Навіны-Менск


Ушанаваньне памяці Мітрапаліта Мельхісадэка

posted Jun 2, 2014, 8:24 PM by Belarusian Church   [ updated Jun 2, 2014, 8:25 PM ]

17 траўня 2014 года ад Н. Х. ў дзень сьветлай памяці святарамучаніка Мельхісадэка Паеўскага, Мітрапаліта Менскага і Беларускага, у Менску Літоўскім вернікі парафіі Сьвятой Афрасіні Полацкай правялі акцыю памінаньня першага ярарха БАПЦ ў дзень ягонай пакутнай сьмерці ў Маскве ў 1931 г. Акт памінаньня адбываўся ў былым архірэйскім падвор'і ля Дома афіцэраў, дзе на адным з царкоўных будынкаў знаходзіцца памятная дошка-гарэльеф у гонар святарамучаніка Мельхісадэка. 


Якраз каля гэтага памятнага знаку і была зьдзейсьнена малітва за Мітрапаліта Мельхісадэка, прасьпявана "Вечная Памяць" і ўскладзены жывыя кветкі ды зробленыя напамяць фатаздымкі. Пасьля заканчэньня акцыі трое вернікаў і айцец Леанід Акаловіч былі затрыманыя амапацоўцамі і адвезеныя ў міліцэйскі пастарунак Ленінскага раёну г. Менска "для выясненія лічностей". Пасьля абшукваньня і апытаньня-"выясненія лічностей" затрыманыя былі неўзабаве адпушчаныя на свабоду. 


Акрамя таго, у самой Сьвята-Афрасінінскай суполцы была спраўлена яшчэ і багаслужба і Ліція ў знак памяці стмч. Мельхісадэка пры партрэце сьветлай памяці Мітрапаліта Менскага і Беларускага, які выканаў быў раней наш вернік-мастак Гянадзь Дрозд. Закончыўся Дзень памяці Сьвятога мучаніка за БАПЦ Мельхісадэка застольнай гутаркаю пра значэньне, ролю і спосабы ўшанаваньня яго ў БАПЦ і памінальнаю вячэраю.

Другія Мельхісадэкаўскія чытаньні

posted May 30, 2013, 11:55 AM by Belarusian Church

21 красавіка 2013 года ў прыходзе імя Сьвятое Афрасіні Полацкае БАПЦ адбыўся нядзельны малебен у гонар айцоў-заснавальнікаў БАПЦ і другія Мельхісадэкаўскія чытаньні, прысьвечаныя памяці Мітрапаліта Менскага і Беларускага Мельхісадэка (Міхала Паеўскага). 


Са зьмястоўнымі і цікавымі дакладамі выступілі вернікі прыходу БАПЦ і госьці, запрошаныя на чытаньні: Мікола Бамбіза – “Жыцьцёвы шлях Мітрапаліта Мельхісадэка (М. Паеўскага)”; Гянадзь Драздоў – “Вобраз Мітрапаліта Мельхісадэка ў жывапісе” (Г. Драздоў прэзентаваў свой мастацкі твор для БАПЦ – партрэт Мітрапаліта Мельхісадэка); Анатоль Валахановіч – “Леў Сямёнавіч Паеўскі – сьвятар, гісторык, археолаг, краязнавец, царкоўны дзяяч – бацька Мітрапаліта Мельхісадэка” і “Камянецкі Сьвята-Сямёнаўскі праваслаўны храм”; скульптар Генік Лойка – “Вобраз Мітрапаліта Мельхісадэка ў медальерным мастацтве” (Г. Лойка падрабязна распавёў прысутным, як ён увасобіў вобраз Мітрапаліта Мельхісадэка ў бронзавым медалі); Францішак Корзун – “Стан праваслаўнае царквы ў Беларусі-Ліцьве ў пачатку XX стагодзьдзя”; пратаярэй Леанід Акаловіч – “Служка Божы Мітрапаліт Менскі і Беларускі Мельхісадэк” і “ Радавод Паеўскіх і сямейныя фотаздымкі”. 

