Сабор БАПЦ

posted Jul 23, 2012, 5:45 AM by Belarusian Church   [ updated Jul 27, 2012, 4:01 PM ]
21-22 ліпеня 2012 г. у Катэдральным Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью Ёрку (ЗША) адбыўся Царкоўны Сабор Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, прысьвечаны юбілеям абвешчаньня Аўтакефаліі ў 1922 г. і 1942 г. на Саборах у Менску. У Саборы прынялі ўдзел Япіскапы БАПЦ – Уладыка Сьвятаслаў і Ўладыка Серафім, госьці з УАПЦ у ЗША – Архіяпіскап Аляксандр і Архіяпіскап Макарыёс, сьвятары й вернікі БАПЦ з Англіі, Аўстраліі, Беларусі, Канады й Злучаных Штатаў Амерыкі. Дэлегаты й госьці Сабору абмеркавалі стан у Парафіях і шляхі палепшаньня сітуацыі ўва ўсёй Царкве.


Служба перад пачаткам Сабора
 
Царкоўны Сабор прыняў зьмены й папраўкі да Статуту БАПЦ.

Важнай падзеяй Сабору адбылося абраньне Першага Ярарха БАПЦ – Архіяпіскапа Сьвятаслава (Логіна). Ад 31 дэлегата, прысутных на Саборы асабіста і праз упаўнаважаньні, 23 галасы былі за абранага Першаярарха.
 
Паседжаньне Сабора БАПЦ


Таксама Сабор абраў новую Раду БАПЦ і Кантрольную Камісію БАПЦ і прыняў за аснову Рэзалюцыю.

У нядзелю адбылася Архірэйская Літургія, у якой прынялі ўдзел наваабраны Першы Ярарх БАПЦ , Духавенства і вернікі, і на якой сьвятар а.Леанід Акаловіч, настаяцель Парафіі Сьв. Афрасіньні Полацкае ў Менску, быў узнагароджаны санам Пратаярэя. У сваім казаньні Архіяпіскап Сьвятаслаў выказаў неабходнасьць мець любоў паміж вернікамі і спакой у беларускіх храмах, бо калі на чужыне ня будзе злагады паміж суайчыньнікамі, то й Бацькаўшчына будзе ў большай небясьпецы.

 
У часе Сьвятое Літургіі

Пасьля Набажэнства адбыўся сьвяточны абед, пасьля якога вернікі выступалі з прывітальным словам. Як пачэсны госьць Сабору прысутнічала парафіянка спадарыня Ганна Войтанка, якая брала ўдзел у Саборы БАПЦ у 1948 годзе ў г. Канстанцы ў Нямеччыне. Выступіў старшыня Парафіяльнае Рады Парафіі ў Гайлянд Парку (шт. Н.Дж.) спадар Віктар Дубяга, які яшчэ ў канцы 1940-х г.г. прыслугоўваў у царкве пры беларускім лягеры ў Нямеччыне. Як і на Саборы, ён заклікаў, каб беларусы на чужыне гуртавалася у беларускіх храмах, у якіх царкоўныя справы заўсёды б пераважалі, як гэта была ў пасьляваеннай эміграцыі, якая збудавала нашыя цэрквы ў вольным сьвеце. Таксама выступалі вернікі катэдральнага сабору і прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў. Уладыка Сьвятаслаў коратка прамовіў пра Царкоўныя Саборы ў Менску, юбілеі якіх БАПЦ сьвяткуе у гэтым годзе.

 
Выступ спадара Віктара Дубягі

У гэты ж дзень адбылося пасяджэньне наваабранай Рады БАПЦ , на якім была абрана Кансісторыя БАПЦ, старшынём якое стаў Архіяпіскап Сьвятаслаў, сакратаром – Андрэй Падлескі, скарбнікам – Сяргей Трыгубовіч.
 
 
Прывітаньне ад кіраўніцтва Беларуска-Амерыканскага Задзіночаньня

У дні Сабору ў Парафіяльнай Зале праводзілася выстава вышытых іконаў беларускай мастачкі Любові Карпавай і духоўных карцінаў іншых мастакоў.

  
 
Больш фотаздымкаў з Сабора БАПЦ можна паглядзець па наступнай спасылцы: