“Бог міру бразьне сатану пад ногі вашыя неўзабаве. Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі! Амін.” (Пасланьне ап. Паўла да Рымлянаў, 16:20)
Любыя браты й сёстры ў Хрысьце!
Хрысьціянская Вера заўсёды вучыць нас змагацца за праўду й дабро, паважаць іншых людзей. У гэтыя дні пакутуюць беларусы, бо бязбожная ўлада ўжыла зброю супраць свайго народу, які выйшаў на мірныя пратэсты супраць хлусьні й зла. Увесь цывілізаваны сьвет салідарны зь людзьмі, якія адстойваюць сваю годнасьць і свой голас на выбарах прэзідэнта Беларусі і асуджаюць гвалт супраць іх. Нажаль ня ўсе хрысьціянскія цэрквы ў Беларусі падтрымліваюць і моляцца за свой народ. Напрыклад т.з. кіраўнік Беларускага Экзархату РПЦ (прысланы з расейскае Разані) хутчэй, да афіцыйнае аб’явы параможцы выбараў, павіншаваў дыктатара. (Сьвятое Пісьмо кажа: “Па пладах іхных пазнаеце іх” – Мц.7:16). Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква, што дзейнічае на эміграцыі (а на Бацькаўшчыне – у падпольлі), заклікае Беларускі народ абараніць свабоду свайго выбару і будучыню свае дзяржавы! Молімся за супакой загінуўшых суайчыньнікаў і за здароўе параненых і зьняволеных, за весь народ наш. Няхай Госпад дабраслаўляе ўсіх на дабрыя справы і пазбаўляе нас ад лукавага!
Зь любасьцю й малітвамі, + Сьвятаслаў, архіяпіскап БАПЦ
1/14 жніўня 2020 л.Б. (Вынясеньне пачэсных дрэў Жыцьцятворнага Крыжа Госпадавага) |
Навіны - Галоўная >