Слухачы шмат даведаліся новага, невядомага дагэтуль пра Мітрапаліта Менскага і Беларускага Мельхісадэка, пра яго бацьку Льва Паеўскага і пра іншыя цікавыя факты з жыцьця Паеўскіх. Дакладчыкам быў зададзены шэраг пытаньняў. 


Другія Мельхісадэкаўскія чытаньні ў Менскай Афрасінінскай суполцы закончыліся сьпяваньнем царкоўнага гімну “Магутны Божа” і частаваньнем. 

Анатоль Валахановіч 
21.04. 2013

Мастацкая выстава суполкі “Пагоня” ў Менску

posted Jan 26, 2012, 5:01 PM by Belarusian Church

Вечарам 18 студзеня 2012 г. у Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускае Суполкі Мастакоў у Менску адкрылася выстава “Другі фэст беларускага духоўнага мастацтва”, арганізаваная пад эгідай суполкі “Пагоня”, якая будзе працаваць да 29 студзеня. На ёй прысутнічалі й вернікі БАПЦ: мастак сп-р Г.Драздоў – кіраўнік мастацкай суполкі “Пагоня”, сп-р А.Валахановіч, сп-ня А.Сакалоўская, сп-р У.Ліпскі, сп-р М.Бамбіза. Выставу асьвяціў а.Леанід Акаловіч. 


Як падкрэсьліваюць арганізатары фэсту, яго трэба разглядаць як сьвята і пацьверджаньне незьмянлівасьці хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, здабытых вялікай цаной і занатаваных крывёю Ісуса Хрыста і яго пасьлядоўнікаў. Гэта сьвята аднадумцаў, людзей родных па духу і сьветапагляду, якія жадаюць падзяліцца радасьцю сваіх мастацкіх адкрыцьцяў і здабыткаў зь іншымі людзьмі.



За безьядзерны рэгіён

posted Dec 29, 2011, 5:46 PM by Belarusian Church

29 і 30 верасьня 2011 г. ў Сойме Летувы ў Вільні праходзіла міжнародная канфярэнцыя "За бязьядзерны рэгіён!", у якой прыняла ўдзел і дэлягацыя ад БАПЦ ў складзе правялебнага япіскапа Віленскага Ўладыкі Серафіма (Чыкіты), айца Леаніда Акаловіча і намесьніка царкоўнае рады менскае суполкі Сьвятой Афрасіні Полацкае Гянадзя Драздова.
Наша дэлягацыя актыўна ўдзельнічала ў выпрацоўцы і падпісаньні выніковых дакументаў канфярэнцыі "Ліста за спыненьне будаўніцтва Астравецкай (Беларусь), Вісагінскай (Летува) і Балтыйскай (у Калінінградскай вобл. Расеі) атамных электрастанцый" і "Дэклярацыі Грамадскай кампаніі "За бязьядзерны рэгіён!".

6--8 сьнежня 2011 г. айцец Леанід Акаловіч быў удзельнікам новай міжнароднай карфярэнцыі "Атамная энэргетыка -- выклік навакольнаму асяродзьдзю, здароўю чалавека, эканоміцы і праву", якая праходзіла ў залах паседжаньняў Сойму Летувы і муніцыпалітэту Вільні. Было заслухана і абмеркавана дзясяткі дакладаў і паведамленьняў вучоных зь Беларусі-Літвы, Летувы, Лацьвіі, Швецыі, Фінляндыі, Расеі, Чэхіі, Нямеччыны, Нарвегіі, Вялікабрытаніі і прынята адпаведная рэзалюцыя супраць будаўніцтва ў Прыбалтыйскім рэгіёне Астравецкай (Беларусь), Вісагінскай (Летува) і Балтыйскай (Калінградская вобл. Расеі) атамных электрастанцый.

Удзельнікі канфярэнцыі стварылі яшчэ адзін Міжнародны Грамадскі Камітэт "За бязьядзерны сьвет" на чале з прафесарам Юрыем Лепіным (Беларусь), у які ўвайшоў таксама як член ад царкоўных арганізацыяў і айцец Леванід Акаловіч.

