ВЯЛІКОДНАЕ АРХІПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ

posted Apr 23, 2022, 2:21 PM by Belarusian Church   [ updated Apr 23, 2022, 2:33 PM ]

Годнаму сьвятарству й вернікам

Беларускае  Аўтакефальнае  Праваслаўнае  Царквы,

якія жывуць на Бацькаўшчыне і ў Замежжы.

 

“...Бо ад сьмерці да жыцьця і ад зямлі ў нябёсы,

Хрыстос Бог нас узьняў, што песьню перамогі пяём.”

 (Песьня 1-я Велікоднага Канону)

 

Любыя вялебныя айцы, браты й сёстры ў Хрысьце!

            Штогод урачыстае сьвяткаваньне Ўваскрасеньня Хрыстовага прымушае нас задумацца пра значэньне гэтае падзеі для нас і якімі пасьлядоўнікамі Хрыста ёсьць мы цяпер. Праваслаўная Царква на працягу свайго існаваньня не зьмяняла свае погляды на Бога, на жыцьцё і сьмерць, сьвятасьць і грэх, дабро і зло. Божыя Запаветы дадзены чалавеку назаўсёды, іх немагчыма прыстасоўваць пад сябе альбо пад некія абставіны.

Гэтае галоўнае хрысьціянскае сьвята сустракаем сёлета ўва ўмовах вайны ў суседняй братняй Украіне. Хрысьціянскі цывілізаваны сьвет стаіць на баку дабра, дапамагаючы Ўкраінскаму народу абараніцца ад агрэсіі расейскае імперыі зла, якая марыць паглынуць і Беларусь. Сапраўдныя хрысьціяне ня могуць ня бачыць зла, якое нясе так званы “расейскі сьвет”. Тыя, хто праводзіць альбо падтрымоўвае гэтую агрэсію – апантаныя д’яблам, іх можна параўнаць зь Юдам, які зрадзіў Хрыста, але былы Хрыстовы вучань выглядае пабожным на фоне бамбёжак і растрэлаў мірных украінскіх жыхароў.

            Вера ўва Ўваскрасеньне Хрыстовае дапамагае пераадольваць страх перад сьмерцю, якую нясе вайна, і гэта вельмі неабходна ваярам сьвятла й дабра. Гэтае галоўнае хрысьціянскае сьвята стала падмуркам нашае веры ў перамогу жыцьця над сьмерцю, сьвятла над цемраю, праўды над хлусьнёю. Мэта Хрысьціянства – гэта ўсталяваньне раю на Зямлі, дзе будзе пераадолена ўсялякае зло ў супольстве і ў душы кожнага чалавека.

Віншую зь Вялікаднём ўсіх беларусаў, якія жывуць на Бацькаўшчыне і ў Замежжы, у тым ліку й беларускіх дабраахвотнікаў, якія дапамагаюць Украінскаму народу абараняцца ад маскоўскае арды.

 

Хрыстос Уваскрос!  Сапраўды Ўваскрос!

 

Зь любасьцю й малітвамі,

Сьвятаслаў, архіяпіскап БАПЦ.   

     Вялікдзень, 2022 лета Божага.

Comments