Мікола Бакас, Вершы

Малітва беларуская

О Божа вялікі, мы – твае дзеці,
Мы – беларусы на гэтай планеце.
Каб наша дзяржава расла і квітнела,
Каб нашыя сэрцы дабром багацелі,
На літасць Тваю спадзяёмся мы, Божа.
Хто верыць у Бога – той зло пераможа.

Мы самі ў цемры яго нажывалі,
Калі самавольства сваё шанавалі.
Нам сорамна, Божа, нам крыўдна прызнацца
У нашай няпраўдзе, у нашым жабрацтве.

Спаўна мы спазналі сірочае долі.
Наш Бацька і Творца, мы просім: даволі,
Твайго прабачэння мы просім: памілуй,
З надзеяй і верай мы просім: прымі нас,
Прымі пад ахову Тваю беларусаў, -
Да Ласкі і Праўды – ад зла і спакусаў,

Прымі, як дзяцей, пад бацькоўскую руку.
Заўжды мы ўдзячны Табе за навуку
Як трэба любіць, дараваць і змагацца
За права пачэснае Божымі звацца.

Па волі Тваёй ды паўстане дзяржава.
Навекі вякоў Твая сіла і слава!


Ня верце рабам

Ня верце рабам і не будзьце рабамі,-
Збірайцеся, людзі, пад сцягам Ісуса!
Да волі дабра паказаў Ён напрамак
Ад рабства ліхога хлуслівых спакусаў.

 Не спакушайцеся: людзі – ня богі;
Ніхто не набудзе ўласнага раю;
І той не набудзе ўласнай свабоды,
Хто сам сябе ўласным кумірам стварае.

Свабода даецца на добрыя справы,
Як Божая ласка, як лесвіца ў неба.
Свабода – закон хрысціянскага права.
А гонар без права, як ёлуп, - ганебны.

Па ім пазнаюцца паганскія душы –
Няўдзячныя, здрадныя, хцівыя, злыя.
Ня чуюць сумлення паганскія вушы,
І вочы да Божае праўды сляпыя.

Пакорліва гнуцца іх рабскія спіны –
Паганская пыха ня ведае жалю.
-Вам Божыя мудрасць і воля праціўны?
Таму і рабамі ў ёлупа сталі.

Па бруднасці вашай кумір ваш – нячысты.
Агідныя твары – агідныя справы:
Ад вас застаюцца хлусня і злачынствы,
А вашым нашчадкам – смуродная слава.

Яны – не ад Бога, імя ім – брыдота.
Ім трэба ўлада, каб шкодзіць і красці.
Сярод паразітаў няма патрыётаў:
Для іх über alles – свае прыхамаці.

Вялікі падман з чалавечым абліччам –
Ілжэчалавек, а як быццам, сапраўдны:
У грошах фальшывых багацце ня лічаць,
У душах фальшывых – падлічваюць здрады.

Хто спыніць нахабства злоякасных клетак?
Ілжэчалавекі – такія ж гадзюкі:
Яны ператвораць краіну у гетта,
Калі не стрымаць іх паганыя рукі.

Вы чуеце, людзі, набат вашых сэрцаў?:
“Свабоды і праўды! Свабоды і праўды!”
Пад сцяг Пераможцы і Збаўцы ад смерці
Ідзем і ўратуем Радзіму – ад гадаў,
Ад гора-няволі, паганскай улады.

…Тады Беларусь зноў Літвой назавецца:
Як Божы народ – сярод Божых і вольных –
Тым першым імём, што ад Бога даецца.
А іншае вольным насіць – недастойна.


Пан Хрыстос уваскрос!

Пан Хрыстос уваскрос, смерцю смерць патаптаў, -
Лепшы наш Правадыр і Настаўнік!
Ён прыйшоў да людзей і ахвяраю стаў –
Шчодры выкуп за іх ратаванне.

Бог прыйшоў, і яны асудзілі яго –
Святары, што служылі ўладам.
Асудзілі Любоў, асудзілі Святло,
Асудзілі Дабро і Спагаду.

Асудзілі ў сэрцах, забруджаных злом.
Аддалі на пагубу і здзекі
Той уладзе хлуслівых і штучных багоў,
Што рабіла рабоў з чалавекаў.

Не забойцу, а збаўцу на смерць аддалі,
Бо, па сутнасці, самі забойцы.
Не патрэбен ім той, чые словы былі:
“Ідзеце за мной і ня бойцесь!”

Забівалі каменнямі сэрцаў сваіх
За дынарый свой гонар прадаўшыя д’яблу.
Род няверны, заўсёды ён ганіў святых,
Бо ня праўду любіў, а паганскую славу.

Тая слава смярдзіць з іх нячыстых нутроб.
Як што пуза – алтар, дык душа – у загане.
Пад законам ліхім моўчкі стогне народ,
Ды тлусцеюць затое злачынцы ў законе.

Не, ня ў Божым законе – у бязбожным і злым:
Без суда, міласэрдзя і шчырае веры.
Цемру душ іх вартуе брудны дух кабалы,
А для духа ратунку зачынены дзверы.

Запанелая плоць не прымае Закон,
Той, сапраўдны Закон, што ратуе ад смерці.
Запанелы слуга б’е фальшывы паклон,
Тоіць здраду яго атлусцелае сэрца.

Гора вам, ганарліўцы, прадажная плоць.
Святары без святла – недастойныя свята.
Пан Хрыстос уваскрос! Наш – адзіны – Гасподзь.
Ён – адзіны суддзя, Пан Хрыстос Пантакратар.

Ecce Homo! – Асоба, Змагар за любоў.
Як вучыў, так і жыў, - і пайшоў на Гальготу.
Найвышэйшы прынізіў сябе да рабоў,
Каб з ніжэйшых абраць змагароў і лагодных.

Пан Хрыстос перамог – бо ня раб, а Герой!
Не даецца любоў нетрываламу духам.
Мужных рыцараў збройных адважны Кароль
Сцяг свабоды нясе паняволеным душам.

(10.10.10.)

Мікола Бакас
Comments