У нядзелю 22 траўня 2011 г. у Парахвіі г. Гайлянд Парк (штат Нью Джэрзі, ЗША) адбылася сьвяткаваньне дня Сьвятое Жыровіцкае Іконы Божае Маці, у чый гонар асьвячаны Божы храм. У сыботу 21 траўня адбылася Вячорня зь Ліціёй, якую ўзначаліў яп. Сьвятаслаў. Пры канцы набажэнства, пасьля заабмоннае малітвы, духавенства і вернікі выйшлі з харугвамі й іконамі на Крыжовы ход, са сьпевам трапара, кандака, малебнымі запевамі, чытаньнем Дабравесьця і крапленьнем сьвянцонай вадой з чатырох бакоў храма на трэцім коле абыходу навокал сьвятыні, дабраславеньнем людзей Парахвіяльнай іконай на ўваходзе ў царкву, паводле багаслужбовых правілаў і праваслаўнай традыцыі, якія вернікі захавалі з часу ІІ Сусьветнае Вайны, калі выехалі з Бацькаўшчыны на Эміграцыю. Пасьля ўваходу ў царкву служба скончылася водпустам, сьпевам Беларускага Царкоўнага гімну “Магутны Божа” і многалецьцем прысутным, духавенству і вернікам і ўсяму Беларускаму народу. Пасьля чаго настаяцель Парахвіі а.Зінові падзякаваў Уладыкам, сьвятарам і вернікам за ўдзел у сьвяточным набажэнстве і запрасіў усіх у Парахвіяльную Залю на сьвяточны абед, падрыхтаваны Парахвіяльным Сястрынствам і на сьвецкую частку сьвяткаваньня. Госьці выказалі свае віншаваньні са сьвятам. Спадар Уладзімір Цяліца павіншаваў прысутных ад імя Катэдральнага Сабору і перадаў ад яго ў дар экран для прагляду відэаматэрыялаў у Прахвіяльнай Зале вернікам Парахвіі Гайлянд Парку. Шматгадовы старшыня Парахвіяльнае Рады спадар Віктар Дубяга нагаласіў на тым, што вытраты на ўтрыманьне маемасьці Парахвіі ў Гайлянд Парку ўвесь час зрастаюць, але вернікі шчыра ахвяруюць на царкву сваю працу і кошты, таму царква, парахвіяльныны будынак і могліцы ёсьць у належным стане. Паводле парахвіяльнай традыцыі адбылася латарэя, на якую вернікі прыносяць добрыя прызы, якія выграюць прысутныя, бяручы іх на памяць пра сьвяткаваньне дня найбольш шанавай цудатворнай Багародзічнай іконы Беларусі. |
Навіны - Галоўная >