Гуманітарная дапамога для дзяцей-інвалідаў

posted Nov 8, 2011, 6:18 PM by Belarusian Church
1 жніўня 2011 г. дэлегацыя Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы перадала невялікую гуманітарную дапамогу Журавіцкаму дому- інтэрнату для дзяцей з псіха-фізычнымі адхіленьнямі, які знаходзіцца ў Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласьці. 


Дырэктар азнаёміла гасьцей з вялікай гаспадаркай дому-інтэрнату, у якім стала знаходзіцца каля 300 дзяцей-інвалідаў. У актавай зале сірацінца Ўладыка Сьвятаслаў, а.Леанід Акаловіч і двое вернікаў рэлігійнае Суполкі Сьв. Еўпрасіньні Полацкае ў Менску разам з прысутнымі адслужылі Малебен за выздараўленьне хворых, пасьля якога была перададзена невялічкая дапамога, кошты на якую сабрала царква Сьв. Кірылы Тураўскага г. Таронта ў Канадзе. Пасьля чаго дзеці паказалі кароткі канцэрт гасьцям і персаналу. 


Беларусы-эмігранты, якія жывуць у Эўропе, Амерыца, Аўстраліі, маючы патрэбу сувязі з Бацькаўшчынай, шмат дапамогі пачалі аказываць суайчыньнікам асабліва пасьля Чарнобыльскай аварыі, дасылаючы розную медычную і матэрыяльную дапамогу на шпіталі, дзіцячыя і старчаскія дамы ў Беларусі. Так, толькі Парафія БАПЦ у Таронта, штогод надае такую гуманітарную дапамогу.
Comments