт працы творцы.
Цёплая атмасфэра ў залі стварылася яшчэ і дзякуючы зладжанаму пікніку з лятарэяй ды вясёлымі і час ад часу даволі шумнымі размовамі Беларусаў Амэрыкі.

Беларускі Музэй у Нью-Ёрку выказвае падзяку за дапамогу ў арганізацыі выставы Парафіяльнай Радзе Царквы Царква Сьвятой Жыровіцкай Іконы Божай Маці ў Хайлэнд Парку.
www.belmov.org |