![]() Годнаму сьвятарству й вернікам Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, якія жывуць на Бацькаўшчыне і ў Замежжы. “Хрыстос Васкрос!... Неўгамонна Плыве па нівах, пушчах клік, Плыве адна сьвятая думка З канца ў канец, як сьвет вялік.” (Янка Купала) Дарагія браты й сёстры ў Хрысьце! Кожны год урачыста сьвяткуем галоўнае хрысьціянскае сьвята – Уваскрасеньне Хрыстовае. Але далёка ня кожны хрысьціянін заглыбляецца ў тайну выкупленьня Сынам Божым усяго чалавецтва, у Ягоную перамогу над сьмерцю. Людзям, як зямным істотам, цяжка зразумець, а многім і паверыць у цуды, у якіх самыя не былі ўдзельнікамі ці сьведкамі, не адчулі іх на сабе. Цяжка думкаю акунуцца ў той далёкі час, калі жыў на зямлі Ісус Хрыстос. Але можам і цяпер, у сваім жыцьці, убачыць людзей, падзеі і цуды, падобныя на тыя, што адбываліся дзьве тысячы гадоў таму на Сьвятой зямлі. Сёньня таксама навокал нас жывуць схожыя персанажы. Маем цара Ірада, які паводзіцца як акупант, жаўнёраў і чыноўнікаў, якія служаць яму, а не сваёй краіне й народу. Бачым, як справядлівых людзей засуджваюць за праўду, і як юды зраджваюць свой народ. Ёсьць і “жанчыны-міраносьбіткі”, якія нічога не баяцца, і ад іхняе малітвы нават расступаецца натоўп жаўнёраў. Атрымалі мы ў спадчыну ад дзядоў і сьцяг Хрыста – колеру пралітае крыві на чыстым беззаганным шляху, які цяпер перасьледваецца, як калісьці перасьледвалі саму Хрысьціянскую веру. Можна ўбачыць і хварысеяў, што моляцца ў нашых старажытных храмах, але для якіх Хрысьціянскія каштоўнасьці не на першым месцы, таму сапраўднае любові да свае краіны і свайго народу яны ня маюць. Але бачым і Божую дапамогу і Ягоныя цуды. Бо інакш, як мог адрадзіцца народ амаль зь небыцьця? На нашых вачох абрынулася Імпэрыя зла, аб чым шчыра маліліся ў сваіх храмах суайчыньнікі на Выгнаньні. Пабожны народ наш заўсёды захоўваў веру, і тады, калі пакутваў ад суседзяў, таму Ўсявышні дапамагаў яму сцьвярджацца ў вечнасьці. Няхай Бог пачуе нашу малітву і ў гэты лёсавызначальны час для нашае Бацькаўшчыны. Хрыстос Уваскрос! Уваскрэсьне Беларусь! Зь любасьцю й малітвамі, + Сьвятаслаў, Архіяпіскап БАПЦ Вялікдзень, 2017 л.Б. |
Навіны - Галоўная >