ВЯЛІКОДНАЕ АРХІПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ

posted Apr 27, 2019, 7:04 AM by Belarusian Church

Image result for вялікдзеньГоднаму сьвятарству й вернікам

Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы,

якія жывуць на Бацькаўшчыне і ў Замежжы.


Усе ж мы вераю Боскае Пасхі прычасьціліся,

намажам вусны Божаю кроўю, што ёсьць

сутнасьцю – духоўнаму дому дзьвярыма,

каб не падступіліся д’ябалы,

што хочуць нас забіць грахом.”

(сьв. Кірыла Тураўскі “На Сьвятую Пасху казань”)


Любыя айцы, браты й сёстры ў Хрысьце!

Хрысьціяне штогод з радасьцю сустракаюць сьвята Ўваскрасеньня Хрыстовага, бо гэтая падзея ёсьць доказам вечнага жыцьця для нас, таму й называем яго – Вялікдзень. Дзеля перамогі над сьмерцю Хрыстос панёс пакуты й прыняў сьмерць на крыжы і Ўваскрос. Ён прынёс Сябе ў ахвяру, каб выкупіць грахі ўсяго чалавецтва. Таму сам Крыж для нас ёсьць ня толькі сымбалем і знакам, але й зброяй Хрыстовае перамогі.

Хрыстос прыйшоў да людзей не для таго каб яму служылі, а каб Самому паслужыць. Ад Свайго нараджэньня Яго перасьледвалі, і ўсё Сваё жыцьцё Ён, як Ўладар не зямны, а нябесны, набліжаўся не да каралеўскага трону, а да Крыжа. Гэта забавязвае й нас ісьці за Хрыстом – несьці свой жыцьцёвы Крыж. Але часта ўладары зямныя йдуць не хрысьціянскім шляхам. Так, на Крыжапаклонным тыдні ў палове Вялікага паста, які ўсталяваны дзеля духоўнага абнаўленьня вернікаў, у Беларусі ўлады зносілі крыжы ў Курапатах, якія былі ўсталяваны на могілках нашых дзядоў, растраляных маскоўска-бальшавіцкім рэжымам. Але зь гісторыі вядома, што бывае з тымі, хто ваюе з Богам і са сваім народам.

Сьвята Ўваскрасеньня паказвае нам, што дабро мацней зла. Таму мы павінны заўсёды змагацца за праўду. Няхай нам у гэтым дапаможа Бог, Прасьвятая Багародзіца і ўсе Беларускія Сьвятыя і ўсе Сьвятыя.

І радасна павіншуем адзін аднаго і ўсіх нашых суайчыньнікаў:

Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Ўваскрос!


Зь любасьцю й малітвамі,

+ Сьвятаслаў, Архіяпіскап БАПЦ

Вялікдзень, 2019 л.Б. 

Comments