Каляднае Пасланьне Канстанцінопальскага Патрыярха

posted Dec 30, 2018, 9:55 AM by Belarusian Church   [ updated Dec 30, 2018, 9:55 AM ]
Пасланьне на Раство Ўсесьвяцейшага Барталамея, архіяпіскапа Канстанцінопаля - Новага Рыму, Сусьветнага Патрыярха Усёй паўнаце Царквы


Мілата, літасьць і мір ад Хрыста Збаўцы, які нарадзіўся ў Бэтлееме.

Дарагія ў Хрысце браты і ўмілаваныя дзеці!

Ласкаю Божаю, мы зноў спадабніліся дасягнуць вялікага сьвята нараджэньня ў целе Боскага Слова, Якое прыйшло ў сьвет дарыць нам "дабрабыт", дараваньне грахоў, вызваленьне зь няволі дзеяў закону і ад сьмерці, каб даць нам сапраўднае жыцьцё і вялікую радасьць, якую "ніхто ня можа адабраць у нас ".

Мы прымаем "уседасканалага Бога", Які "прынёс любоў на зямлю", Які становіцца "бліжэй да нас чым мы самі". Праз прыніжэньне, Бог Слова сыходзіць да створаных істотаў "праз неапісальную й незразумелую паблажлівасьць". "Няўмяшчальны" месьціцца ва ўлоньне Дзевы. Вялікі робіцца маленькім. Гэты вялікі разьдзел нашае веры, як дасканалы Бог "стаў чалавекам для чалавецтва", застаецца "невымоўнаю" таямніцаю. "Вялікая таямніца чароўнага ўвасабленьня застаецца таямніцай".

Гэтая дзіўная і парадаксальная падзея, "прыхаваная ад вякоў і пакаленьняў", з'яўляецца асноваю для абагаўленьня чалавечага быцьця Ласкаю Божаю. "І няма ні ў кім іншым збаўленьня. Бо пад небам няма іншага Імя, дадзенага людзям, якім бы мы мелі збавіцца".

Гэта самая высокая збаўная праўда для чалавека. Мы належым Хрысту. Усё злучана з Хрыстом. У Хрысьце адраджаецца тленная нашая прырода, аднаўляецца тое, што створана паводле вобразу Божага і адчыняецца ўсім людзям шлях да падабенства Божага. Прыняўшы чалавечую прыроду, Боскае Слова, праз сумеснае боскае прадбачаньне і агульнае выратаваньне запачаткоўвае адзінства чалавецтва. Аднак, ня толькі чалавек збаўляецца, але і ўсё навакольнае асяродзьдзе. Падобна таму, як падзеньне першародных людзей прывяло да заняпаду ўсяго створанага, так і ўвасабленьне Сына і Слова Божага прыносіць збаўленьне ўсяго створанага. "Вольным пазнаецца тварэньне тады, калі тыя, што раней былі ў цемры становяцца сынамі сьвятла". Васіль Вялікі заклікае нас сьвяткаваць сьвятое Нараджэньне Хрыстовае як "агульнае сьвята ўсяго стварэньня", як "выратаваньне сьвету, дзень нараджэньня чалавецтва".

На жаль, мы зноў чуем сьпевы "Хрыстос нараджаецца" ў сьвеце, поўным гвалту, небясьпечных змаганьняў, сацыяльнай няроўнасьці і парушэньня асноўных правоў чалавека. У 2018 годзе спаўняецца семдзясят гадоў з моманту сусьветнага абвяшчэньня правоў чалавека, што пасьля жудаснага вопыту і разбурэньня ў часе Другое сусьветнае вайны, асьвятліў агульныя высокія ідэалы, якія павінны імператыўна паважаць усе народы й нацыі. Аднак, ігнараваньне гэтае Дэклярацыі працягваецца, розныя злоўжываньні й наўмысныя няверныя тлумачэньні правоў чалавека падрываюць павагу да іх ды іхнюю рэалізацыю. Мы працягваем не вучыцца па гісторыі, альбо мы ня хочам вучыцца. Ні трагічны вопыт гвалту або разбурэньня чалавечай асобы, ні абвяшчэньне высокіх ідэалаў чалавецтва не прадухілілі працягу гвалту і вайны, разгортваньню сілы ды эксплуатацыі людзей людзьмі. Таксама выкарыстаньне тэхнічных сродкаў ды надзвычайных дасягненьняў навукі або эканамічнага прагрэсу не спрыялі сацыяльнай справядлівасьці й пажаданаму міру. Затое, ў нашай эпосе павялічылася патураньне багатым, а глабалізацыя разбурае ўмовы сацыяльнае згуртаванасьці ды гармоніі.

