Пра Пост

posted Mar 13, 2012, 6:09 AM by Belarusian Church   [ updated Mar 15, 2012, 3:46 PM ]

Праваслаўнае разуменьне Паста

Разуменьне паста й стаўленьне да яго ў нашым грамадзтве, якое дэкларуе сябе як хрысьціянскае, з'яўляецца неадназначным - ад поўнага адкідваньня, да надзяленьня яго магічнымі ўласьцівасьцямі. Многія з тых, хто называе сябе хрысьціянамі ня прымаюць гэтай старажытнай практыкі. Перш за ўсё гэта датычыцца прадстаўнікоў пратэстанцкіх дэнамінацый. Яны матывуюць сваю адмову ад выкананьня паста нежаданьнем нашкодзіць ўласнаму здароўю, аднак прычыны гэтага неспрыманьня значна глыбей і крыюцца ў скажэньні сатэрыялёгіі (вучэньне аб выратаваньні).

На жаль і ў праваслаўным асяроддзі пост успрымаецца неадназначна і разумеецца часта няправільна. Для таго каб вырашыць пытаньне - ці патрэбен пост хрысьціяніну і як менавіта выконваць пост, неабходна зразумець сутнасьць гэтай настановы.

Зрабіўшы гістарычны экскурс, можам заўважыць, што пост - сучасьнік чалавецтва. Ён быў першай запаведьзю чалавеку й заключаўся ў абмежаваньні ўжываньня пладоў пазнаньня дабра і зла: “І наказаў Госпад Бог чалавеку, кажучы: з кожнага дрэва ў садзе ты будзеш есьці, а ад дрэва пазнаньня дабра й зла, ня еж зь яго; бо ў той дзень, калі ты з'ясі ад яго, сьмерцю памрэш” (Быц. 2. 16-17). Усё было дазволена і чалавек ня меў ні ў чым патрэбы, абмежаваньне было мінімальным. Менавіта гэта абмежаваньне мела на мэце выхаваньне сілы волі чалавека. Чалавек быў створаны па вобразу й падабенству Божаму і ў адрозненьне ад астатніх тварэньняў быў надзелены свабодай волі, свабодай выбіраць паміж дабром і злом. Парушэньне запаведзі адкрыла дзьверы злу, пакуце й сьмерці ў сьвеце ўсяго тварэньня. Нястрыманасьць, перш за ўсё, адбілася і на ўстойлівасьці чалавека, на яго сіле волі. Зграшыўшы аднойчы, чалавек стаў слабей і больш ўразлівым для зла. У пацьверджаньне гэтых слоў ўспомнім уласны вопыт першага сьвядомага падзеньня ў грэх. Зрабіць першы крок цяжка, нават пад узьдьзеяньнем вялікае спакусы, здаецца Сам Бог праз нашае сумленьне засьцярагае нас ад падзеньня, і калі чалавек не знаходзіць у сабе неабходнай сілы волі, ён падае. Зграшыўшы першы раз, мы становімся больш схільнымі да граху і ў наступны раз падаем пад уплывам меншай спакусы. Пераадолеўшы згрызоты сумленьня, чалавек звыкае да граху, які пачынае панаваць над свабодай ягонае волі. Грэх падобна інфекцыі робіць нашу волю слабаю і выклікае ў нас схільнасць да зла, якое ў сваю чаргу падобна яду забівае чалавека ня толькі фізічна, але перш за ўсё духоўна. Каб вызваліцца чалавеку з такога стану, неабходныя дзьве ўмовы - гэта Божая Ласка, “якая нямоглае лечыць і тое, што губляецца, папаўняе”, і праява добрай волі чалавека. Бог працягвае руку дапамогі кожнаму чалавеку, але зрабіць крок на сустрэчу атрымоўваецца не кожнаму, з-за слабасьці сваёй волі. Сілу волі чалавек павінен умацоўваць працягам усяго жыцьця, і перш за ўсё ў барацьбе са спакусамі, якія цягне вораг роду чалавечага. Стрымліваючы ў сабе разьвіцьцё зла, чалавек стрымлівае ўласнае тленьне.

