Заява прадстаўніка Канстанцінопальскага Патрыярхату

posted Aug 31, 2016, 1:43 PM by Belarusian Church   [ updated Aug 31, 2016, 1:44 PM ]

«Можам даваць аўтакефалію праваслаўным былой Рэчы Паспалітай без згоды Масквы» – такая заява была зроблена пасьля Сабору прадстаўніком Канстанцінопальскага Патрыярхату на пачатку жніўня 2016 г.

Беларусь і Ўкраіна – кананічная тэрыторыя Канстанцінопальскае Царквы, а не Маскоўскага патрыярхату. Пра гэта заявіў прадстаўнік Канстанцінопальскага Патрыярхату архіяпіскап Ёў Геча ў інтэрв'ю risu.org.ua.

«У гісторыі ўсе новыя Праваслаўныя Цэрквы да нашых дзён – гэта былыя тэрыторыі Сусьветнага Патрыярхату, якім ён даваў аўтакефалію. І па кананічных прычынах Сусьветны Патрыярхат мае ў праваслаўным сьвеце першае месца», – заявіў ярарх.

Па прычыне існаваньня Кіеўскае Мітраполіі, якая аб'ядноўвала ўсіх праваслаўных Рэчы Паспалітай, Канстантынопаль даў без згоды Маскоўскага патрыярхату аўтакефалію Польскай Праваслаўнай Царкве ў 1924 годзе.

Кіеўска-Літоўская Мітраполія была непасрэдна падпарадкавана Канстанцінопалю да канца 17 стагодзьдзя, калі Маскоўскае царства захапіла Кіеў, а ў Вялікім Княстве Літоўскім – праіснавала да канца 18 ст., пакуль уся Беларусь была захоплена Масквою.

«На аснове чаго быў дадзены Томас ў 1924 годзе Польскай Праваслаўнай Царкве? Канстанцінопаль разглядаў Польскую Царкву як былую частку Кіеўскае Мітраполіі. Як мы ведаем, пры Мітрапаліце ​​Кіпрыяну Цамблаку Кіеўская Мітраполія знаходзілася ў межах Польска-Літоўскае дзяржавы, гэта значыць яе межы пашыраліся і на тэрыторыю Польшчы, і на Літву», – сказаў архіяпіскап.

Томас – пастанова прадстаяльніка памеснае Праваслаўнае Царквы па якім-небудзь важным пытаньні царкоўнай арганізацыі. У тым ліку Томас можа даваць частцы Царквы правы аўтаноміі (частковага самакіраваньня) альбо аўтакефаліі (поўнага самакіраваньня).

Са слоў архіяпіскапа зразумела, што кананічнай тэрыторыяй Канстанцінопальскага Патрыярхату лічыцца і Беларусь як былая й галоўная частка Вялікага Княства Літоўскага, якая таксама ўваходзіла ў Кіеўскую Праваслаўную Мітраполію.

«Калі ў 1924 годзе Канстанцінопаль дараваў аўтакефалію Польскай Царкве на падмурку Кіеўскае Мітраполіі, чаму сёньня Канстанцінопаль ня меў бы права даць самой Кіеўскай Мітраполіі стан аўтакефаліі? Калі гэта было магчыма ў 1924 годзе – гэта магчыма і сёньня»,падсумоўвае ярарх.