Дакумэнты Парахвіі / Parish Documents

Статут Парахвіі Сьвятое Афрасіньні Полацкае ў Менску / Statute of the Parish of Saint Euphrosyne of Polatsk in Miensk




ЗАЦВЕРДЖАНЫ 
РАШЭННЕМ 
ПРЫХОДСКАГА 
СХОДУ 
28.11. 2010 г.

С Т А Т У Т 

Праваслаўнай аўтакефальнай рэлігійнай суполкі 
Святой Афрасінні Полацкай 
горада Мінска 


1. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ, АСНОЎНЫЯ МЭТЫ, 
ЗАДАЧЫ І ФОРМЫ ДЗЕЙНАСЦІ 

1.1. Праваслаўная аўтакефальная рэлігійная суполка Святой Афрасінні Полацкай горада Мінска, называная далей у Статуце проста "Прыходам", заснавана і дзейнічае на дабраахвотных пачатках у мэтах сумеснага веравызнання cярод вернікаў і распаўсюджвання ў беларускім грамадстве праваслаўнай веры ў старадаўніх традыцыях аўтакефальнасці Беларускай (Літоўскай) Праваслаўнай Царквы ад часоў Полацкага Княства і Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.

1.2. Прыход складаецца з кліру і прыхаджанаў.

1.3. Асноўныя задачы Прыхода:

1.3.1. стварэнне і паляпшэнне матэрыяльных, арганізацыйных і іншых неабходных умоў для правядзення набажэнстваў, ажыццяўлення іншых Статутных мэтаў;

1.3.2. арганізацыя падрыхтоўкі, падвышэння кваліфікацыі святароў і іншых служкаў культу;

1.3.3. арганізацыя нядзельнай школкі для дзяцей і навучальных курсаў для дарослых па навучанні Закону Божаму;

1.3.4. наладжванне і развіццё адносінаў з рэлігійнымі і грамадскімі непалітычнымі арганізацыямі ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі;

1.3.5. арганізацыя вытворчасці і гандлю рэлігійнай літаратурай і прадметамі рэлігійнага карыстання.

1.3.6. інфармаванне грамадзянаў Рэспублікі Беларусь рознымі сродкамі, у тым ліку і масавай інфармацыі, пра дзейнасць Прыхода, гісторыю беларускага праваслаўя, яго адметных асоб, пра асновы веры і праваслаўнага выхавання;

1.4. Асноўныя формы дзейнасці: спраўленне набажэнстваў і рэлігійных абрадаў, выхаваўчая, дабрачынная, асветніцкая, інфармацыйная, метадычная, прадпрымальніцкая (выдавецкая, гандлёвая, вытворчая), ажыццяўленне міжнародных сувязей і кантактаў, іншыя формы дзейнасці, не забароненыя заканадаўствам.

1.5. Прыход веравызнае традыцыйнае праваслаўе на падставе праваслаўных канонаў (ідэнтычна веравучэнню і вераслужэнню Рускай, Украінскай і іншых нацыянальных аўтакефальных праваслаўных цэркваў).

1.6. У Прыходзе не дапускаецца якога-небудзь прымусу пры вызначэнні грамадзянамі сваіх адносінаў да рэлігій і веравызнанняў ці адмовы ад веравызнання рэлігій, да ўдзелу ці няўдзелу ў багаслужбах, рэлігійных абрадах і цырыманіялах, у навучанні рэлігіі.

1.7. Прыход не ўдзельнічае ў дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў, якія маюць палітычныя мэты, і не аказвае ім фінансавай падтрымкі.

1.8. Прыход існуе незалежна ад аўтакефальнай Рускай праваслаўнай царквы і іншых рэлігійных арганізацый, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

1.9. Прыход утвораны і дзейнічае ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь са зменамі і дадаткамі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 24 лістапада 1996 года і 17 кастрычніка 2004 года, і ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацый" у рэдакцыі ад 31 кастрычніка 2002 года з дадаткамі і зменамі, унесенымі 21 ліпеня 2008 года і 4 студзеня 2010 года..