Менавіта выхаваньню сілы волі й служыць такі старажытны сродак як пост. Мы бачым, што пост быў важным для чалавека яшчэ да грэхападзеньня, а пасля таго, як зло перадалося чалавеку, ён ёсьць проста жыцьцёва неабходным. Многія хрысьціяне, магчыма нават на ўзроўні падсьвядомым, разумеюць неабходнасьць паста, аднак ня ўсе правільна яго выкарыстоўваюць, а часам проста скажаюць яго прызначэньне. Прызначэньне паста заключаецца ў аднаўленьні чалавека, у лячэньні ад зла, у выхаваньні добрай волі чалавека. Гэты працэс ня просты і патрабуе пэўных высілкаў ад чалавека, перш за ўсё жаданьне зьмяніцца. Некаторыя з хрысьціян, натыкаючыся на перашкоды ўласнай слабасьці, ня хочуць зрабіць над сабой высілак і выконваюць пост павярхоўна, выяўляючы ліхое. У такім выпадку пост, які павінен весьці чалавека да выратаваньня, становіцца падставай да згубы. Каб пазьбегнуць такой небясьпекі, да паста трэба падыходзіць са шчырасьцю і асьцярожнасьцю. Для чалавека непадрыхтаванага здаецца неймаверным выканаць усе патрабаваньні праваслаўнае традыцыі посту, аднак ня варта палохацца, а - заклікаць на дапамогу Бога і ўласны жыцьцёвы досьвед. Варта ўспомніць пачатак свайго жыцця, калі нам недасяжнымі былі простыя рэчы: мы ня ўмелі хадзіць, гаварыць, чытаць і пісаць і многае іншае, але чалавек здольны вучыцца, гэта датычыцца й практыкі посту.

Іншай распаўсюджанай небясьпекай, якая скажае сутнасьць посту, з'яўляецца неразуменьне таго, што пост з'яўляецца лячэбным сродкам для чалавека і ня можа быць «ахвярай Богу», як некаторыя няправільна разумеюць. Бог не патрабуе ад нас такіх ахвяр, а праз пост мы толькі ўдасканальваемся і набліжаемся да Творцы. Небясьпека ад разуменьня паста як «ахвяры» крыецца ў развіцьці ганарыстасьці. Чалавек, які пасьціцца толькі для таго, каб «дагадзіць» Богу, пачынае выпрабоўваць ілжывую й згубную «сьвятасьць».

Успрымаючы пост як лячэбны працэс для душы і цела, хрысьціянін павінен вызначыцца з уласнымі «хваробамі», таму пост без каяцьця ёсьць неймаверным. Простае ўстрыманьне ад некаторых відаў ежы з'яўляецца дыетай і нічым іншым. Магчыма, такая дыета і палепшыць стан цела, але належнага «аздараўленьня» чалавеку, не прынясе. Амаль усе цялесныя хваробы чалавека з'яўляюцца сьледствам запалу, г.зн. хвароб «духоўнага» плану, таму аздараўленьне чалавека варта пачынаць менавіта зь іх. Слабасьці чалавека падобныя да вугольчыкаў, якія цьмеюць ў плоці і пры стварэньні пэўных умоў, асабліва калі чалавек вядзе нястрыманы лад жыцьця, гэтыя агеньчыкі разгараюцца да велізарных вогнішчаў, якія спарахняюць чалавека знутры. Напэўна кожны чалавек адчуваў пры хваробах, асабліва прастудных, жар у сваім целе. Гэта стан, калі ад падвышанай тэмпературы, усё цела становіцца слабым і розум знаходзіцца як бы ў тумане, падобны стану чалавека, які палае запалам. Такі чалавек ня можа цьвяроза думаць і паўнавартасна кіраваць сваімі ўчынкамі. Адзіны спосаб здаволіць гарачы агонь - гэта стрымліваць сябе. Як вогнішча без гальля паступова згасае, так і запал, без патураньня яму, згасае.

