ВЯЛІКОДНАЕ АРХІПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ

posted May 1, 2021, 8:31 AM by Belarusian Church   [ updated May 1, 2021, 8:42 AM ]

Годнаму сьвятарству й вернікам

Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы,

якія жывуць на Бацькаўшчыне і ў Замежжы.


Вялік, сьвяты нам дзень настаў, у славе з гробу ўсім зазьзяў –

Хрыстос Васкрос – нам даў жыцьцё,

Хрыстос Васкрос, Хрыстос Васкрос!...”

(Вялікодная песьня валачобнікаў)


Любыя айцы, браты й сёстры ў Хрысьце!

Другі год запар сустракаем Вялікдзень у асаблівых умовах абмежаваньняў, калі шмат людзей хварэе й памірае ад згубнае пошасьці. Гэтыя абставіны застаўляюць нас задумацца пра сувязь фізычнага з нашым духоўным жыцьцём, пра неабходнасьць не ўтрачаць жывую сувязь з Богам, каб сьмерць не напаткала нас у духоўным сьне. Прысутнасьць Госпада ў нашым жыцьці адчуваецца праз Малітву, праз выкананьне запаветаў Божых. Сувязь з Госпадам неабходная дзя таго, каб мы набіралі духоўныя веды і духоўны патэнцыял – каб мелі жыцьцёвую Духоўную сілу ў сваім зямным жыцьці, і які дасьць нам увайсьці ўва Ўладарства Нябеснае, і раскрыецца ў поўнай меры пасьля нашае фізычнае сьмерці, калі працягвае жыць ужо толькі нашая душа.

Часам, горш за згубныя хваробы могуць быць дзеі людзей, як цяперашняя ўлада на Радзіме згубіла сувязь з народам, не жадае служыць яму, а хоча каб ёй усе служылі. Нават Госпад прыйшоў, кам Самаму паслужыць людзям. Таму відавочна, што такая ўлада не ад Бога, бо ня мае яна хрысьціянскае любові да Бога і да блізкіх, якая адкрыта паўстала супраць волі свайго народу. Па-хрысьціянску жадаем, каб шлях беларусаў да лепшае долі ня быў такім пакутным, таму нам цяжка вытрымаць гэтую жахлівую беларускую рэчаіснасьць. Але людзі не павінныя жыць у страху, чаму й вучыць нас найбольшае хрысьціянскае сьвята – Ўваскрасеньне Хрыстовае. Таму з асабліваю ўдзячнасьцю падзяляем Вялікодную радасьць з палітзьняволенымі, якія цяпер пакутуюць за праўду ў беларускіх турмах, молімся за іх і памятаем пра блізкіх нам па духу, хто аддаў сваё жыцьцё за волю й незалежнась Беларусі, за ейную будучыню.

Зычу ўсім нам, каб пазбавіцца Богазахаванаму народу нашаму ад горкае пакуты – незаконнае бязбожнае ўлады ў Беларусі, каб у нас саміх усталяваць аднадушнасьць, браталюбнасьць і дабрачэсьце.

І каб радасна і ўрачыста беларусы павіншавалі адзін аднаго і сваіх суайчыньнікаў на Бацькаўшчыне і ў Замежжы:

Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Ўваскрос!


Зь любасьцю й малітвамі,

Сьвятаслаў, архіяпіскап БАПЦ. Вялікдзень, 2021 лета Божага.

Comments