У нядзелю 15 траўня 2011 г. у Катэдральным Саборы БАПЦ у г. Нью Ёрку (ЗША) адбылася Парахвіяльнае сьвята Сьвятога Кірылы Тураўскага, Беларускага Залатавуснага, чыім імям названы галоўны беларускі праваслаўны храм на Эміграцыі. У сыботу 14 траўня адбылася Вячорняя Багаслужба. У сьвяточнай Літургіі, якая адбывалася на розных мовах, акрамя япіскапа Сьвятаслава бралі ўдзел Уладыкі з “Украінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы ў ЗША” : архіяпіскап Аляксандр з Дэтройту і архіяпіскап Макарыёс з Г’юстану і таксама сьвятары з Беларускае й Украінскае Цэркваў. На сьвята прыехалі вернікі з Парахвіі БАПЦ г. Гайлянд Парку (штат Н.Дж.). Свае казаньні ў часе Літургіі прамовілі Ўладыка Макарыёс і архімандрыт а.Серахвім. Пасьля Набажэнства, у Парафіяльнай Зале адбыўся сьвяточны абед з розных беларускіх страў, падрыхтаваны Сястрынствам Парахвіі і ўрачыстая частка. Парахвіянаў і гасьцей з днём Сьвятога Кірылы Тураўскага павіншаваў старшыня Парафіяльнай Рады др. Расьціслаў Гарошка. Свае віншаваньні вернікам выказалі старшыня Беларуска-Амерыканскага Задзіночаньня сп-р Вячка Станкевіч, сакратар Кансысторыі БАПЦ сп-р Якуб Сапежынскі. Япіскап Сьвятаслаў паказаў экзэмпляры розных выданьняў Сьвятога Пісьма з царкоўнае бібліятэкі, выдадзеных на беларускай мове: ад рэпрынтавага выданьня Бібліі Ф.Скарыны і да апошніх выданьняў у Беларусі. Многія выданьні перакладаліся і былі выдадзены Беларускай дыяспарай у 1950 – 80-я г.г., калі на Бацькаўшчыне рэлігія перасьледавалася, сярод якіх: Евангельле і Біблія Янкі Станкевіча, Пётры Татарыновіча, Уладзіслава Чарняўскага, Яна Пятроўскага, Майсея Гітліна, Міхала Міцкевча (брата Я.Коласа, парахвіяніна Катэдральнага Сабору). Кожны мог перагледзіць гэтыя выданьні. Яшчэ доўга не расходзіліся, абмяркоўваючы царкоўныя і грамадзкія беларускія справы, вернікі, для якіх Катэдральны Сабор ёсьць ня толькі храмам Божым, а й Беларускім Домам на Амерыканскім кантыненце. Часам украінска-беларускага малітоўнага яднаньня назваў Уладыка Аляксандр сьвяткаваньне веснавых беларускіх царкоўных сьвятаў Сьв. Кірылы Тураўскага і Сьв. Жыровіцкае Іконы Божае Маці (якія былі супольнымі для ўсяе Кіева-Літоўскае Мітраполіі), якія па традыцыі сьвятауюцца на эміграцыі супольна з Украінскаю і іншымі Праваслаўнымі Цэрквамі. |
Навіны - Галоўная >