Знаходзячыся ў палоне слабасьцяў чалавек часта схільны да самападману й не жадае прызнаваць свайго «хваравітага» стану, таму толькі ўсведамленьне ўласнага стану, якое немагчыма без споведзі, таксама жаданьне «вылечыцца», што з'яўляецца пакаяньнем, разам з постам, які з'яўляецца ўстрыманьнем, дапамогуць яму вызваліцца ад «хвароб» духоўных і цялесных.

Падчас посту Царква заклікае сваіх вернікаў у першую чаргу да стрымліваньня, аднак аднаго ўстрыманьня ад грахоўных праяў, для карысці чалавека ёсьць мала. Стрымліваючы ў сабе грэшнае, хрысьціянін павінен разьвіваць і ўзбагачаць у сябе пачуцьцё міласэрнасьці й любові да блізкага. «Усякае раздражненьне і лютасьць, і гнеў, і крык, і ліхаслоўе з усякаю злосьцю хай будуць выдалены ад вас, але будзьце адзін да аднаго добрыя, спагадлівыя, даруйце адзін аднаму, як і Бог у Хрысьце дараваў вам» (Эф . 4. 31-32) - павучае нас апостал Павал.

Пост гэта той час, калі мы павінны нарэшце ажыцьцявіць свае добрыя намеры і ўжо не адкладаць іх у далейшым, гэты час аддачы даўгоў духоўных, даўгоў павагі бацькам і родным, даўгоў любові блізкага.

Пост гэта час цяжкае працы над сабой. Хрысьціянін павінен прааналізаваць свае пачуцьці, жаданьні й мары, таму што пустыя й грахоўныя мары вядуць нас на шлях згубы. Прыгнятаючы сваю плоць, чалавек падымае свой дух, і кожнае намаганьне, кожная перамога над пажадлівасьцямі набліжае нас да Бога.


Пытаньні й адказы пра Пост
1. Якое прызначэньне паста?

1) Выкараненьне запалу і пажадлівасьцяў; 

2) Дасягненьне стрыманасьці й умеранасьці;

3) Падпарадкаваньне цела духу, а не наадварот;

4) Падрыхтоўка да замагільнага роўнаанёльскага жыцьця.

“Бо Ўладарства Божае ня ежа і ня пітво, а праўднасьць і мір і радасьць у Сьвятым Духу” (Рым. 14, 17). Малітва адбываецца з увагай асабліва падчас посту, таму што тады душа бывае лягчэй, нічым не абцяжарваецца й ня душыцца пагібельным цяжаром задавальненьняў.

2. У чым заключаецца пост?

Пост заключаецца ўва ўстрыманьні ад ежы (або пэўнага роду ежы), ад шлюбных адносінаў, ад розных вясёласьцяў. Гэты цялесны пост уводзіць чалавека ў другі - духоўны: малітву, сапраўдныя добрыя справы, стрыманасьць, чысьціню ...

“Колькі адбярэш ад цела, столькі дадасі сілы душы” (сьвяценьнік. Васіль Вялікі).

3. Што прымушае хрысьціяніна пасьціцца?

Першае: любоў да Бога; Другое: страх Божы; Трэцяе: паслухмянасьць.

