Да 600-годзьдзя Царкоўнага Праваслаўнага Сабору ў Наваградку. Праз сто гадоў пасьля пераносу цэнтру Кіеўскае Праваслаўнае Мітраполіі ў сталіцу ВКЛ – Наваградак (дзе праіснавала з 1316 г. да 1596 г., да таго 1291-1316 г.г. існавала як япархія) і аддзяленьня ад яе Маскоўскае Мітраполіі, Кіева-Літоўскім Мітрапалітам на Царкоўным Саборы абіраецца Рыгор Цамблак, які быў не ліцьвінам ці русінам, а перад тым – клірыкам Тырнаўскае Патрыярхіі. Ён быў ня толькі вельмі асьвечаным і пабожным манахам, але ўжо й вядомым і аўтарытэтным у Праваслаўным сьвеце, ведаў многіх Праваслаўных ярархаў, таму з прыездам яго ў Літву, у князя Вітаўта й сярод духавенства паўстала пытаньне абраньня яго Мітрапалітам, тым болей, што Маскоўскія Мітрапаліты незаконна намагаліся падпарадкаваць сабе і Мітраполію Кіеўскую. Таму на Саборы таксама была прынята вядомая саборная Грамата, у якой казалася пра кананічнасьць абраньня кожным праваслаўным народам свайго першаярарха. Духоўныя працы Рыгора Цамблака былі вядомымі ўжо на пач. 15 ст., іх перапісвалі ня толькі ў манастырах Кіева-Літоўскае Мітраполіі, а й ва ўсёй Праваслаўнай Эўропе і, нават, у Масковіі. У рукапісны зборнік “Собраніе Слово Кнізесе Рекомого Соборніка ... святых отец, істінных пастырей ...” (перапісаны каля 1590-х г.г. у адным з манастыроў ВКЛ), які захаваўся да сёньня (і які атрымалася мне пабачыць), уключана вядомая праца “Слово на рожество Богородіцы” (зьмест зборніка) “Григория архіепіскопа російскаго” – мітрапаліта Рыгора Цамблака. У 16-17 ст.ст. у Літве (цяпер - Беларусь) і Русі (цяпер - Украіна) часта ўжываецца тэрмін “расійскі” – як сынонім “рускі”, а цяперашняя Расея мала тады назаў “Масковія” (дзе ў 15 ст. яшчэ панавала “татарскае іга”). Так, напрыклад тытул Кіеўскага Мітрапаліта Пятра Магілы пісаўся: Архіяпіскап, Мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і “всея Россіи” ... (сяр. 17 ст.). Гэты назаў – “Расея” Масковскае царства перабрала толькі ў 1721 г., калі ператварылася на Расейскую імперыю. Тут, як бачым, у зборніку аўтарытэтных працаў сьвятых айцоў зьмешчана праца і Мітрапаліта Рыгора, а на пачатку самога Слова на нараджэньне Багародзіцы адзначана: “ІЖЭ ВО СВЯТЫХ ОТЦА НАШЕГО ГРІГОРИЯ російскаго”, што гаворыць нам, пра шанаваньне яго як сьвятога ў Кіева-Літоўскай Мітраполіі. Гэта й ня дзіўна, бо сьвяценьніка Рыгора вельмі паважалі яшчэ пры ягоным жыцьці, ён быў вельмі асьвечаны і шмат зрабіў для Праваслаўя нават за кароткі час перабываньня на Наваградзкай кафедры (таксама ён зрабіў другую катэдру ў Багародзічнай царкве ў новай сталіцы ВКЛ – Вільні). Кананізацыя яго як Сьвятога Праваслаўнае Царквы адбылася хутчэй на Віленскім Царкоўным Саборы ў 1514 г., на якім, як вядома, праваслаўныя япіскапы вырашалі й пытаньне кананізацыі