19 жніўня праваслаўныя беларусы сьвяткуюць Перамяненьне Гасподня - Яблычны Спас.
Царкоўнае святкаваньне зьвязана зь бiблейскiмi падзеямi. Незадоўга да Галгофы Ісус Хрыстос узьняўся з трыма апосталамі – Пётрам, Якубам і Янам — на гару Табор у Галілеі. Там апосталы ўбачылi нечакана пераўтворанага Iсуса, у белых адзеньнях, з асьветленым сонцам тварам, i пачулi нябесны голас: "Гэта ёсьць Сын Мой Любiмы, у Якiм Мая добрая воля, Яго слухайце". Значэньне пераўтварэньня ў тым, што Хрыстос паказаў людзям Сваю Боскую сутнасьць. Яблычны Спас — самы шаноўны ў народзе, бо яблыня ў беларусаў – асаблівае дрэва. Вельмі пашырана было павер'е, што да Спаса нельга есьці яблыкі, бо дзеці будуць паміраць. Старадаўнiя паданьнi сьведчаць, што на тым сьвеце Бог будзе раздаваць на Спаса райскія яблыкі, а таму дзіцяці, што ўжо памерла, і чыя маці каштавала іх раней дазволенага тэрміну, пачастунку не дастанецца. Таму на Палесьсі, як і ў некаторых іншых мейсцах, на Спаса людзі нясуць на вясковыя могілкі яблыкі – яблыкі з драпінкамі на бакох, з жыцьцёвай сілаю беларускіх туманоў, добрых жаночых і моцных мужчынскіх рук, зь ніколі не забываемым восеньскім тонкім сакавітым пахам . Лічілася, што на Яблычнага Спаса канчаецца лета. “Прыйшоў Пятрок — апаў лiсток, прыйшоў Iлья — апала два, прыйшоў Спас — пайшло лета ад нас”. На поўдні часам ужо пачыналі сеяць азіміну. У гэты дзень у царкве асьвячалi плады новага ўраджаю: "Спас — усяму час". У чацьвер, 19 жніўня 2010 году а 6-й гадзіне вечара, у царкве Сьвятога Кірылы Тураўскага адбудзецца сьвяточная Багаслужба, прысьвечаная Перамяненьню Гасподняму, альбо Яблычнаму Спасу. Бярыце з сабою садавіну і агародніну. Запрашайце родных і знаёмых. Рада парафіі сьвятога Кірылы Тураўскага. Таронта, Жнівень, 2010 |
Навіны - Галоўная >