Запусты на Калядны Пост адбыліся ў Нядзелю 24-ю пасьля Сёмухі, 18 лістапада 2012 г., у Парахвіі Сьвятое Жыровіцкае Іконы Божае Маці ў г.Гайлянд Парк (шт. Нью Джэрзі, ЗША). Увосені тут зьбіраецца найбольш парахвіянаў менавіта на Запусты, таму парахвіяльнымі ўладамі былі запрошаныя Архіяпіскап Сьвятаслаў Логін і Архіяпіскап Аляксандр Быкавец (кіраўнічы Япіскап УАПЦ у ЗША), якія й узначалілі Літургію. У часе набажэнства кіраўнік Парахвіі, пратаярэй а. Зінові Жалобак, за шчырую 15-гадовую пастырскую працу на ніве Хрыстовай ды з нагоды 90-гадовага і 70-гадовага юбілеяў Сабораў БАПЦ у Менску быў узнагарорджаны царкоўнай узнагародай – Крыжом з Прыкрасамі. У багаслужбе таксама прынялі ўдзел пратаярэй а. Леанід Акаловіч (Менск, Беларусь) і сьвятары украінскіх Парахвій з розных штатаў ЗША (Нью Джэрзі, Нью Ёрк, Пэнсільванія, Мічыган). У часе Літургіі Уладыка Аляксандр прачытаў Дабравесьце па-беларуску, а ў канцы службы сказаў Казаньне. Уладыка Сьвятаслаў узнагародзіў Нагароднымі Граматамі БАПЦ трох парахвіянаў, якія найбольш ахвярна працуюць дзеля дабра гэтае Парафіі : спадара Віктара Дубягу – старшыню Парафіяльнае Рады, спадара Якуба Сапяжынскага – рэгента Хору, спадарыню Людмілу Бакуновіч – старэйшую сястру Сястрынства Парахвіі. Варта адзначыць, што нядаўна ў храме Сьв. Жыровіцкае Іконы Божае Маці ў Гайлянд Парку былі пастаўлены новыя ўваходныя дзьверы, кошты на якія былі сабраныя Сястрынствам. Духавенства ў часе дабраславеньня абеда Настаяцель, а. Зінові, падзякаваў гасьцям і парахвіянам за ўдзел у Багаслужбе і запрасіў усіх на абед у Парахвіяльную Залю, дзе былі падрыхтаваныя бліны, якія звычайна за беларускай традыцыяй пякуць на Запусты перад Калядным і Вялікім Пастамі. Таксама адбылася традыцыйная латарэя. Больш фотаздымкаў можна паглядець па наступнай спасылцы: |
Царква Сьвятое Жыровіцкае Іконы Божае Маці ў Гайлянд Парку / Saint Mary of Zyrovicy BAOChurch > Навіны Парахвіі / Parish News > Навіны Гайлянд Парк >