ВЯЛІКОДНАЕ АРХІПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ

posted Apr 11, 2015, 4:51 PM by Belarusian Church   [ updated Apr 11, 2015, 4:57 PM ]

ВЯЛІКОДНАЕ АРХІПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ 

Годнаму сьвятарству й вернікам 

Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, 

якія жывуць на Бацькаўшчыне й на Чужыне. 

 

Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, 

калі будзеце мець любоў між сабою.” (Ян. 13:35)


Дарагія браты й сёстры ў Хрысьце !

Віншую вас з найвялікшым сьвятам – Уваскрасеньнем Хрыстовым ! Сьвяткаваньне Вялікадня штогод застаўляе нас задумацца пра значэньне гэтае падзеі для ўсіх нас, і якімі пасьлядоўнікамі Хрыста ёсьць мы цяпер. Ахвяраю Хрыста быў пераможаны грэх і адноўлены ў чалавеку вобраз Божы, і мы атрымалі жыцьцё вечнае і веру, мацнейшую за пакуты.

Але мала верыць у Васкрослага Хрыста, трэба самому ахвяраваць і змагацца ў сваёй душы, каб дасягнуць хрысьціянскія каштоўнасьці, тады душа такога хрысьціяніна яднаецца з Богам.

Як без Хрыстовае ахвяры не было б Ягонага Ўваскрасеньня, так і без нашае ахвяры Госпаду ня можна наблізіць нашыя душы да Яго.

Часам некаторыя ня хочуць жыць за законамі дабра, а толькі прыкрываюцца Хрыстовай верай, зь нянавісьцю адносяцца да іншых краінаў і народаў, не разумеючы, што Хрысьціянства – гэта любоў.

Беларускі народ, як і іншыя народы, можа найлепей разумець і выяўляць хрысьціянскую веру паводле сваіх нацыянальных асаблівасьцяў, якія ён атрымаў ад сваіх дзядоў. Менавіта таму мы павінны захоўваць сваё нацыянальнае багацьце і на гэтых духоўных скарбах будаваць сваю будучыню, з павагаю адносячыся і да чужога.

Любіць Госпада – значыць любіць блізкага, а любіць блізкага – значыць адносіцца да яго так, як бы ты адносіўся да самога Госпада.

І тады вельмі актуальным і ў наш час, як дзьве тысячы гадоў таму, будзе Вялікоднае віншаваньне:

Хрыстос Уваскрос ! – Сапраўды Ўваскрос !


Зь любасьцю й малітвамі ,

Архіяпіскап + Сьвятаслаў, Першаярарх БАПЦ

Вялікдзень, 2015 л.Б.