17 траўня 2011 г. ў Менску адбылося ўшанаванне светлай памяці Мітрапаліта Менскага і Беларускамга Мельхісадэка пад знакам 80-х угодкаў з дня яго раптоўнага спачыну ў Маскве ў храме перад самым пачаткам багаслужбы. У гонар святога нашага айца-пакутніка за беларускую аўтакефалію Мітрапаліта Мельхісадэка (Міхала Паеўскага) ў былым архірэйскім панадворку на будынку цяперашняга інстытута тэалогіі БДУ ( прасп. Незалежнасці, д. 24), што побач з Домам афіцэраў, была ўстаноўлена вялікая бронзавая памятная дошка на ўсё вакно з скульптурным партрэтам МІтрапаліта Мельхісадэка ў клабуку (скульптар Ганна Інькова). Надпіс зроблены па-беларуску, хоць і з царкоўнаславянізмам: праасвяшчэннаму. Праўда, пабаяліся назваць Мітрапалітам Беларускім і Менскім. Малітву за пакутнікаў айцоў, у тым ліку і Мельхісадэка, і асвячэнне мемарыяльнай скульптуры справіў сучасны Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт ад БПЦ МП са сваімі святарамі і прыслужнікамі. У зьбіраньні коштаў на выраб і ўсталеваньне памятнае дошкі прымалі ўдзел вернікі і Парахвіі БАПЦ на эміграцыі, якія атрымалі пісьмовую падзяку ад Беларускага Праваслаўнага Брацтва Трох Віленскіх Мучанікаў, якое каардынавала сбор сродкаў. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця мемарыяльнай дошкі і кароткай багаслужбе прыняла ўдзел і дэлегацыя ад Свята-Афрасінеўскай менскай суполкі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (праванаступніцай Праваслаўнай Царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім) айцец Леанід Акаловіч, Гянадзь Дрозд, Мікола Бамбіза, Анатоль Валахановіч і Валадзімер Ліпскі. Мы ўсклалі кветкі да падножжа мемарыяльнага знаку. Ад БПЦ на падваконне з памятнай дошкай змясцілі гірлянду. Уладыка Філарэт цікавіўся нашай дэлегацыяй і нават дабраславіў нас. У актавай зале інстытута тэалогіі адбыліся навукова-асветніцкія чытанні "Жыццё і служэнне Мітрапаліта Мелхіседэка", зладжаныя праваслаўным брацтвам трох віленскіх мучанікаў, на якіх заслухалі 10 дакладаў. Найбольшую цікавасць выклікаў даклад навукоўца і грамадскага дзеяча Тацяны Процькі сваёй навізной фактаў з дзейнасці светлай памяці Мітрапаліта Менскага і Беларускага Мельхісадэка. У дыскусіі па дакладах выступіў айцец Леанід Акаловіч, адзначыўшы першаступенную ролю ў адраджэнні беларускай аўтакефаліі першага мітрапаліта БАПЦ ў 20-м ст. Мітрапаліта Менскага і Беларускага Мельхісадэка, а таксама паведаміў пра блізкія другія Мельхісадэкаўскія чытанні, падрыхтаваныя менскай суполкай БАПЦ, як і партрэт, мядаль, канверт, каляндарык, прысвечаныя Мітрапаліту Менскаму і Беларускаму Мельхісадэку. Да 80-годдзя памяці Мітрапаліта Мельхісадэка выдадзены таксама буклет "Праасвяшчэнны МЕЛХІСЕДЭК (Паеўскі) 15.11.1879 -- 17.05.1931" , дзе ёсць фатаздымкі бацькі Мельхісадэка Ільва Паеўскага (1850--1919), брата Валадзімера, у якога жыў Мельхісадэк у Маскве, крыж на магіле Мітпр. Мельхісадэка і інш. Ва ўшанаванні светлай памяці Мітрапаліта Мельхісадэка ўдзельнічала ўнучка па брату мельхісадэкавым Валадзімеру Ганна Лявонаўна Бадурава (Бадуран) і яе сын Яўген Шалягеда, з якімі айцец Леанід Акаловіч устанавіў шчыры кантакт і ўдакладніў радавод Паеўскіх. Суполка Сьв. Афрасіньні Полацкае БАПЦ ў Менску Зварот да ўдзельнікаў адкрыцьця памятнае шыльды ў гонар Мітрапаліта Мелхісадэка, дасланы Беларускаму Праваслаўнаму Брацтву Трох Віленскіх Мучанікаў у Менску Браты і сёстры ў Хрысьце ! Зьвяртаюся да прысутных на адкрыцьці памятнае шыльды ў гонар Мітрапаліта Мелхісадэка, і да тых, хто да гэтай падзеі прыклаў свае сілы і веру. Ягоны пакутны архіпастырскі шлях адбываўся пры бязбожнай уладзе ў часе рэпрэсіяў, але нават у такіх умовах ён супольна са сьвятарствам і пастваю будаваў Беларускае Праваслаўе, якое працягвало жыць і разьвівацца на Эміграцыі пасьля Другое Сусьветнае вайны. Сьвяценьнік Мелхісадэк быў атручаны ў 1931 годзе ў адным з маскоўскіх храмаў у часе Набажэнства і ёсьць Беларускім навамучанікам, падзяліўшы лёс ярарха Праваслаўнае Царквы ў Польшчы Мітрапаліта Юрыя Ярашэўскага й Патрыярха Грузінскага Кірыёна, забітых раней расійскімі шавіністамі, а таксама – мільёнаў праваслаўных, зьнішчаных расійска-бальшавіцкім рэжымам. Беларускія праваслаўныя вернікі на Чужыне цяпер супольна з суайчыньнікамі на Бацькаўшчыне сабралі сродкі на ўвекавечаньне ў сталічным Менску памяці ярарха Беларускае незалежнае Праваслаўнае Царквы, то й прыйдзе час, калі мы супольна будзем маліцца ў Беларусі ў храмах адзінай Беларускай Памеснай Праваслаўнай Царквы, што й вымагаюць Праваслаўныя Каноны, і аб чым марыў наш вялікі сьвяценьнік, мучанік за веру й свой народ. Хрыстос Уваскрос ! Уваскросьне Беларусь і Беларускае Праваслаўе ! З малітвамі , япіскап Сьвятаслаў. 1/14 траўня 2011 лета Божага (Сьвмч. Макара, Мітрапаліта Кіева-Літоўскага) Катэдральны Сабор Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Нью Ёрку, ЗША |
Навіны - Галоўная >