Сьвятых і ўпарадкаваньне датаў сьвяткаваньня іхнае памяці. Да 1509 г. часьцей сустракаецца тытул “Кіеўскі і Літоўскі”, альбо “Літоўскі і ўсяе Русі”, што гаворыць пра ягоную кананізацыю пасьля гэтае даты. Пасьля падпарадкаваньня РПЦ Праваслаўнае Царквы ў Русі-Украіне (1686 г.), а пазьней – і ў Ліцьве (канчаткова ў 1795 г.), зьнішчалася ўсё, што не зьвязанае з Масковіяй, у тым ліку – і памяць пра Сьвятых Кіева-Літоўскае Мітраполіі. Напрыклад, Сьв. Кірылу Тураўскага (малітвы якога сустракаем ва многіх старажытных беларускіх багаслужбовых кнігах) яшчэ ў 20 ст. РПЦ лічыла мясцова-шанаваным, а многіх зусім выкрэсьлілі са сьпісу Сьвятых (напрыклад, – толькі некалькі год як РПЦ аднавіла шанаваньне Сьв. Лявона Карповіча, архім. Віленскага ...). Рабілася гэта і зьнішчэньнем старажытных кніг праваслаўных (і вуніяцкіх), якія вазамі звозілі з манастыроў у Віленскую Кансісторыю (19 ст.), альбо палілі бібліятэкі, як гэта было ў Кіева-Пячэрскай Лаўры (1718 г.) і ў Сафіі Полацкай (1710). Сучасьнік Сьв. Рыгора Цамблака – маскоўскі мітрапаліт грэк Фоцій (1410-1430) быў кананізаваны Маскоўскай Царквой з тытулам “Кіеўскі і ўсяе Русі”, на гэты тытул ён прэтэндаваў, праклінаючы сапраўднага Кіеўскага Мітрапаліта Рыгора, нават выдумаўшы пра непраўдзівую “анафему” на яго ад Канстанцінопальскага Патрыярха. (Пасьля 1448 г. маскоўскія мітрапаліты ўжо адмовіліся ад прэтэнзіяў на тытул “Кіеўскі”.) А так, як ня можа быць дзвох Сьвятых Мітрапалітаў з адным тытулам, якія кіравалі ў адзін час, то зразумелым ёсьць зьнішчэньне Маскоўскай імперскай царквой памяці пра нашага сьвятога Рыгора Цамблака, пра нашу гісторыю, пра Беларускае Праваслаўе, царкоўныя абрады... Таму ў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве сьвяценьнік Рыгор Цамблак занесены ў Сабор Сьвятых зямлі Беларускае, аднаўленьне шанаваньня не патрабуе паўторнае кананізацыі сьвятога. Калі праўдзівым ёсьць пераказ пра тое, што Мітрапаліт Рыгор не памёр у пач. 1420 г., а пераехаў у Малдавію, прыняўшы схіму ў адным з манастыроў (дзе пражыў да 1450 г.), то гэта не запярэчвае кананізацыю сьвяценьніка Рыгора. Захаваўся таксама ягоны лік, намаляваны ў кнігах. Датаю памяці яго ёсьць дзень ягонае хіратоніі, якая адбылася ў Мітрапалічай катэдры ў часе Царкоўнага Сабору ў Наваградку – 15 лістапада (стары стыль) 1415 г. (у першы дзень Каляднага Посту), таксама ён успамінаецца ў Саборах Сьвятых – 2-я нядзеля Вялікага Посту, калі яшчэ ў старажытныя часы сьвяткавалі Сабор Сьвятых Кіеўска-Літоўскае Мітраполіі, і – 2-я нядзеля па Сёмусе (Сабор Беларускіх Сьвятых). Служыцца агульная служба сьвяценьніку зь ліціёй. Сьвяты ойча Рыгору, Мітрапаліце Кіеўскі, Літоўскі і ўсяе Русі, малі Бога за нас. + Сьвятаслаў Логін, архіяпіскап БАПЦ. |
Навіны - Галоўная >