1.10. Прыход з`яўляецца юрыдычнай асобай, мае самастойны баланс, разліковы і іншыя рахункі ва ўстановах банкаў, пячатку, штампы, бланкі і сваю сімволіку, зарэгістраваную ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Прыход ад свайго імя заключае дагаворы, набывае маёмасныя, уласныя немаёмасныя правы і нясе абавязкі, уступае ва ўзаемаадносіны з юрыдычнымі асобамі.

1.11. Прыход адказвае па сваіх абавязацельствах маёмасцю, на якую, паводле дзейнага заканадаўства, можа быць накладзена спагнанне, за выключэннем прадметаў, што маюць святое богаслужбовае прызначэнне.

1.12. Справаводства ў Прыходзе вядзецца ў адпаведнасці з заканадаўствам на беларускай мове.

1.13. Прыход можа падтрымліваць прамыя міжнародныя кантакты і сувязі, заключаць адпаведныя пагадненні, якія не супярэчаць міжнародным абавязацельствам Рэспублікі Беларусь.

1.14. Назва Прыхода:

на беларускай мове – Праваслаўная аўтакефальная рэлігійная суполка Святой Афрасінні Полацкай горада Мінска;

скарочаная назва – Свята-Афрасінеўская аўтакефальная суполка;

на рускай мове – Православная автокефальная религиозная община Святой Oфросиньи Полоцкой города Минска;

сокращённое название – Свято-Офросиньевская автокефальная община;

на англійскай мове - Minsk Orthodox Autocephalous community of Saint Aphrasinja.

1.15. Юрыдычны адрас: Праваслаўная аўтакефальная суполка Святой Афрасінні Полацкай г. Мінска. 220036, г. Мінск, вул. Заходняя, 13 – 176.

1.16. Раён дзейнасці Прыхода – горад Мінск.


2. СЯБРОЎСТВА,
СТРУКТУРА, НАЙВЫШЭЙШЫ І ВЫБАРНЫЯ ОРГАНЫ 

2.1. Прыход у сваёй рэлігійнай і адміністрацыйна-фінансавай дзейнасці падсправаздачны Прыходскаму Сходу – найвышэйшаму органу Прыхода.

2.2. Сябрамі Прыходскага Сходу, зарэгістраванага ва ўстаноўленым парадку, з'яўляюцца клірыкі і прыхаджане, сябры Прыходу, што дасягнулі васямнаццацігадовага ўзросту, добрай хрысціянскай маралі, што знаходзяцца ў царкоўных зносінах, але не пад царкоўным ці грамадскім судом і якія падалі заяву на ўступленне ў суполку.

2.3. Прыняцце новых сяброў у склад Прыходскага Сходу ці выхад з яго ажыццяўляецца рашэннем, якое прымае сход у адказ на заяву просьбіта не пазней сямі дзён пасля атрымання заявы.

2.4. Сябры Прыходскага Сходу абавязаны:

2.4.1 выконваць патрабаванні гэтага Статута;

2.4.2. удзельнічаць у выкананні мэты і задач Прыхода;

2.4.3. плаціць сяброўскія складкі ў памеры, вызначаным Прыходскім Сходам.

2.5. Прыходскі Сход можа прыняць рашэнне пра выключэнне з сяброў у выпадку грубага ці неаднаразовага парушэння Статута.

