Калядныя набажэнствы

posted Mar 26, 2017, 7:20 PM by Belarusian Church   [ updated Mar 26, 2017, 7:29 PM ]
Калядныя набажэнствы адбыліся ў беларускіх храмах. 6 студзеня 2017 г. на Калядны Сьвяты Вечар у царкве Сьв. Жыровіцкае Іконы Божае Маці ў г. Гайлянд Парк (штат Нью Джэрзі, ЗША) адбылося Усяночнае Пільнаваньне, у якім узялі ўдзел уладыка Сьвятаслаў і настаяльнік Парафіі а.Зінові. На Ўсяночнай, што складалася зь Вялікага Павячор’я зь Ліціёй і Ранішняе, адбылося алеепамазаньне вернікаў. Пасьля Службы адбылася Калядная вячэра – посная Куцьця й посныя стравы, падрыхтаваныя вернікамі. 

У часе Набажэнства

На дабраславеньні Куцьці

Сп-ня Ганна Войтанка са сьвятарствам і вернікамі

7 студзеня, на сьвята Калядаў, адбылася сьвяточная архірэйская Літургія, у якой таксама прымалі ўдзел і іншае духавенства. Пры канцы набажэнства архіяпіскап Сьвятаслаў ўручыў Царкоўную ўзнагароду (паводле рашэньня Рады БАПЦ) Ордэн Мітрапаліта Мельхісадэка ІІ ступеню (№ 3) спадарыні Ганне Войтанка, якая была парафіянкаю ад часу заснаваньня гэтае Парафіі, таксама прымала ўдзел у Царкоўным Саборы ў г.Канстанца (Нямеччына) ў 1948 г., на якім была аформленая БАПЦ на эміграцыі. У ейнай сям’і было некалькі ствятароў і шмат часу яна аддавала для роднае царквы. 

Пасьля службы адбыўся сьвяточны абед у Парафіяльнай зале, дзе хор і вернікі сьпявалі Калядкі. Сьвяточнага настрою дадало надвор’е – сьнег і мароз, сапраўдная беларуская зіма, якая не завадзіла многім парафіянам наведаць храм у сьвяточныя дні.

Таксама Ордэнам Мітрапаліта Мельхісадэка І ступеню ўзнагароджаная спадарыня Марыя Мароз, старшыня Парафіяльнае Рады царквы сьв. Жыровіцкае Іконы Божае Маці ў Пэрце (штат Заходняя Аўстралія), якая ёсьць актыўнаю парафіянкаю БАПЦ ад часу заснаваньня гэтае Парафіі ўладыкам Сяргеем у 1954 г. 8 студзеня 2017 г., у Нядзелю пасьля Калядаў, у Катэдральным саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью Ёрку адбылася Набажэнства, у якім удзельнічалі ўладыка Сьвятаслаў, пратаярэй а.Іван і дыякан а.Мікола, на прыканцы якое настаяльнік Парафіі арх. Сьвятаслаў уручыў Царкоўную Грамату рэгенту Парафіяльнага хору сп-ні Але Орса-Рамана і падзякаваў хору, які палепшыўся колькасна і якасна за апошні час. Пасьля Службы, у Парафіяльнай зале, адбыліся сьвяточны абед і традыцыйная Калядная Ялінка для дзяцей беларускіх эмігрантаў, якія жывуць у г. Нью-Ёрку і ваколіцах.