Любоў да Бога немагчымая без посту, пакуль чалавек на зямлі. Сцьвярджаюць гэта тыя, якія дасягнулі любові - праўднікі ўсіх часоў. Пасьціўся Майсей, цар Давід, прарокі Ільля і Даніла, Ян Хрысьціцель, пасьціліся апосталы, што апісана ў Дзеях Апосталаў, таксама Ап. Павал, пасьціліся сьвяценьнікі і пакутнікі, дабрачэсьцьныя (пабожныя) князі, сьвятары і вернікі - менавіта таму, што дасягнулі вялікае любові. Страх Божы падахвочвае чалавека пасьціцца, калі ў жыцьці ягоным адбываецца нейкае ліха. Так было нават з цэлымі народамі (нінэвіцяне, ізраільскі народ), якія былі асуджаныя на сьмяротнае пакараньне за грахі, але пост і пакаянная малітва выратавалі іх ад Божага гневу. Сапраўдны пост заўсёды ратуе чалавека ў вачах Божых, таму што выводзіць яго зь любога забыцьця на шлях ісьціны. Незьлічоныя выпадкі, калі пост і малітва спынялі хваробы, ратавалі ад сьмяротнае небясьпекі, спынялі няшчасьце, ратавалі жыцьцё іншым людзям. Пост дапамагае чалавеку знайсьці правільны настрой сэрца: «неганарлівы і пакорлівы». Гэта з'яўляецца ахвярай Богу, без гэтага іншыя ахвяры Бог не прымае. Нават ня ведаючы гэтага, пабожныя людзі, натхнёныя Духам Сьвятым, пачынаюць пасьціцца, прыслухоўваючыся да настаноў Апостальскай Царквы. Другая зь дзесяці галоўных настаўленьняў Царквы з'яўляецца пост. (Першая - малітва). “Пост - гэта перш за ўсё рух, актыўнасць духу, барацьба зь млявасьцю, лянотай, какетлівасьцю, саслабленьнем волі й цела. Гэта барацьба за жыцьцё, за свабоду духу ад звычайнага рабства” (Мітр. Антоні).

“Пост цела ёсьць ежа для душы” (сьвяценьнік  Ян Залатавуст).

4. Ці ёсць у Новым Запавеце сьведчаньне Ісуса Хрыста пра пост?

1) Сьведчаньне Ісуса Хрыста аб значэньні посту: «Гэты род (д'ябальскі) ня можа выйсьці інакш, як ад малітвы й посту» (Мк. 9, 29).

2) Прадказаньні пра пост для ўсіх хрысціянаў: «Прыйдуць дні, калі адымуць у іх маладога, тады будуць пасьціцца ў тыя дні» (Лк. 5, 35). Гаворка ідзе ня толькі пра ўвесь перыяд ад Узшэсьця да Другога прышэсьця, але і аб канкрэтных днях: сераду - калі Юда выдаў Госпада, і пятніцу - калі Госпад памёр на крыжы. Сьв. Апанас Вялікі казаў: «Той, хто дазваляе сабе есьці скаромнае ў сераду і пятніцу - расьпінае Госпада».

3) Госпад паказвае, якім павінен быць пост: «І калі посьціце, ня будзьце заняпалыя, як крывадушнікі, бо яны прымаюць змрочны твар, каб на людзях быць такімі, што посьцяць. Праўду кажу вам: яны ўжо маюць узнагароду сваю. А ты, калі посьцішся, намасьці галаву тваю і ўмый аблічча тваё, каб з'явіцца посьнікам не перад людзьмі, а перад Айцом тваім, Які ў тайнасьці; і Айцец твой, Які бачыць тайнае, аддасьць табе на яве» (Мц. 6, 16-18).

4) Госпад папярэджвае аб небясьпецы наядацца да перасыці: «Уважайце сябе, каб сэрцы вашыя не абцяжарвалі аб’ядзеньне й п'янства й жыцьцёвыя клопаты, і каб дзень той не застаў вас зьнянацку ... такім чынам пільнуйце ўвесь час і малецеся, каб спадобіцца ўнікнуць усіх будучых нягодаў, і паўстаць перад Сынам Чалавечым» (Лк. 21, 34).

5) Сам Госпад пасьціўся 40 дзён, паказваючы прыклад духоўнага паста і перамогі над д'яблам (Мц. 4).

5. Наколькі важнае значэньне для выратаваньня чалавека мае пост? Бо пост не ўваходзіць нават у 10 запаведзяў Госпадавых!

