Ліція і малітва ў Курапатах

posted Nov 8, 2011, 6:14 PM by Belarusian Church
30 кастрычніка 2011 г. ў нядзелю вернікі суполкі Сьвятой Афрасіньні Полацкай зь Менску прынялі ўдзел ў масавым шэсьці апазіцыі з цэнтру сталіцы ў Курапацкі лес да магілаў расстраляных бальшавікамі тысячаў людзей. Калона была хораша аздоблена бела-чырвона-белымі сьцягамі, транспарантамі з словамі ДЗЯДЫ... Маніфестанты несьлі ў Курапаты новыя крыжы, каб іх усталяваць у месцах масавых расстрэлаў бязбожнікамі бязьвінных ахвяраў сталінізму. Пасьля мітынгу на курапацкай Галгофе ля вялікіх трох Крыжоў сьвятар БАПЦ ярэй Леанід Акаловіч справіў Ліцію па загінулых тут пакутніках і Малітву за ўсіх рэпрэсаваных і нявінна забітых у 30-х - 50-х гадох ХХ ст. пры сталінскім рэжыме.



Асьвячэньне крыжоў у Курапатах 30.10.2011

Затым айцец Леанід сказаў слова пра рэпрэсіі тагачаснай бязбожнай улады над сваімі мірнымі суайчыньнікамі, пра тысячы расстраляных, а пасля сьмерці дэспата-Сталіна рэабілітаваных як нявінных...
На заканчэньне памінаньня Дзядоў - курапацкіх пакутнікаў а. Леанід асьвяціў дзясяткі новаўсталяваных сёньня й крыху раней крыжоў на месцах расстрэлаў і пахаваньня людзей Божых розных нацыяў, прафесіяў і станаў... Каля галгофскіх вялікіх крыжоў, ля памятнага каменя-валуна і многіх іншых крыжоў гарэлі лямпады-сьвечкі і ляглі жывыя кветкі..

.

Асьвячэньне крыжоў у Курапатах 30.10.2011

Comments