Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, якія жывуць на Бацькаўшчыне і ў Замежжы.
“А калі Хрыстос не ўваскрос, дык вера вашая марная; вы яшчэ ў грахох вашых.” (Кар. 15.17)
Любыя айцы, браты й сёстры ў Хрысьце! Сустракаем сьвята Ўваскрасеньня Хрыстовага ў гэтым годзе ў час, калі ўвесь сьвет спаткала ліхая навала згубнае хваробы і паўсюль маем вялікую колькасьць ахвяраў. У часе Вялікага посту на нас наклаліся дадатковыя цяжкія выпрабаваньні, якія заставілі абмяжоўваць сябе шмат у чым, нават – у наведваньні Божага храму. Да гэтага бальшыня людзей не задумвалася пра некія абмежаваньні для сябе, неразумеючы сэнс Паста (асабліва духоўны складнік яго) і шкоды ў празмерных вытворчасьці й спажываньні ўсёю нашаю цывілізацыяю, і неабходнасьці жыць у яднаньні з прыродаю, якая ёсьць таксама дарам Божым, як і жыцьцё чалавека. Клапоцячыся пра бясьпеку вернікаў, хрысьціянскія Цэрквы (і іншыя рэлігіі) заклікаюць цяпер усіх далучацца да набажэнстваў, гледзячы іх ужывую ў інтэрнэце, молячыся ўдома. У многіх узьнікаюць запытаньні: “Чаму толькі адна нашая вера ня можа абараніць нас ад гэтае (ці іншае) хваробы нават у бажніцах?” У храме Божым прысутная Ласка Сьвятога Духа, але гэта не адмяняе законаў прыроды, створанае самым-жа Госпадам. Чалавек створаны па выяве й падабенству Божаму (мае душу, розум, волю...), але маючы фізычнае цела, падвяргаецца й фізычнаму узьдзеяньню. Таму чалавек ня можа існаваць толькі спадзяючыся на Бога, не прыкладаючы самому ніякіх намаганьняў. Адпаведнае павучэньне бачым у Дабравесьці – калі д’ябал прапанаваў Хрысту кінуцца ў бездань, каб паказаць, што Божая сіла выратуе Яго. На што Хрыстос адказаў: “напісана яшчэ: не спакушай Госпада Бога твайго” (Мц.4:7). Бог, дапамагаючы людзям у іхным, як духовым, так і фізычным жыцьці, дапускае розныя выпрабаваньні, нават вельмі цяжкія – войны, эпідэміі... Але мэта Госпада – ня зьнішчыць чалавецтва, а даць нам Уладарства Божае. Таму галоўнае – не выратаваць цела, а збавіць душу, дзякуючы якой, мы маем жыцьцё вечнае, дзеля чаго Хрыстос і прыняў пакуты й сьмерць на крыжы, і Ўваскрос. Таму і ў гэтае сьвята Вялікадня ўзнясем малітву да Бога за маці-Беларусь, за наш народ, што жыве на Радзіме й па ўсяму сьвету, і ўрачыста павіншуем адзін аднаго: Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Ўваскрос!
Зь любасьцю й малітвамі, + Сьвятаслаў, Архіяпіскап БАПЦ; Вялікдзень, 2020 л.Б. |
Навіны - Галоўная >