2.6. Да выключнай кампетэнцыі Прыходскага Сходу адносяцца:

2.6.1. прыняццё Статута Прыхода, унясенне ў яго змяненняў і дапаўненняў;

2.6.2. абранне тэрмінам на тры гады Прыходскай Рады ў складзе трох асобаў і Рэвізора, які не ўваходзіць у Прыходскую Раду;

2.6.3. заслухоўванне штогодна справаздач Рады і Рэвізора;

2.6.4. зацверджанне справаздачы па даходах і выдатках;

2.6.5. прыняццё рашэння пра спыненне дзейнасці Прыхода;

2.6.6. вызначэнне памеру і перыядычнасці ўплаты сяброўскіх складак;

2.6.7. прыняццё рашэння пра стварэнне або ліквідацыю юрыдычных асоб, зацверджанне іх Статута і кіраўнікоў;

2.6.8. вызначэнне агульных накірункаў выкарыстання сродкаў і маёмасці;

2.6.9. прыняццё рашэння пра набыццё, распараджэнне і адчужэнне маёмасці;

2.6.10. зацверджанне прапаноў Рады аб маральным ці (і) матэрыяльным заахвочванні сяброў Прыходскага Сходу і іншых асоб, найбольш актыўна і паспяхова паспрыяўшых Прыходу ў выкананні яго Статутных задач і ў дасягненні Статутных мэтаў.

2.7. Сход можа разглядаць і іншыя пытанні, якія вынікаюць са Статутнай мэты і задач, у тым ліку аб адмене рашэнняў створаных ім органаў, якія не адпавядаюць заканадаўству і Статуту Прыхода.

2.8. Сход збіраецца па ініцыятыве Рады ці 1/3 сяброў Прыходскага Сходу.

2.9. Сход мае права прымаць рашэнні, калі на ім прысутнічае больш за палову сяброў.

2.10. Рашэнні па ўсіх пытаннях, акрамя прадугледжаных пунктамі 2.6.1. і 2.6.9., прымаюцца простай большасцю галасоў прысутных сяброў Прыходскага Сходу.

2.11. Рашэнні па пытаннях, прадугледжаных пунктамі 2.6.1. і 2.6.9., прымаюцца 2/3 галасоў прысутных сяброў Прыходскага Сходу.

2.12. Сябрамі Прыходскай Рады з’яўляюцца яе старшыня, яго намеснік і скарбнік, якія выбіраюцца і зацвярджаюцца Прыходскім Сходам. Старшынём можа быць святар.

2.13. Прыходская Рада на чале са сваім старшынём з'яўляецца выканаўчым і распарадчым органам Прыходу як юрыдычнай асобы. Рада ажыццяўляе штодзённае кіраўніцтва дзеля выканання яе рашэнняў і рашэнняў Прыходскага Сходу.

Прыходская Рада і ад яе імя старшыня прадстаўляе Прыход перад дзяржаўнымі органамі, прадпрыемствамі, арганізацыямі і грамадзянамі.

2.14. Прыходская Рада:

2.14.1. арганізуе выкананне рашэнняў Сходу;

2.14.2. распараджаецца сродкамі і маёмасцю згодна з заканадаўствам і агульнымі накірункамі, вызначанымі Прыходскім Сходам;

2.14.3. наладжвае сувязі з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, грамадскімі аб’яднаннямі, іншымі арганізацыямі ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі, рыхтуе мерапрыемствы;

2.14.4. уносіць змяненні і дапаўненні ў Статут адпаведна змяненням у заканадаўстве, а таксама пры змене юрыдычнага адраса;

2.14.5. зацвярджае ўзоры пячаткі, штампа, сімволікі Прыхода, іншых унутрыарганізацыйных дакументаў, узгадняе штатны расклад;

2.14.6. вырашае іншыя пытанні дзейнасці Прыхода, якія не належаць да выключнай кампетэнцыі Прыходскага Сходу.

2.15. Пасяджэнні Рады праводзяцца не радзей за адзін раз ў месяц і склікаюцца па ініцыятыве Старшыні, або не менш за 1/3 сяброў Рады.

2.16. Рашэнні Прыходскай Радай прымаюцца простай большасцю галасоў ад агульнага складу Рады.

2.17. Старшыня ажыццяўляе аператыўнае кіраўніцтва Радай, валодае правамі кіраўніка юрыдычнай асобы, прадстаўляе ў адносінах з дзяржаўнымі і недзяржаўнымі (у тым ліку замежнымі) органамі, арганізацыямі, прадпрыемствамі, установамі, а таксама грамадзянамі, у неабходных выпадках выдае даверанасці для выканання адпаведных даручэнняў.

