Сьветлай памяці Барыс Данілюк

posted Jan 31, 2011, 4:06 PM by Belarusian Church   [ updated Jan 31, 2011, 5:17 PM ]
28 студзеня 2011 г., пасьля цяжкай хваробы пайшоў з жыцьця спадар Барыс Данілюк. 

Барыс Данілюк нарадзіўся 5-га красавіка 1923 года ў вёсцы Старыя Дзевяткавічы на Слонімшчыне, ў сям’і беларускага сьвятара, удзельніка Слуцкага паўстаньня Хведара Далілюка. Падчас нямецкай акупацыі, ў часе 2-й Сусьветнай вайны, працаваў у беларускіх арганізацыях у Слоніме, браў удзел у працы Другога Усебеларускага Кангрэсу. У ліпені 1944 года разам зь сям’ёй вымушаны пакінуць Беларусь перад надыходам савецкіх акупантаў. Да 1950 году жыў у францускай акупацыйнай зоне ў Нямеччыне, вучыўся на інжынэра-будаўніка ў Мюнхенскім універсітэце, быў сябрам Беларускага Студэнцкага Згуртаваньня, уваходзіў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. 

Пасьля пераезду ў ЗША, спадар Данілюк прымаў актыўны ўдел у арганізацыі беларускага царкаўнага і гарамадзкага жыцьця ў Амэрыцы. На працягу доўгіх гадоў уваходзіў у Раду і Кансысторыю Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, кіраваў царкаўным хорам у Катэральным Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью Ёрку, з’яўляўся рэдактарам і выдаўцом часопіса “Царкоўны Пасланец”. Спадар Барыс таксама вядомы як аўтар і перакладчык шматлікіх духоўных вершаў. 

Асаблівую падтрымку і павагу заслужыў Барым Данілюк ад новай хвалі беларускае эміграцыі, якую ён шчодра падтрымоўваў і навучаў.

Дзякуй Вам за ўсё, спадару Барысе!

Няхай Госпад упакоіць душу Ягоную, дзе ўсе Праведнікі супачываюць. 

Вечная памяць! 

Парахвіяльная Рада Катэдральнага Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага 


Барыс Данілюк будзе пахаваны 1 лютага на Беларускім Магільніку ў Іст Брансвіку, у штаце Нью Джэрсі . Заўпакойная літургія і адпяваньне будуць адпраўленыя ў царкве Жыровіцкае Іконы Божае Маці, (9 River Road, Highland Park, NJ 08904, tel. 1-732-247-9173). Пачатак - а 10-й гадзіне раніцы.

Comments