Выстава Алега Аблажэя ў Нью-Ёрку

posted Jan 23, 2011, 11:20 AM by Belarusian Church
Аккурат у сярэдзіне студзеня, калі Новы Ёрк змагаўся з наступствамі чарговага сьнегападу небывала сьнежнай зімы, у грамадскай залі на 401 Атланцік Авэню было надзвычайна ўтульна і цёпла. 

Да нас завітаў з дарагой усім Віленшчыны вядомы беларускі мастак Алег Аблажэй. Ён прывёз з паўсотні твораў, якія ў гэты дзень, 16-га студзеня, і былі выстаўленыя для агляду. 



Мастак нарадзіўся на наваградчыне. А зараз жыве і працуе ў Вільні. 


Яго творчасьць – гэта ўхваленьне прыгажосьці і жанчыны. Вельмі чыстыя і далікатныя вобразы глядзяць з многіх яго карцін. Уражвае талент мастака ў стварэньні касьцюмаў для сваіх герояў – якія часта з’яўляюцца персанажамі для ілюстрацый казак і апавяданьняў. У яго партрэтах захоплівае здольнасьць вельмі дакладна перадаць характар чалавека. 


Для прысутных было цікава даведацца, што мастак плённа працуе і ў галіне літаратуры. Алег піша вершы і казкі, эсэ і артыкулы. Ёсьць цалкам зробленыя ім кнігі, дзе ён пісьменьнік і, адначасова, ілюстратак свайго твору. Да таго ж Алег Аблажэй супрацоўнічае з шэрагам літувіскіх і беларускіх газэт і часопісаў. 


У цёплай сяброўскай атмасферы людзі дзяліліся ўражаньнямі, мелі магчымасьць задаць пытаньні. Сваю высокую адзнаку і дэталёвы аналіз даў вядомы палітычны дзеяч і мастацтвазнаўца Зянон Пазьняк. 


Дадатковую прыемнасьць гасьціннай сустрэчы надалі смачныя стравы падрыхтаваныя сястрынствам парахфіі. Арганізатарам жа сустрэчы стаўся бруклінскі аддзел БАЗА, які запрасіў мастака і арганізаваў ягоны побыт і адпачынак тут у Амэрыцы. 

Шчасьлівы прысутны
Comments