Пост - гэта першая запаведзь, якую даў Госпад людзям праз Адама ды Еву. Яна паўтораная і ў Евангельлі. Пост - ня мэта, а сродак, без якога дасягнуць мэты вельмі цяжка. Птушцы немагчыма узьляцець у неба без крылаў; пост і малітва - гэта два крыла, з дапамогай якіх мы пераадольваем вышыні выкананьня запаведзяў Божых. Найпросты прыклад: самая галоўная запаведзь - любіць Бога. Бог кажа, што любіць Яго той, хто выконвае Ягонае слова. Усё Слова Божае (Біблія) прасякнутае значэньнем паста для душы чалавека, для яго яднаньня з Богам. Як ты любіш Бога, калі словы Яго табе не каштоўныя? Такім чынам пост становіцца сродкам для таго, каб нам навучыцца галоўнаму - любові да Бога. Прычым, як сьведчаць святыя людзі, - адным з наймагутных сродкаў. “Першая запаведзь, якую Госпад даў чалавецтву - запаведзь пра пост. І, калі яна была неабходная для людзей да падзеньня нашага, тым больш патрэбна яна пасьля падзеньня” (свяценьнік Ігнат Бранчанінаў).

“Хто адмаўляе пасты, той адымае ў сябе й у іншых зброю супраць шматпакутнай плоці сваёй і супраць д'ябла, моцных супраць нас асабліва з-за нястрыманасьці” (праўдны Ян Кранштацкі).

“Пост узносіць малітву ў неба, становячыся для яе нібы крыламі” (сьвц. Васіль Вялікі).

6. Ці для ўсіх хрысьціянаў абавязковы пост?

Так, пост абавязковы для кожнага хрысьціяніна, нават для маленькіх дзяцей, пачынаючы з трох гадоў, - кожнаму ў сваёй меры. Пост заключаны Богам зь першага часу існаваньня чалавека, як неабходны сродак для яго росту ў Богу. Аб неабходнасьці паста для кожнага, хто хрысьціўся ў Хрыста Ісуса, кажа і тое, што ні сьвятар, ні якая ўлада, ні сам Усяленскі Патрыярх ня маюць права дабраслаўляць парушэньне паста (толькі палёгку для нямоглых і дзяцей і тых, хто яе сапраўды патрабуе). Гэта значыць усю адказнасць перад Богам за гэта кожны чалавек бярэ толькі на сябе. Асабліва пост патрэбен нямоглым духоўна: схільным да гневу, асуджэньня, самавольства, упартасьці, настойваньня на сваім, легкадумным, безуважлівым, нядбайным, баязьлівым, гарачым ... “Парушэньне паста пагражае вучню Хрыста адпадзеньнем ад Хрыста” (сьвц. Ігнат Бранчанінаў).

“Хто пасьціцца - ведае, як пост таймуе хаценьне. А тыя, каму давялося выпрабаваць гэта ў справе, сцьвярджаюць, што ён зьмякчае нораў, душыць гнеў, стрымлівае парывы ​​сэрца, бодзёрыць розум, атрымлівае спакой для душы, палягчае цела, ухіляе няўстрыманьне” (сьвц. Ян Залатавуст).

7. Я бачыў людзей, якія посьцяць, але вельмі далёкія ад хрысьціянскага ідэалу. Хіба Богу або ім самім патрэбен такі пост?

Калі чалавек не фарысэйствуе, а пасьціцца сумленна і шчыра - Бог будуе ягоны ўнутраны храм, - неспасьціжнае і нябачнае. Для нас гэта ўсё яшчэ стары чалавек, але ў ім ужо зарадзілася нешта новае. Для нас гэта ўсё яшчэ цемра, але ў сэрцы яго ўжо сьвятло. Ня ведаем, колькі Госпад даў яму духоўных сіл, ня ведаем, колькі ён ужо пераадолеў і якая адбываецца ў ім барацьба. Усё ж гэтаму чалавеку ёсьць што адказаць перад Богам. Ён намагаўся і зрабіў, як змог, па веры сваёй. А мы што скажам, не маючы нават гэтага маленькага апраўданьня? “Кіраўнік цнотаў - малітва, іх падстава – пост” (сьвц. Ігнат Бранчанінаў).

8. Я спрабаваў пасьціцца, але мне здаецца, што пост мне нічога не дае ...

