ВЯЛІКОДНАЕ
АРХІПАСТЫРСКАЕ
ПАСЛАНЬНЕ
Годнаму сьвятарству й вернікам Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, якія жывуць на Бацькаўшчыне й на Чужыне.
“... палюбеце ж адзін аднаго, як Я палюбіў вас.” (Ян. 15:12)
Дарагія браты й сёстры ў Хрысьце ! Штогод, на працягу амаль дзьвюх тысячаў гадоў, хрысьціяне сьвяткуюць найбольшае сваё сьвята – Уваскрасеньне Хрыстовае. Зноў мінуў літургійны год і Царква, праходзячы гадавое кола Набажэнстваў, вяртаецца да сьвяткаваньня галоўнага сьвята – Вялікадня. Але час ня йдзе па колу, а няспынна ляціць уперад. Праваслаўная Царква на працягу свае гісторыі не зьмяняла свае погляды на Бога, на жыцьцё і сьмерць, сьвятасьць і грэх, дабро і зло. Але самое чалавецтва жыве ня толькі духоўным, а й фізычным жыцьцём, таму зьмяняюцца пакаленьні і сьветапогляды людзей, зьмяняюцца адносіны паміж людзьмі і цэлымі народамі, асабліва калі нехта зь іх пераступае хрысьціянскія законы. Часам зьмены ў душах людзей адбываюцца вельмі хутка. Так Беларускі народ, які жыве пасярод іншых хрысьціянскіх народаў, надаваў болей павагі і спадзяваньня на Ўсходняга суседа, які клікаў сябе “старшым братам”, даруючы яму старыя гістарычныя крыўды, лічачы іх даўно мінулымі. Але апошнія падзеі, калі суседняя Ўкраіна падвергнулася расейскай агрэсіі, прымушаюць ліцьвінаў-беларусаў задумацца і над сваім лёсам, бо й Беларусь можа апынуцца пад загрозаю націску таго ж хлуслівага агрэсара. І як калісьці Хрыстос прынёс сябе ў ахвяру за людзей, так і кожны з нас павінен змагацца за свой народ, што й рабілі ўсе пакаленьні нашых продкаў, і калі патрэбна было, аддавалі жыцьцё за сваю Бацькаўшчыну. Бо як сказана ў Сьвятым Пісаньні: “Няма большае за тую любоў, як хто пакладзе душу сваю за блізкіх сваіх”. Каб любоў заўсёды перамагала – неабходна жыць паводле Хрыстовых запаветаў, тады хрысьціяне шчыра будуць віншаваць адзін аднаго: Хрыстос Уваскрос ! – Сапраўды Ўваскрос !
Зь любасьцю й малітвамі , Архіяпіскап + Сьвятаслаў, Першаярарх БАПЦ Вялікдзень, 2014 л.Б. |
Навіны - Галоўная >