У нядзелю 29 лістапада 2015 л.Б. у царкве Сьв. Апосталаў Пётры і Паўла ў г. Адэлайда (штат Паўднёвая Аўстралія) адбылося набажэнства, якое адслужыў архіяпіскап Сьвятаслаў. Пры канцы службы, пасьля сьпеву малітвы “Магутны Божа” і Мнагалецьця ўсім прысутным, Уладыка прывітаў вернікаў беларускае Парафіі і таксама сьвятара й парафіянаў украінскае Парафіі Сьв. ап. Андрэя, якія моляцца разам у беларускім храме ў Адэлайдзе, і раздаў усім на памяць іконкі Сьв. Еўпрасіньні Полацкае. Пасьля набажэнства, у Парафіяльнай залі адбыўся абед, падрыхтаваны сястрыцтвам беларускае Парафіі. Старшыня Парафіяльнае Рады спадар Мікалай Кандрусік прывітаў Уладыку Сьвятаслава, які ўжо трэці раз наведаў Аўстралійскія Парафіі БАПЦ. Таксама прысутныя прасьпявалі беларускі гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі...” і “Сьпі пад курганам герояў...” у памяць 95-х гадавінаў пачатку “Слуцкага Збройнага чыну”. Перад гэтым арх. Сьвятаслаў наведаў могліцы ў г. Адэлайдзе, дзе адслужыў Паніхіды на могілках супачылых архіяпіскапа Сяргея Ахатэнкі (+1971), парафіяльных сьвятароў – а. Міхала Шчурко (+1972), а. Яўгена Сітніка (+1986), а. Міхала Бурноса (+2009), і супачылых парафіянаў. Таксама арх. Сьвятаслаў наведаў хворых парафіянаў у шпіталі. |
Навіны - Галоўная >