17 траўня 2014 года ад Н. Х. ў дзень сьветлай памяці святарамучаніка Мельхісадэка Паеўскага, Мітрапаліта Менскага і Беларускага, у Менску Літоўскім вернікі парафіі Сьвятой Афрасіні Полацкай правялі акцыю памінаньня першага ярарха БАПЦ ў дзень ягонай пакутнай сьмерці ў Маскве ў 1931 г. Акт памінаньня адбываўся ў былым архірэйскім падвор'і ля Дома афіцэраў, дзе на адным з царкоўных будынкаў знаходзіцца памятная дошка-гарэльеф у гонар святарамучаніка Мельхісадэка. Якраз каля гэтага памятнага знаку і была зьдзейсьнена малітва за Мітрапаліта Мельхісадэка, прасьпявана "Вечная Памяць" і ўскладзены жывыя кветкі ды зробленыя напамяць фатаздымкі. Пасьля заканчэньня акцыі трое вернікаў і айцец Леанід Акаловіч былі затрыманыя амапацоўцамі і адвезеныя ў міліцэйскі пастарунак Ленінскага раёну г. Менска "для выясненія лічностей". Пасьля абшукваньня і апытаньня-"выясненія лічностей" затрыманыя былі неўзабаве адпушчаныя на свабоду. Акрамя таго, у самой Сьвята-Афрасінінскай суполцы была спраўлена яшчэ і багаслужба і Ліція ў знак памяці стмч. Мельхісадэка пры партрэце сьветлай памяці Мітрапаліта Менскага і Беларускага, які выканаў быў раней наш вернік-мастак Гянадзь Дрозд. Закончыўся Дзень памяці Сьвятога мучаніка за БАПЦ Мельхісадэка застольнай гутаркаю пра значэньне, ролю і спосабы ўшанаваньня яго ў БАПЦ і памінальнаю вячэраю. |
Навіны - Галоўная >