2.18. Старшыня (а па яго даручэнні ці даручэнні Рады -- намеснік старшыні):

2.18.1. ажыццяўляе аператыўнае кіраўніцтва дзейнасцю Прыхода, якія вынікаюць з яго мэтаў і задач;

2.18.2. арганізуе выкананне рашэнняў Прыходскіх Сходу і Рады;

2.18.3. зацвярджае штатны расклад Прыхода;

2.18.4. прымае рашэнні па надзённых пытаннях дзейнасці Прыхода;

2.18.5. забяспечвае вядзенне кнігі ўліку заўваг і прапаноў, разгляд зваротаў сяброў Прыхода і грамадзянаў у адпаведнасці з заканадаўствам, у межах сваёй кампетэнцыі робіць неабходныя захады для іх поўнага і своечасовага разгляду;

2.18.6 наймае і звальняе штатных супрацоўнікаў, прымае да іх захады заахвочвання і выносіць дысцыплінарныя спагнанні, арганізуе вядзенне справаводства і справаздач, выконвае іншыя абавязкі.

2.19. Намеснік старшыні каардынуе работу Прыхода па вызначаных напрамках дзейнасці ў адпаведнасці з рашэннямі Рады.

2.20. Пры выхадзе з Прыхода ці немагчымасці выконваць абавязкі старшыні гэтыя абавязкі пераходзяць да намесніка старшыні на тэрмін да склікання Прыходскага Сходу.

2.21. Скарбнік збірае сяброўскія складкі і дабраахвотныя ахвяраванні, сочыць за прыбыткамі і выдаткамі ў Прыходзе, вядзе бухгалтарскае справаводства ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам.

2.22. Кантрольным органам Прыхода з`яўляецца рэвізор, які праводзіць свае праверкі не радзей за адзін раз на год. Вынікі праверак зацвярджаюцца Прыходскім Сходам.

2.22.1. Рэвізор ажыццяўляе:

2.22.2. кантроль за выкананнем Статута ў дзейнасці Прыхода;

2.23. кантроль за фінансава-гаспадарчай дзейнасцю, захаванасцю маёмасці Прыхода. Не радзей за адзін раз на год праводзіць планавую рэвізію, пры неабходнасці звяртаецца па паслугі ў аўдытарскую арганізацыю, пра вынікі рэвізіі інфармуе Сход.

2.24. Рэвізор можа ўдзельнічаць у працы пасяджэнняў Рады з правам дарадчага голасу.

2.25. Рашэнні Прыходскіх Сходу і Рады афармляюцца пратаколамі.


3. КРЫНІЦЫ І ПАРАДАК ФАРМІРАВАННЯ ЎЛАСНАСЦІ 

3.1. Ва ўласнасці Прыхода могуць знаходзіцца будынкі, збудаванні, жыллёвы фонд, абсталяванне, транспарт, інвентар, грашовыя, валютныя сродкі, акцыі, іншыя каштоўныя паперы і іншая маёмасць, неабходная для ажыццяўлення прадугледжанай Статутам дзейнасці.

3.2. Арганізацыйныя структуры Прыхода, надзеленыя правамі юрыдычнай асобы, маюць асобны баланс і штодзённы (разліковы) банкаўскі рахунак, а таксама могуць мець іншыя рахункі ў банках, небанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях.

3.3. Грашовыя сродкі Прыхода ўтвараюцца з сяброўскіх складак, ахвяраванняў прыхаджанаў і іншых грамадзянаў, з аплаты царкоўных абрадаў, з выручкі ад продажу свечак і іншых прадметаў, вырабленых царкоўнымі прадпрыемствамі, царкоўнай літаратуры, а таксама атрыманых на законных падставах ад дзяржаўных, грамадскіх і іншых прадпрыемстваў, установаў, арганізацый і грамадзянаў, мэтавага фінансавання Прыхода і асобных праектаў з боку грамадзянаў і арганізацый; іншых не забароненых заканадаўствам паступленняў.

