Вербная нядзеля

posted Apr 16, 2011, 4:44 PM by Belarusian Church   [ updated Apr 18, 2011, 5:32 AM ]

Дарагія сябры!

У апошнюю нядзелю перад сьветлым Вялікаднем усімі хрысьціянамі сьвету сьвяткуецца ўрачысты ўваход Гасподні ў Іерусалім. У гэты дзень у царквах праходзяць асаблівыя службы – асьвячаюцца галінкі вярбы, якія замяняюць пальмавыя. Імі сустракалі Ісуса Хрыста ў Іерусаліме. Вярба служыць знакам перамогі Хрыста над сьмерцю і нагадвае пра будучае ўваскрасеньне ўсіх зь мёртвых.

Нашыя продкі лічылі, што асьвечаныя галінкі вярбы валодаюць велізарнай сілай. Імі паціхеньку білі адзін аднаго, і ў першую чаргу дзяцей, пры гэтым жадаючы здароўя.

Вярба б'е, не я б'ю.
За тыдзень — Вялікдзень.
Вярбовым дубцом,
Ды самым канцом.
Уставай рана быдла гнаць,
Не забудзься лусты ўзяць.

Не я б'ю, вярба б'е
На той дзень — Вялікдзень.
Будзь здарова, як вада,
I багата, як зямля.

Галінкі вярбы, прынесеныя з царквы, звычайна хаваюцца, і ў выпадку летняй навальніцы, а ў асаблівасці граду, іх выкідваюць на двор з ўпэўненасьцю, што ад гэтага навальніца спыняецца, і град перастае ісьці.
Прыйшоўшы з царквы, гаспадар кідае галінкі вярбы ў ежу жывёлы з надзеей на тое, што гэта засьцеражэ і яе ад хваробы.

Некалькі галінак ўтыкалі пад дах хаты або хлява, каб скаціна ня толькі захавалася ў цэласці, але й дадому вярталася, не гублялася ў лесе.
У некаторых месцах існуе меркаванне, што асьвечаная вярба, кінутая супраць ветру, праганяе буру, кінутая ў полымя - спыняе дзеяньне вагню, а ўваткнутая ў поле
- беражэ пасевы.

У нядзелю, 17 красавіка ў царкве сьвятога Кірылы Тураўскага Багаслужба пачнецца а 10-й гадзіне раніцы. Прыходзьце, калі ласка, разам зь дзеткамі і знаёмымі.

Рада парафіі сьвятога Кірылы Тураўскага.

Вясна, 2011

Comments