Было б памылкай чалавеку, што толькі пачаў працу Богу, чакаць нейкіх асаблівых уражаньняў і прасьвядных (дабрадатных) дароў. Малітва й пост і ўсякая праўднасьць вучаць, узводзяць чалавека, як мы гэта ўжо згадвалі, нябачным чынам і часта незаўважна. Як зерне, укінутае ў зямлю, яшчэ ня ўбачыла сьвятла, але ўжо зрушылася, няўхільна пацягнуася да сьвятла, прарвала свой астрог і пайшло ў рост, так і душа ў цярплівасьці і працы абавязкова ідзе правільна і ўжо блізкая Богу, а душа нядбайная блукае. Наадварот, нейкія высокія перажываньні, якія з'яўляюцца ў чалавека ў пачатку яго шляху, часта ёсьць сьледствам не імкненьня да Бога, не пошуку ісьціны, а пошуку самавыяўленьня, задавальненьня сябе. Такія перажываньні зусім не з'яўляюцца духоўнымі, часьцей за ўсё гэта зман і самаўсхваленьне. На шляху да Бога трэба крыху пастарацца, трошкі прыкласьці намаганьні. «...Уладарства Нябеснае сілаю дасягаецца, і хто ўжывае высілкі, здабывае яго» ( Мц. 11, 12). Трэба трошкі зьбіць ногі на гэтым шляху, перш чым заслужыць нябесных дароў. Бог не дае Свае скарбы ў нячыстыя рукі, у нячыстае сэрца. Трэба папрацаваць, пастукаць у дзьверы, ачысьціцца крыху. «Цярплівасьцю вашай ратуйце душы вашыя» (Лк. 21, 19). Пост - зьнішчэньне сьмерці і вызваленьне ад гневу. “Пост і цела захоўвае здаровым: не гнятучыся ежай, яно не прымае хваробы, але становячыся лёгкім, умацоўваецца для прыняцьця дароў” (сьвц. Ян Залатавуст).

“Устрыманьне морыць голадам дэманаў” (сьвц. Феафан Пустэльнік).

9. А калі чалавек нямоглы і не можа выконваць пост? Асабліва ў нашы часы, калі і самі прадукты харчаваньня нездаровыя, і людзі цяжка працуюць і высільваюцца празьмерна, і не заўсёды можна атрымаць тое, што трэба з нішчымнай (поснай) ежы. Можа Царкве варта было б перагледзець патрабаваньні паста і зьмяніць іх, улічваючы сучасныя абставіны?

