ВЯЛІКОДНАЕ АРХІПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ

posted Apr 29, 2016, 7:43 PM by Belarusian Church   [ updated Apr 29, 2016, 7:44 PM ]

писанка

Годнаму сьвятарству й вернікам

Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы,

якія жывуць на Бацькаўшчыне й на Чужыне.


... сёньня анёлы зь людзьмі радуюцца і людзі ў

Богу прасьвятляюцца, прымаючы Сьвяты Дух.”

(сьв. Кірыла Тураўскі “Казаньне на сьвятую Пасху”)


Дарагія браты й сёстры!

ХРЫСТОС УВАСКРОС!

Штогод мы так віншуем адзін аднаго з найвялікшым хрысьціянскім сьвятам – Уваскрасеньнем Хрыстовым! Сын Божы прыняў цела чалавека й быў укрыжаваны і ўваскрос, каб перамагчы сьмерць. Вера ў васкрослага Хрыста дала людзям патрэбу знайсьці Боскую ісьціну, якая робіць іх духоўна вольнымі й шчасьлівымі. Гэтая падзея, якая адбылася амаль дзьве тысячы гадоў таму, паяднала чалавека з Богам і дала нам надзею на вечнае жыцьцё. Без любові, якую прынёс Хрыстос, не магчыма пераадолець свае грахі й быць у яднаньні з Госпадам, бо Дабравесьце вучыць нас: “Па тым пазнаюць усе, што Вы мае вучні, калі будзеце мець любоў паміж сабою.” (Ян. 13:35). Таму той, хто прыняў Хрыста да свайго сэрца, мае любоў да Бога і да блізкага.

Зычу ўсім суайчыньнікам, якія жывуць у Беларусі і ў Замежжы, у гэтыя сьвяточныя дні напоўніць свае сэрцы любоўю да сваіх блізкіх, да свае Бацькаўшчыны, да свае мовы, да Беларускае Царквы, да ўсяго духоўнага скарбу, які захавалі й перадалі нам нашыя дзяды.

Молімся таксама й за ўсіх хрысьціянаў, каб кожны народ мог славіць Бога ў сваёй Царкве, паводле сваіх традыцыяў і абрадаў, на сваёй роднай мове.

Ласка ўваскрослага Госпада нашага Ісуса Хрыста, любоў Бога Айца й супольнасьць Сьвятога Духа няхай будуць з усімі вамі !

Сапраўды Хрыстос Уваскрос !


Зь любасьцю й малітвамі,

+ Сьвятаслаў, Архіяпіскап БАПЦ

Вялікдзень, 2016 л.Б.