Паніхіда па Міхалу Жызьнеўскаму

posted Feb 18, 2019, 10:37 AM by Belarusian Church   [ updated Feb 18, 2019, 10:38 AM ]
Нацыя жыве, пакуль памятае й шануе сваіх герояў!

У пятую гадавіну сьмерці Кавалера ордэна Героя Нябеснай сотні, Героя Ўкраіны, беларуса Міхала Жызьнеўскага, які загінуў за свабоду Ўкраіны падчас рэвалюцыі Годнасьці, у нядзелю 20.01.2019 г.адбылася традыцыйная вандроўка пад Гомель, на могілкі, дзе ён пахаваны.

Да менчукоў, якіх прыехала каля 30 чалавек, далучыліся актывісты з Бабруйску, Сьветлагорску, Лынтупаў, Лагойску і Гомелю. Ля помніка Герою сабралося больш як 50 чалавек, прадстаўнікоў розных грамадскіх арганізацыяў.

Па традыцыі, ушанаваньне распачалося службай за спачын душы слугі Божага Міхала і ягоных бацькоў, якую правялі сьвятары Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы а. Леанід, а.Вікенцій і а.Вячаслаў.

Выступалі: палітык і грамадскі дзяяч з Гомелю Ўладзімір Кацора, палітык, гісторык, міжнародны каардынатар Руху Салідарнасьці "Разам" Ігар Лялькоў, сябра прэзыдыўма Украінскай Сусьветнай Каардынацыйнай Рады Валянціна Логвін, сябра Сойма Руха Салідарнасьці "Разам", паэт і бард Андрэй Мельнікаў, каардынатар Еўрапейскай Беларусі Максім Вінярскі, паэт, бард Зьміцер Захарэвіч.

Вяла ушанавальнае мерапрыемства сустаршыня Руху Салідарнасьці "Разам" Алена Талстая.

Завершылася акцыя хвілінай маўчання, гімнам "Магутны Божа", гучнымі воклічамі "Жыве Беларусь!", "Слава Украіне!" і "Героям Слава!"

Да помніка Героя усклалі вянкі й жывыя кветкі, запалілі зьнічы.