Угодкі Слуцкага Збройнага Чыну

posted Dec 5, 2011, 7:59 PM by Belarusian Church
Вернікі БАПЦ з суполкі Сьвятой Афрасіні Полацкае на чале з айцом Леванідам прынялі ўдзел у сьвяткаваньні 91-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну. Зладзілі ж гэтыя ўрачыстасьці прадстаўнікі розных патрыятычных рухаў, канфесій і дэмакратычных партый Беларусі-Літвы. Удзельнікі сьвята на трох аўтобусах адведалі вёскі Грозава, Семежава і Вызну, гарады Слуцак і Старыя Дарогі, дзе ёсьць адпаведныя знакі -- памятныя крыжы і мемарыяльныя дошкі ў гонар Слуцкіх Змагароў за сваю Беларускую Народную Рэспубліку.


У Слуцку адбыўся агульны мітынг пад бела-чырвона-белымі сьцягамі з прамовамі і сьпевамі, рэй у якім вялі кіраўнікі Кансерватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ. А маладыя хлопцы і дзяўчаты прынялі прысягу сябра "Маладога Фронту" на вернасьць Госпаду Богу, Айчыне і БНФ. Айцец Леванід дабраславіў і асяніў крыжом сучасных юных змагароў і прамовіў малітву за ўвесь Беларускі (Літоўскі) Народ.


А на самым пачатку ўрачыстых акцыяў яшчэ ў Грозаве, ля старога мемарыяльнага крыжа па слуцкіх змагарах, а. Леванід зачытаў Зварот Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы з нагоды ўгодкаў Слуцкага Збройнага Чыну. Ува ўсіх вышэй названых памятных мясцінах Слуцкага Збройнага Фронту БНР спраўляліся а. Леванідам ці то ліція , ці то малітва за палеглых у баі або забітых бальшавікамі слуцкіх паўстанцах-змагарах за Бацькаўшчыну, ці то заўпакойная малітва, асьвячаліся крыжы...


У Старых Дарогах, на сядзібе-Музеі нябожчыка Анатоля Белага, таксама, як і ў іншых мясьцінах, да памятных знакаў у гонар Слуцкага Збройнага Чыну ўскладваліся кветкі і вянкі, запальваліся зьнічы... Удзельнікі старадароскай акцыі памянулі нядаўна супачылага і тут пахаванага сьветлай памяці Анатоля Белага, які ў сваім доме-музеі заўсёды гасцінна прымаў у зладжаным сумесным застоллі ўсіх удзельнікаў-вандроўнікаў па гераічным Слуцкім Збройным Чыне.


Ува ўсіх адведаных мясцінах Слуцкага Збройнага Чыну на заканчэньні сьпявалі наш царкоўны гімн "Магутны Божа", а таксама " Мы выйдзем шчыльнымі радамі" ды іншыя хваласьпевы на знак павагі і ўдзячнасьці слуцкім змагарам пад кіраўніцтвам слаўнага барда і экскурсавода па мясцнінах Слуцкага Збройнага Фронту БНР Аляксея Галіча.

Здымкі: Juras Navicki

Comments