У Аўстраліі памёр беларускі святар Аляксандр Кулакоўскі

posted Sep 13, 2010, 10:42 PM by Belarusian Church
Аляксандр Кулакоўскі з удзельніцамі гурта "Каліна" і госцяй з Беларусі на ганку царквы ў Мельбурне. Сакавік 2003 г.

У Мельбурне (Аўстралія) 18 сакавіка памёр беларускі праваслаўны святар Аляксандр Кулакоўскі. Ён не дажыў сем дзён да 25 сакавіка — свайго 85-га дня нараджэння.

Аляксандр Кулакоўскі нарадзіўся 25 сакавіка 1925 г. у в. Тулічава на Наваградчыне (тады Заходняя Беларусь, Польшча) у сялянскай сям’і Рыгора і Сцефаніды Кулакоўскіх. У сям’і было пяцёра дзяцей, і ўсе — браты (Мікалай, Адам, Рыгор, Уладзімір). Аляксандр быў сярэднім.

У 1942 г. Тулічава спалілі немцы ў часе карнай акцыі. Гэта была помста ў адказ на партызанскі тэракт.

Кулакоўскі перабраўся ў Мінск, адкуль у 1944 г. выехаў на Захад. Немцы адправілі яго пад самую французскую мяжу рыць бункеры. Па сканчэнні вайны апынуўся ў беларускім лагеры ў Остэргофене, дзе вучыўся ў беларускай гімназіі. Потым вучыўся ўжо ў Пасаў і ў Нюрнбергу ў нямецкіх прафесійных вучэльнях, здабыў адукацыю, што моцна прыдалося пасля пераезду ў Аўстралію.

У гэтай краіне працаваў токарам, збіраў заводскія станкі. На пенсію выйшаў, працуючы на пошце.

Амаль адразу па прыездзе ў Мельбурн далучыўся да беларускага грамадскага руху, чым і займаўся ў вольны час.

У 1953 г. Аляксандр Кулакоўскі ажаніўся з Раісай Борстак. Выхаваў двух дачок — Ірэну і Веру. Адна працуе настаўніцай, другая займаецца бізнэсам.

У 1958 г. а. Мадэст (Яцкевіч) заснаваў у у Мельбурне парафію БАПЦ імя Трох Віленскіх Пакутнікаў. Кулакоўскі напачатку кіраваў царкоўным хорам, а ў 1963 г. у Нью-Ёрку быў высвячаны на дыякана, а потым атрымаў і святарскія высвячэнні.

Пасля адыходу а. Мадэста з парафіі і стаў настаяцелем парафіі Трох Віленскіх Пакутнікаў.

Пры ім было заснавана дабрачыннае Сястрыцтва, жаночы свецкі хор "Каліна", які існуе і дагэтуль, а ў 1981 г. з ініцыятывы айца Кулакоўскага куплены новы будынак для царквы.

Айцец Аляксандр Кулакоўскі таксама быў ініцыятарам набыцця дзялянкі пад беларускія пахаванні на гарадскіх могілках Фоўкнер у Мельбурне.


Крыніца: АГ
Comments