Дзень Янкі Купалы адзначылі беларусы ЗША

posted Oct 12, 2010, 5:39 PM by Belarusian Church   [ updated Oct 12, 2010, 6:04 PM ]


 “Людзьмі звацца!” – Купалаў нацыянальны покліч, які дасягнуў самых глыбіняў беларускай душы і ўзбуджаў рух за незалежнасьць.

4 ліпеня ў Дзень Незалежнасьці ЗША ў Хайлэнд Парку сябры Беларускага Моладзевага Руху Амэрыкі і прадстаўнікі старэйшага пакаленьня беларускай дыяспары зладзілі імпрэзу, прысьвечаную беларускаму песьняру – прароку беларускага народу Янку Купале, дзень народзінаў якога адзначаецца ў гэтыя дні.

У гэты сьвяточны дзень у прысутнасьці каля трыццаці чалавек сябры БелМува ўзгадалі гісторыю амэрыканскага нацыянальнага сьвята ды чыталі вершы беларускага паэта і распавядалі гасьцям мерапрыемства пра яго творчы і жыцьцёвы шлях.

Купалавы жыцьцё і творчы лёс неад’емна зьвязаны з родным краем. Творы яго сталі той жыватворнай сілай, што дапамагала пераадольваць няўзгоды і натхняла на змаганьне за сваю будучыню сотні тысяч беларусаў на працягу апошняга стагодзьдзя. І гэта не выпадкова, што менавіта ў гэты час беларуская нацыя нарэшце дамаглася зьяўленьня на палітычнай мапе сьвету незалежнай краіны з назвай Беларусь. Купала зрабіў для гэтага ўсё, што ад яго залежыла і прыклаў усе намаганьні, каб мары сталі рэчаіснасьцю.

...А пачыналася ўсё тады, калі пра сваю краіну і мараў ня было. На пачатку 20-га стагодзьдзя было дзейнічала забарона друку на беларускай мове. Тое, што было выдадзена, рабілася ў абыход дзейсных законаў царскай Расеі. Ды і сама беларуская літаратура на той час толькі зараджалася. Творы Францішка Багушэвіча і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча былі ці не адзінымі праявамі яе існаваньня тады.

Але на гэтым падмурку Купала і яго калегі, прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі пачатку стагодзьдзя – пераважна нашаніўцы, аўтары першай газэты на беларускай мове “Наша Ніва” – здолелі зрабіць для сваёй краіны неверагодна шмат. За 15 год творчай дзейнасьці паэта, якая адзначалася 24 чэрвеня 1920 году, ён прайшоў шлях ад хлопца, які чытаў усе кнігі, якія яму трапляліся ў рукі, ды пачынаючага творцы да рэдактара “Нашай Нівы”, а пасьля і чалавека, якога называлі прарокам нацыі. Разам зь ім праз шматлікія выбоіны-перашкоды крочыла па сваім шляху і яго “Забраны Край” “Старонка Родная”: ад “Северо-Западного края”, дзе нельга было ўжываць слова “Беларусь”, да абвесьціўшай незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

  
 Хата, у якой нарадзіўся Янка Купала.Фальварак ВязынкаМенская вобласьць,Беларусь

 “Трудны й цярністы шлях прыйшлося прайсьці нам, Беларусам, за гэты час змаганьня за лепшую долю, за лепшую славу для сваёй Бацькаўшчыны.

Што было пятнаццаць гадоў таму назад і што мы бачым цяпер? Пятнаццаць гадоў таму назад некалькі шалёных галоў захацелі галавамі мур прабіваць – адбудоўваць сваю закаваную ў многавекавыя кайданы бацькаўшчыну, а сягоньня без малага ўвесь народ усімі сіламі дамагаецца свайго вызваленьня. Пятнаццаць гадоў таму назад аб незалежнасьці й падумаць было небясьпечна – сягоньня нашыя дужэйшыя суседзі самі аб гэтым падзяржаўнаму гавораць з намі, як з народам, каторы заслужыў па людзку й Божаму праву гэту незалежнасьць”
, - прамаўляў тады Янка Купала на ўрачыстым банкеце ў Менску.

Настрой твораў Купалы розных часоў адпавядае тым падзеям, якія адбываліся навокал. Ён натхняўся новым дасягненьням свайго народу ў нацыянальных пытаньнях: у некаторыя дні “выбухаў” цэлымі сэрыямі “стрэлаў” – цудоўных патрыятычных песень-поклічаў. Ён перажываў разам з ім жахлівыя часы акупацый, якія зьмянялі адна другую: царскую - нямецкая, потым бальшавіцка-савецкая, пасьля польская ды ізноў савецкая. У гэтым віхуры падзей немагчыма разабрацца беларусу-селяніну, які ў сваёй большасьць застаецца “тутэйшым”: “Я тутэйшы чалавек”,“Тутэйшай веры я”. Купала зьвяртаецца да свайго брата-беларуса ўсяляк, каб узбудзіць у ім чалавечую годнасьць, закрануць стрункі, якія ўскалыхнуць яго ды зачапіць яго. Ён абураецца, калі ў яго гэта не атрымліваецца. І ізноў робіць спробу. Зьвяртаючыся і да ўсемагутных сілаў Боскіх у тым ліку.