Царква ня можа ігнараваць гэтыя пагрозы для чалавечае асобы. "Няма нічога больш сьвяшчэннага за чалавека, прыроду якога прыняў Бог". Мы змагаемся за чалавечую годнасьць, для абароны свабоды й справядлівасьці чалавека, добра ведаючы, што "сапраўдны сьвет паходзіць ад Бога", што трансцэндэнтнае таемства ўвасабленьня Слова Божага і абагаўленьне чалавека па Ласцы Божай раскрывае праўду аб свабодзе і пра боскі лёс чалавека.

Мы жывем у Царкве ў свабодзе падоранай Хрыстом, у Хрысьце, і з Хрыстом. Агнём гэтае свабоды ёсць любоў, якая "не шукае толькі свайго", любоў "ад шчырага сэрца". Той, хто залежыць ад сябе, шукае волю сваю й самадастатковую, той, хто шукае толькі ўласнага абагаўленьня й задаволены самім сабою, толькі круціцца вакол сябе й свайго індывідуальнага самалбюства – такі чалавек толькі бачыць іншых як прыгнечаньне індывідуальнае свабоды. Затое свабода ў Хрысьце заўсёды арыентавана на свайго блізкага, заўсёды накіравана да іншага, заўсёды кажа пра праўду ў любові. Мэта вернікаў заключаецца не ў тым, каб сцвярджаць свае правы, а "прытрымлівацца і выконваць правы Хрыстовы", з пакораю ды з удзячнасьцю.

Гэтая ісьціна жыцьця ў Хрысьце, свабоды як любоў і любові як свабода, з'яўляецца краевугольным каменем і гарантыяй будучыні чалавецтва. Грунтуючыся на гэтым істотным быцьці, мы зможам сустрэць вялікія выклікі гэтае эпохі, якія пагражаюць ня толькі нашаму дабрабыту, але й чалавечаму роду.

Ісьціна пра "Багачалавека" як адказ на сучасныя "людзі-багі" і ў якасьці доказу нашага вечнага прызначэньня падкрэсьлівае Сьвяты й Вялікі Сабор Праваслаўнае Царквы (Крыт, 2016): "Праваслаўная Царква сцьвярджае Багачалавека як канчатковую меру ўсяго: «Мы гаворым не пра абагаўлёнага чалавека, а пра Бога, Якi стаўся чалавекам». Яна выкладае ісьціну збаўнае веры ў Багачалавека і Ягонае Цела, у Царкву як месца і лад жыцьця ў свабодзе. Яна дае магчымасьць жыць "па праўдзе й любові", а таксама яшчэ на зямлі ўдзельнічаць у жыцьці Хрыста Ўваскрослага.”

Ўвасабленьне Слова Божага з'яўляецца сьведчаньнем і ўпэўненасьцю, што Хрыстос асабіста кіруе гісторыяй як шляхам да Нябеснага Ўладарства. Вядома, шлях Царквы ў кірунку да Ўладарства, якое не рэалізуецца дыстанцыйна або незалежна ад гістарычнай рэчаіснасьці – ці ад яе супярэчнасьцяў і прыгод – ніколі не быў без цяжкасьцяў. Тым ня менш, менавіта сярод гэтых цяжкасьцяў Царква сьведчыць аб праўдзе і выконвае сваю прасьветніцкую, пастырскую і пераўтваральную місію. "Ісьціна з'яўляецца слупом і падмуркам Царквы... Слупом Сусьвету ёсьць Царква... і гэта вялікая таямніца, таямніца пабожнасьці".

Браты і дзеці ў Госпадзе,

Сьвяткуйма разам Калядныя сьвяткі добраю воляй Слова Божага, што пасялілася ў нас, з асалодаю й паўнатою радасьці. На Фанары мы молімся, каб наш Госпад і Збаўца, што ўвасобіўся і сышоў да роду чалавечага, дарыў кожнаму фізічнае й духоўнае здароўе ў гэтым новым годзе, разам са спакоем ды любоўю адзін да аднаго. Няхай Ён абароніць Сваю сьвятую Царкву і дабраславіць справы ейнага служэньня ў славу Яго сьвятога і апетага Імя.

Палкі малітаўнік перад Богам за ўсіх Вас

+ Барталамей,

З Божай ласкі Архіяпіскап Канстанцінопальскі,

Новага Рыму і Сусьветны Патрыярх

Каляды, 2018 / 2019.