3.4. Прыход можа ажыццяўляць ва ўстаноўленым парадку прадпрымальніцкую дзейнасць у той ступені, у якой яна неабходна для яе статутных мэтаў, дзеля якіх яна створана, адпавядае гэтым мэтам і адказвае прадмету дзейнасці. Такая дзейнасць можа ажыццяўляцца толькі праз стварэнне камерцыйных арганізацый і (альбо) удзелу ў іх.

3.5. Пры стварэнні ў Прыходзе прадпрыемства адлічэнні ад яго прыбыткаў паступаюць ў распараджэнне Прыходу, за выключэннем паплаткаў, падаткаў, пералічаных у дзяржаўны і мясцовы бюджэты.

3.6. Прадпрыемствы, створаныя Прыходам, падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі.

3.7. Сродкі і маёмасць Прыхода выкарыстоўваюцца на ажыццяўленне статутнай дзейнасці, на ўтварэнне пры неабходнасці фондаў і рэзерваў Прыхода.

3.8. Паўнамоцтвы Прыхода, звязаныя з правам уласнасці, у прыватнасці, прыняцце рашэнняў аб набыцці, распараджэнні і адчужэнні ўласнасці, ажыццяўляе Рада ў накірунках, вызначаных Сходам.

3.9. Прыход звяртаецца за добраахвотнымі фінансавымі і іншымі ахвяраваннямі і самастойна распараджаецца атрыманымі грашовымі сродкамі і маёмасцю.

3.10. Фінансавыя і маёмасныя ахвяраваняі і іншыя прыбыткі, што паступаюць у Прыход, не абкладаюцца падаткамі.

3.11. Гадавая фінансавая справаздача прадстаўляецца на абмеркаванне Прыходскага Сходу.

3.12. Прыход выплачвае падаткі і ажыццяўляе разлікі ў парадку і памерах, устаноўленых дзейным заканадаўствам, нясе адказнасць за паўнату, дакладнасць і своечасовасць прадастаўлення справаздачнасці.



4. АСАБЛІВАСЦІ РЭГУЛЯВАННЯ ДЗЕЙНАСЦІ ПРЫХОДА

4.1. Прыход рэалізуе і распаўсюджвае прадметы рэлігійнага прызначэння, літаратуру, а таксама інфармацыйныя матэрыялы рэлігійнага зместу, рэалізуе іншую прадукцыю пры наяўнасці на гэта адпаведнага дазволу.

4.2. Прыход для сваіх патрэбаў выкарыстоўвае будынкі, збудаванні і іншыя маёмасныя аб’екты, якія належаць яму на правах уласнасці або прадастаўленыя па дамове дзяржаўнымі, грамадскімі арганізацыямі альбо грамадзянамі.

4.3. Прыход не прадстаўляе належных яму ці карыстаных па дамове памяшканняў для правядзення сходаў, мітынгаў і іншых маніфестацыяў, што маюць палітычны характар.

4.4. Прыход можа ствараць прадпрыемствы, установы дабрачыннага прызначэння патрэбнікам (прытулак, інтэрнат, дзіцячы дом, лячэбніцу і іншыя падобныя ўстановы). Прыход можа мець сродкі масавай інфармацыі, засноўваць рэлігійныя аб'яднанні.

4.5. Пры Прыходзе могуць стварацца таварыствы і іншыя добраахвотныя аб'яднанні грамадзянаў для дабрачыннай дзейнасці і міласэрнасці, вывучэння і распаўсюджвання духоўнай літаратуры, правядзення культурна-асветніцкай дзейнасці.

4.6. Прыход стварае групы, нядзельныя школкі для рэлігійнага навучання праваслаўнаму хрысціянскаму веравызнанню, а таксама праводзіць навучанне ў іншых формах, выкарыстоўваючы для гэтага памяшканні, якія належаць Прыходу ці прадастаўляюцца яму ў карыстанне.