Увесь творчы шлях паэта прайшоў па сьцяжынках спробаў абыйсьці забароны цэнзуры: царскай, бальшавіцкай, савецкай. Ужо нават у часы незалежнасьці Беларусі сучаснай прадстаўнікі маладога пакаленьня, якія вучыліся ў 90-я і напачатку 2000-х, прызнаюцца, што далёка ня ўсе лепшыя Купалавы творы вывучаюцца ў беларускіх школах. І зараз пастаноўка яго “Тутэйшых” – заўсёды падзея ў творчым жыцьці краіны. Бо, напэўна, шмат каму ў адмоўных героях гэтага твору ня хочацца ўбачыць сябе: хто ня цэніць свой народ, культуру і традыцыі, прыслухоўваючыся да заходняга і усходняга “вучоных”.

Яго зборнікі “Жалейка”, “Гусьляр”, “Шляхам жыцьця”, “Спадчына” і “Безназоўнае” – скарб нацыянальнай беларускай літаратуры. У іх – подых Беларусі тых часоў. Спачатку – з нашаніўскага пэрыяду і да абвяшчэньня незалежнасьці, а пасьля і г.зв. палітыкі беларусізацыі – усё больш глыбокі і набіраючы моц. Потым – перабіты ды перарывісты – калі савецкая ўлада разабралася з палітычнай апазыцыяй ды, маючы нарэшце магчымасьць зьвярнуць увагу на надакучлівыя нацыянальныя рухі, пачала націск на лепшыя сілы краіны: працавітых сялян, абвешчаных кулакамі, інтэлігенцыю, атрымаўшую нацдэмаўскі ярлык ворагаў народа – калі нібыта не хапае паветра.

Янка Купала заўсёды скептычна і крытычна ставіўся да камуністычнай савецкай улады. Нават у часы беларусізацыі, калі некаторыя пачалі ў сваіх творах усхваляць краіну саветаў, найвыбітнейшы беларускі пясьняр пазбягаў такіх узвышаных ацэнак, разумеючы, што толькі свая беларуская краіна і ўлада ў стане забясьпечыць патрэбы народа. І ў гэтым яго погляды цалкам разыходзіліся з мэтамі “цэнтра”. 

Яго спрабавалі перацягнуць на бок служэньня ідэалягічнай савецкай машыне, аднак зрабіць гэтага так і не змаглі. І сам творца за лепшае палічыў сьмерць, чым такое “сяброўства”. 

Першая спроба самагубства пасьля арышту савецікімі ўладамі ў 1930-м годзе была няўдалай. А напрыканцы чэрвеня 42-га па-за межамі Беларусі, адкуль, бадай што прымусова, ён выязжае падчас наступу немцаў летам 41-га, у Маскве яго сэрца білася апошні раз. Зацкаваны пастаянным перасьледам, перажыўшы бясконцыя выклікі на допыты, растрэлы і ссылкі ў Сібір сяброў у жахлівыя – чорныя для Беларусі 30-я гады - ён выкідваецца з акна гатэлю.

...Пакідаючы нам свае песьні і покліч. 

“А хто там ідзе, а хто там ідзе
У вагромністай такой грамадзе?
            – Беларусы!

...А чаго-ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім сьляпым, глухім?
– Людзьмі звацца!” 


...Момант, калі Янка Купала разьвітваўся з Беларусяй апісвае яго жонка Ўладыслава: “Праяжджалі мы адну прыгожую мясьціну ўжо каля Смаленшчыны. Паўз дарогі раскінулася сенажаць, трава была высокая, шмат красак, непадалёчку быў лес. Купала захацеў затрымацца тамака. Змучаны, ён выйшаў з машыны, лёг на траву й доўга, доўга глядзеў у далячыню; на ягоных вачох былі сьлёзы. Гэта было ягонае апошняе расстаньне з роднай Беларусяй”.

...З думкамі аб якой і для якой Янка Купала пражыў усё жыцьцё.

Помнік Янку Купалу ў Менску

"Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася Спадчына"

"Забраны Край"

"Я мужык-беларус"

     

"А хто там ідзе ў агромністай такой грамадзе?

- Беларусы!"

Да лепшай будучыні - гаворачы "Роднае Слова".

Беларускі Моладзевы Рух Амэрыкі выказвае вялікую падзяку ўсім, хто прыняў удзел у адзначэньні Дня Янкі Купалы ды дапамагаў у арганізацыі мерапрыемства!

www.belmov.org 

Comments