Мастацкая выстава

posted Dec 29, 2011, 5:43 PM by Belarusian Church

12 лістапада 2011 г. ў Койданаўскай раённай бібліятэцы Менскай вобласьці прайшлі адчыненьне юбілейнай выставы і вечарыны тамтэйшае мастачкі Галіны Мініч пад назваю "Жывапіснае натхненьне". На пачатку айцец Леанід Акаловіч выславіў малітву за Беларускі Народ і асьвяціў выстаўленыя на паказ жывапісныя творы Г. Мініч, якая працуе тут як мастак-афармляльнік. Вяла вечарыну яе дачка Марыя Мініч, таксама мастачка і мастацтвазнаўца (яе бацька таксама быў мастаком). Галіна Мініч стварае ня толькі жывапісныя палотны - пяйзажы роднага краю, але і піша іконы. З добрымі словамі пра творчасыць мастачкі Галіны Мініч выступілі на вечарыне сьвятары Сьвята-Пакроўскай Койданаўскай царквы Павел і Барыс Паўтаржыцкі, айцец Леанід Акаловіч і пісьменьнік-журналіст Анатоль Валахановіч.

Ліція і малітва ў Курапатах

posted Nov 8, 2011, 6:22 PM by Belarusian Church

30 кастрычніка 2011 г. ў нядзелю вернікі суполкі Сьвятой Афрасіньні Полацкай зь Менску прынялі ўдзел ў масавым шэсьці апазіцыі з цэнтру сталіцы ў Курапацкі лес да магілаў расстраляных бальшавікамі тысячаў людзей. Калона была хораша аздоблена бела-чырвона-белымі сьцягамі, транспарантамі з словамі ДЗЯДЫ... Маніфестанты несьлі ў Курапаты новыя крыжы, каб іх усталяваць у месцах масавых расстрэлаў бязбожнікамі бязьвінных ахвяраў сталінізму. Пасьля мітынгу на курапацкай Галгофе ля вялікіх трох Крыжоў сьвятар БАПЦ ярэй Леанід Акаловіч справіў Ліцію па загінулых тут пакутніках і Малітву за ўсіх рэпрэсаваных і нявінна забітых у 30-х - 50-х гадох ХХ ст. пры сталінскім рэжыме.



Асьвячэньне крыжоў у Курапатах 30.10.2011

Затым айцец Леанід сказаў слова пра рэпрэсіі тагачаснай бязбожнай улады над сваімі мірнымі суайчыньнікамі, пра тысячы расстраляных, а пасля сьмерці дэспата-Сталіна рэабілітаваных як нявінных... 
На заканчэньне памінаньня Дзядоў - курапацкіх пакутнікаў а. Леанід асьвяціў дзясяткі новаўсталяваных сёньня й крыху раней крыжоў на месцах расстрэлаў і пахаваньня людзей Божых розных нацыяў, прафесіяў і станаў... Каля галгофскіх вялікіх крыжоў, ля памятнага каменя-валуна і многіх іншых крыжоў гарэлі лямпады-сьвечкі і ляглі жывыя кветкі..

.

Асьвячэньне крыжоў у Курапатах 30.10.2011

Паломніцтва ў Чарнігаў

posted Nov 8, 2011, 6:21 PM by Belarusian Church

3-4 верасьня 2011 г. вернікі рэлігійнае Грамады Сьв. Афрасіньні Полацкае г. Менска БАПЦ зьдзейсьнілі паломніцтва ў старажытны горад Чарнігаў (Украіна), дзе адведалі шмат праваслаўных сьвятыняў, сярод якіх – пяць вельмі старажытных храмаў (ХІ – ХІІ ст.ст.), “Антоніевы пячоры” і іншыя манастыры, а таксама магілу беларускага япіскапа Германа (хіратанізаванага ў часе Другое сусьветнае вайны).
 
Айцец Леанід Акаловіч прыняў удзел у набажэнствах у адным з велічных чарнігаўскіх храмаў, дзе паломнікі зь Беларусі спавядаліся і прынялі сьвятое прычасьце. На Бацькаўшчыне багаслужбы ў Грамадах БАПЦ ня ёсьць такімі ўрачыстымі з-за таго, што ўлады Беларусі адмаўляюцца іх рэгістраваць і вернікі Беларускае Царквы пазбаўлены права вольна спавядаць веру сваіх продкаў.