4.7. Прыход бесперашкодна праводзіць богаслужэнні ў малітоўных будынках і на прылеглай да яго тэрыторыі, у месцах паломніцтва, у кватэрах і дамах грамадзянаў, на могілках і крэматорыях.

4.8. Пры правядзенні крыжовых ходаў, паніхідаў і іншых багаслужбаў і абрадаў за межамі тэрыторыяў, вызначаных вышэй (пункт 4.7.), Прыход звяртаецца па дазвол у парадку, устаноўленым заканадаўствам для правядзення мітынгаў, шэсцяў і дэманстрацыяў.

4.9. Прыход звяртаецца ў вайсковыя падраздзяленні, лячэбныя ўстановы, шпіталі, дамы састарэлых і інвалідаў, у следчыя ізалятары і іншыя месцы пазбаўлення волі для дабрачыннасці і міласэрнасці.

4.10. Працоўныя стасункі ў Прыходзе рэгулююцца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб працы. Умовы працы, формы, сістэмы і памеры яе аплаты вызначаюцца на аснове калектыўнага пагаднення, калі гэта патрабуецца дзейным заканадаўствам. У адпаведнасці з дзейным працоўным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь Прыход можа прымаць на працу грамадзянаў па працоўных дамовах. Прыход мае права выкарыстоўваць ахвярную працу грамадзянаў, а таксама атрымліваць дабрачынную дапамогу і ахвярныя паслугі ад фізічных і юрыдычных асоб.

4.11. Прыход маральна ці (і) матэрыяльна заахвочвае найбольш актыўную і паспяховую дзейнасць у дасягненні Статутных мэтаў і выкананні Статутных задач – сяброў Прыхода, а таксама іншых асоб, незалежна ад грамадзянства.

4.12. Асобы, якія працуюць у Прыходзе, падлягаюць сацыяльнаму забеспячэнню і страхаванню, роўна з рабочымі і служачымі дзяржаўных і грамадскіх прадпрыемстваў, установаў і арганізацый. Святары падлягаюць дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню і пенсійнаму забеспячэнню на агульных асновах.

4.13. Банкаўскія рахункі, даручэнні і іншыя фінансавыя дакументы падпісвае старшыня Прыходскай Рады і скарбнік.

4.14. Падача Статута на рэгістрацыю адпаведнаму дзяржаўнаму органу і
пачатак дзейнасці Прыходу ажыццяўляецца пасля адабрэння Прыходскай
Радай.


5. ПАРАДАК ЛІКВІДАЦЫІ 

5.1. Прыход можа спыніць сваю дзейнасць па рашэнні Прыходскага Сходу
або па рашэнні суда пры парушэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

5.2. Прэтэнзіі крэдытораў не могуць быць аднесены на маёмасць і прадметы богаслужбоўна-культавага прызначэння.

5.3. Пры спыненні дзейнасці Прыхода маёмасць, прадастаўленая ў карыстанне, вяртаецца яе ранейшым уладальнікам. Уласная маёмасць Прыходу выкарыстоўваецца на аснове рашэння Прыходскага Сходу.

5.4. Дакументы Прыхода пасля ліквідацыі ва ўстаноўленым парадку ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам перадаюцца на захаванне ў адпаведныя ўстановы дзяржаўнага архіву Рэспублікі Беларусь.

5.5. Рашэнне пра ліквідацыі Прыхода накіроўваецца ў адпаведны рэгіструючы орган і публікуецца ў перыядычным друкаваным выданні, вызначаным актамі заканадаўства, і ў адпаведнасці з яго патрабаваннямі.



Гэты Статут прыняты рашэннем Прыходскага Сходу 28 лістапада 2010 г.

Старшыня Прыходскага Сходу ( Л.А. Акаловіч)

Сакратар Прыходскага Сходу (М. Р. Бамбіза)

Comments