Вельмі важна памятаць, што пасты заключаны не чалавечым розумам, а мудрасьцю Божаю, Воляй Божаю на ўсе часы да сканчэньня веку. Пасты размешчаны на працягу года мудра і, безумоўна, разлічаны і на наш час, і на тыя, што будуць, можа й значна складаней. Трэба памятаць, што ў кожнага чалавека - свая мера стрымліваньня, якую можа вызначыць толькі ён, але гэта ўстрыманьне неабходна для яго здароўя, ня толькі духоўнага, але і фізічнага. Тым, хто пасьціцца дзеля Бога, Сам Бог дапамагае, умацоўвае. (Не дарма кажуць, што ў апошнія часы людзі будуць есьці і не наядацца, але Госпад пракорміць Сваіх вернікаў.) Шмат прыкладаў таму: нямоглыя старыя, яшчэ і хвараблівыя, посьцячы на адным хлебе і вадзе, цяжка працавалі, - будавалі сярод лясоў царкву, здалёку насілі ваду, касілі жыта, рылі каналы - такіх прыкладаў тысячы. Шмат і цяпер хрысьціян, што нават у часе цяжкай хваробы не адмовіліся ад паста (многіх ведаем і па ўласным вопыце), - і Госпад умацоўваў іх, даваў сілу і ўздымаў. Шмат прыкладаў, як строга пасьціліся цяжарныя жанчыны, нараджаючы ў сьвет здаровых, дабраславёных дзяцей. Людзі баяцца паста, забываючы асноватворныя ісьціны: «Ня хлебам адзіным жыве чалавек, а ўсякім словам, якое сыходзіць з вуснаў Божых» (Друг. 8, 3; Мц. 4, 4). Як тады, так і цяпер Госпад нам кажа: "У Мяне ёсьць ежа, якой вы ня ведаеце ... Мая ежа ёсьць тварыць волю Таго, Хто паслаў Мяне ... “ (Ян. 4, 34). Такую ежу пазнае кожны, хто дзеля Бога пачынае пасьціцца. І тое, што яшчэ ўчора было немагчыма, становіцца сёньня цалкам рэальным. Безумоўна, фізічна здаровым людзям трэба пасьціцца строга, а нямоглым спажываць больш, але агульныя правілы паста (за малым выключэньнем) можа вытрымаць і хворы чалавек і дзіця. І парушэньне паста ўжо будзе грахом, які ёсьць цягаром на чалавеку, дадаючы яму немач да немачы. Ніхто цябе не пытае ў царкве: "Як ты посьціш?», ці «Колькі чаго ясі?». Але Царква заклікае ўсіх сваіх дзяцей прыняць цудатворныя лекі паста на акрыяньне душы і цела. Хіба гэта трэба Царкве? Хіба павялічваецца ейны аўтарытэт ад таго, што яна прапаноўвае нам тое, што нам не падабаецца? Хіба гэта Богу трэба? Гэта трэба нам! Каб мы «дазволілі» Госпаду ўвайсьці ў нас і вылечыць нас. «Я ёсьць хлеб жыцьця. Бацькі вашыя елі манну ў пустыні і памерлі; хлеб, які сыходзіць зь нябёсаў, такі, што той, хто яго есьць, не памрэ» ( Ян. 6, 48-50 ). «Клапаціцеся не пра ежу прахлую, а пра ежу, што застаецца на жыцьцё вечнае, якую дасьць вам Сын Чалавечы» ( Ян. 6, 27).

“Да гэтага ўсяго, сьвятыя посьнікі, на цуд іншым, ня ведалі расслабленасьці, але заўсёды былі бадзёрыя, моцныя і падрыхтаваны да справы. Хваробы паміж імі былі зрэдку і жыцьцё іхнае было надзвычай доўгім” (звг. Серахвім Сароўскі).

10. Ці можа чалавек хворы вырашыцца выконваць Царкоўны статут паста ўва ўсёй паўнаце, без паслабленьняў?

Гэта ўжо той выпадак, калі гаворка ідзе не аб агульным для ўсіх правіле, а пра канкрэтную асобу. Які чалавек? Вы? Я? Ён? Бывае, што і хворы чалавек можа ўзяць на сябе строгі пост без шкоды для свайго здароўя. Але часьцей пост уваходзіць у жыцьцё чалавека натуральна, паступова. Жаданьне не пакрыўдзіць Бога, не занядбаць сваю Царкву, жаданьне зьвярнуцца да Бога, ды іншыя, запаленыя нябесным агнём думкі, вызначаюць мінімум для дадзенага чалавека цялеснай ежы і максімум духоўнай. «Прасіце, і дасца вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам». Ня трэба жорсткасьці, выпрабаваньня сваіх магчымасьцяў, а больш даверу, паслушэнства, лагоднасьці. Пабожны чалавек паўтарае гісторыю Царквы Хрыстовай ў фарміраваньні дасканалай пэўнасьці посту. Павінна прайсьці нейкі перыяд фарміраваньня, будуць і памылкі, і фарысэйства, і, наадварот, нядбайнасць - Госпад скіруе. Галоўнае - неадступнасьць, імкненьне да сьвятыні, незваротны рух да Бога. Зь якой любоўю, зь якімі боскімі прасьвяднымі (дабрадатнымі) сіламі служыць Госпад ўсім, хто сапраўдна пасьціцца! Ён іх наведвае, ачышчае, абнаўляе, умацоўвае ў барацьбе са запалам ... вучыць усякай дабрадзейнасьці й узводзіць да дасканаласьці (праўдны Ян Кранштацкі).