Паломнікі ў манастыры "Антоніевы пячоры"

Гуманітарная дапамога для Нясьвіжскага дому-інтэрнату

posted Nov 8, 2011, 6:20 PM by Belarusian Church

22 жніўня 2011 г. дэлегацыя Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы перадала гуманітарную дапамогу Нясвіжскаму дому-інтэрнату для састарэлых і інвалідаў, які знаходзіцца ў вёсцы Асмолава Нясьвіжскага раёну Менскае вобласьці, Беларусь. Сьвятары і вернікі БАПЦ азнаёміліся з умовамі жыцьця насельнікаў інтэрнату, якіх там знаходзіцца каля 230 чалавек. 


У актавай зале Ўладыка Сьвятаслаў і а.Леанід супольна з вернікамі рэлігійнае Грамады Сьв. Еўпрасіньні Полацкае г. Менску (якой пакуль адмоўляюць ў рэгістрацыі) і прысутнымі насельнікамі і персаналам адслужылі Малебен за Беларускі Народ. Пасьля чаго сьвятары сказалі словы да прысутных. 

Кошты на гэтую дапамогу сабрала Парафія Сьв. Кірылы Тураўскага БАПЦ г. Таронта (Канада).

Ушанаваньне ахвяраў Катыні

posted Nov 8, 2011, 6:19 PM by Belarusian Church

23 жніўня 2011 г. вернікі рэлігійнае Грамады Сьв. Еўпрасіньні Полацке г.Менску Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы прынялі ўдзел у паездцы дэлегацыі зь Беларусі да мемарыялу ахвяраў сталінскага рэжыму, які знаходзіцца каля вёскі Катынь на Смаленшчыне, дзе пахаваныя тысячы афіцэраў Польскае арміі, растраляных вясной 1940 г. Часткаю гэтых ахвяраў ёсьць і беларусы, якія ваявалі ў Польскай арміі. 


Япіскап Сьвятаслаў і а. Леанід Акаловіч адслужылі Ліцію за супакой растраляных камуністычным савецкім рэжымам на так званым “польскім” баку мемарыялу. Таксама была адслужаная засупакойная Ліція на “савецкім” баку мемарыялу, дзе безназоўнымі ляжаць растраляныя ў 1920 – 30-х г.г. жыхары Смаленшчыны, якая ў большасьці ёсьць беларускай этнічнай тэрыторыяй. 



Пасьля гэтага ўдзельнікі пілігрымікі наведалі месца загібелі вясной 2011 г. ўрадовае дэлегацыі Польшчы на чале з прэзыдэнтам, якія накіровываліся да Мемарыялу ў Катыні.

Гуманітарная дапамога для дзяцей-інвалідаў

posted Nov 8, 2011, 6:18 PM by Belarusian Church

1 жніўня 2011 г. дэлегацыя Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы перадала невялікую гуманітарную дапамогу Журавіцкаму дому- інтэрнату для дзяцей з псіха-фізычнымі адхіленьнямі, які знаходзіцца ў Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласьці. 


Дырэктар азнаёміла гасьцей з вялікай гаспадаркай дому-інтэрнату, у якім стала знаходзіцца каля 300 дзяцей-інвалідаў. У актавай зале сірацінца Ўладыка Сьвятаслаў, а.Леанід Акаловіч і двое вернікаў рэлігійнае Суполкі Сьв. Еўпрасіньні Полацкае ў Менску разам з прысутнымі адслужылі Малебен за выздараўленьне хворых, пасьля якога была перададзена невялічкая дапамога, кошты на якую сабрала царква Сьв. Кірылы Тураўскага г. Таронта ў Канадзе. Пасьля чаго дзеці паказалі кароткі канцэрт гасьцям і персаналу. 


Беларусы-эмігранты, якія жывуць у Эўропе, Амерыца, Аўстраліі, маючы патрэбу сувязі з Бацькаўшчынай, шмат дапамогі пачалі аказываць суайчыньнікам асабліва пасьля Чарнобыльскай аварыі, дасылаючы розную медычную і матэрыяльную дапамогу на шпіталі, дзіцячыя і старчаскія дамы ў Беларусі. Так, толькі Парафія БАПЦ у Таронта, штогод надае такую гуманітарную дапамогу.

1-10 of 11