Вялікоднае архіпастырскае пасланьне

posted Sep 13, 2010, 10:49 PM by Belarusian Church
Дастойнаму сьвятарству й вернікам 
Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.
“...Дык ідзеце, навучайце ўсе народы...” (Мц.28:19)

Віншую вас, браты й сёстры зь Вялікім Сьвятам нам сьвятамі, трыумфам неба і адноўленай зямлі – Уваскрасеньнем Хрыстовым! Гэтае галоўнае Хрысьціянскае сьвята сымбалізуе сабою перамогу дабра над злом, жыцьця над сьмерцю, прыпамінае нам пра абавязак жыць за законамі дабра й Хрысьціянскае маралі паводле Божых запаветаў, дае надзею на перамогу справядлівасьці й узмацоўвае нас у веры ў жыцьцё вечнае.

Адначасовае сьвяткаваньне Вялікадня ў гэтым годзе ўсімі хрысьціянамі ўсяго сьвету прымушае й усіх беларусаў-хрысьціянаў розных канфэсіяў і юрысдыкцыяў, якія жывуць як на Бацькаўшчыне, так і на Чужыне, задумацца аб супольнасьці хрысьціянскіх каштоўнасьцяў і духоўна-нацыянальнае спадчыны, адзінстве й лучнасьці Беларускае нацыі.

Жадаю ўсім суайчыннікам у гэтыя сьвяточныя дні адчуць паўнату Хрысьціянскае веры, напоўніць свае сэрцы любоўю, супольна паднесьці Вялікодную малітву за сваю сям’ю й блізкіх, свой край, за ўвесь Беларускі народ, а нацыянальным змагарам – яшчэ й дадаць веры ўва ўласныя сілы ў барацьбе за хрысьціянскую й дэмакратычную Беларусь!

Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Ўваскрос!

З малітваю,
+ Сьвятаслаў

Япіскап Наваградзкі і Паўночна-Амерыканскі БАПЦ
Вялікдзень, 2010 л.Б.
Comments