11. Ці ёсць ежа нячыстая, недабраславёная Богам для чалавека?

Пра ежу сказана, што «ўсялякі твор Божы добры, і нішто ня дрэннае, калі прымаецца з удзячнасьцю, таму што асьвячаецца словам Божым і малітваю» (1Цім. 4, 4-5). Адмаўляемся мы ад шчодрай ежы ў пасты таму, што «кожны род ежы мае ўласцівае яму дзеяньне на кроў, на мозг, на ўсё цела, а праз цела - і на дух» (сьвц. Ігнат Бранчанінаў). Таму ежа адрозьніваецца якасна: па сваім узьдзеяньні на чалавека. Забарона існуе толькі на кроў: «Душа цела ў крыві» ( Лявіт 17,11 ); «Кроў ёсць душа» (Друг. 16, 23). Прычына гэтай забароны ў тым, што менавіта кроў (душа, жыцьцё) прысьвячаецца Госпаду. Апосталы пацьвердзілі гэтую забарону для нованавернутых язычнікаў (усіх народаў, што спазналі Бога) (Дзеі. 15, 29), але ня ўсе праваслаўныя багасловы прызнаюць гэта правіла абавязковым.
“Грэх ня ў ежы, а ў нястрыманасьці, у непаслушэнстве Царкве, у аддаленьні ад подзьвігу” (сьвц. Ігнат Бранчанінаў).

12. Як правільна пасьціцца?

Падчас усіх пастоў зь ежы выключаюць мяса, малочныя прадукты (масла, сыр і інш.), яйкі: гэтая ежа завецца шчодрай - не нішчымнай (ня поснай), алкагольныя напоі (акрамя віна, калі ня строгі пост). Агульным правілам з'яўляецца: ўстрымлівацца ад шлюбных адносін, забаў і весялосьці, ня ладзіць вясельле, стрымліваць свой язык (ня толькі ад дрэнных, злых слоў, але і ад пустых), тварыць справы міласэрнасьці, пабольш «адрываць» ад сябе - вучыцца ахвяраваць. Усе стравы падчас пастоў павінны быць простыя, немудрагелістыя. Пасты бываюць звычайныя й строгія (калі не ядуць рыбу, алей і гарачую ежу - гэта так званае сухаядзеньне: хлеб, вада, узвары, вараныя і сырыя гародніна й садавіна, гарэхі, мёд ...), часам асабліва строгія (не ядуць да вечара, а хто можа - некалькі дзён), аднадзённыя й працяглыя. Сераду і пятніцу ўшаноўваюць пастом на працягу ўсяго года, акрамя «агульных сяміцаў» (тыдняў) якімі з'яўляюцца: Каляды (7-17 студзеня), тыдзень пасля нядзелі мытара і фарысэя («мясаед»), тыдзень перад Вялікім Постам («масьленіца»; не ядуць толькі мясное), тыдзень пасля Вялікадня, тыдзень пасля Тройцы. Посьцяць асабліва строга дзень перад Калядамі (6 студзеня), дзень перад Богааб’яўленьнем (18 студзеня), на свята Ўсячэньня галавы Яна Хрысьціцеля (11 верасьня) і на Крыжаўзьдзьвіжаньне (27 верасьня), Пакутную Пятніцу (перад Вялікоднем). Працяглых пастоў чатыры: Вялікі Пост (7 тыдняў да Вялікадня) - строгі, асабліва першы і апошні тыдні. Пятроў пост, Апостальскі (пачынаецца з панядзелка праз тыдзень пасля Сёмухі, заканчваецца перад сьвятам - 11 ліпеня) - звычайны. Усьпенскі пост (14-27 жніўня) - суровы. Калядны пост (28 лістапада - 6 студзеня) - звычайны. Чалавек з дабраславеньня сьвятара можа ўзяць на сябе дадатковы пост (у выпадку хваробы, небясьпекі, для большага удасканаленьня і г.д.). “Толькі да сытасьці нічога не ясі, пакідай месца Сьвятому Духу” (звг. Серахвім Сароўскі).