ВЯЛІКОДНАЕ АРХІПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ

posted Apr 23, 2011, 7:12 AM by Belarusian Church   [ updated Apr 23, 2011, 7:19 AM ]

Дастойнаму сьвятарству й вернікам 

Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, 

якія жывуць на Бацькаўшчыне і на Чужыне.

 

“...Хто верыць у Мяне, калі і памрэ,- ажыве” (Ян 11:25)

  

  Дарагія браты і сёстры ў Хрысьце !

Кожны год, сьвяткуючы галоўнае Хрысьціянскае Сьвята, не перастаем дзівавацца тайне Ўваскрасеньня Хрыста, бо гэтая падзея ёсьць доказам вечнага жыцьця, якая дае нам сілы перамагаць у сабе зло, імкнуцца дасягаць духоўнай вышыні і лучнасьці з Богам.

         У гэтым годзе беларусы сустракаюць Вялікдзень, як і мінулыя Каляды, са смуткам у душы, бо ў часе Вялікага і Каляднага пастоў у Беларусі пралілася кроў. У абаіх выпадках ахвяры пакутвалі за свой народ, бо на іхным месцы мог апынуцца кожны. Асабліва мы сумуем па загінуўшым, але не таму, што ня верым у іхнае вечнае жыцьцё, а таму што нам боляча разлучацца з-за любові да іх - нашых суайчыньнікаў.

         Уваскрасеньне Хрыста даказвае, што Ён ёсьць Богам і Ягонае вучэньне ёсьць сапраўдным і Ён, як Уладар Нябесны, не памыляецца. А памыляцца і несьці зло людзям могуць уладары зямныя, якія , не карыстаючыся Божымі Запаветамі, ствараюць “Чарнобылі” і “Курапаты”, і якія часам не жадаюць, каб народ меў тую духоўную сілу, якая яднаючы яго, дае яму ўпэўненасьць у неабходнасьці змагацца за праўду і разуменьне таго, што толькі свая нацыянальная дзяржаўнасьць зможа абараніць яго як этнас, і што чужыя Цэрквы ня будуць маліцца за яго.

Але ў сьвятле Хрыстовае перамогі жыцьця над сьмерцю, мы бачым, што дабро мацней зла.

         Таму ў сваіх малітвах папросім Госпада, каб шлях, па якім Беларускі Народ нясе свой Крыж дзеля свайго сцьвярджэньня ў вечнасьці, быў меней пакутным. І радасна павіншуем адзін аднаго:

          Хрыстос Уваскрос !   Уваскрэсьне Беларусь !

 

Зь любасьцю й малітвамі ,

+ Сьвятаслаў

Кіруючы Япіскап Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы

Вялікдзень, 2011 л.Б.

Comments