“Па тым
пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў між сабою.” (Дабравесьце паводле Яна 13:35)
Вялебныя сьвятары, і любасныя браты й сёстры ў Хрысьце! Штогод урачыста сьвяткуем дзень Хрыстовага Нараджэньня – сьвята прыходу на Зямлю Сына Божага, другое асобы Прасьвятое Тройцы. Хрыстос прыйшоў каб прымірыць чалавека з Богам, дзеля чаго прынёс нябачную раней любоў паміж людзьмі, паказаў ім шлях да вечнага жыцьця ўва Ўладарстве Божым, неабходнасьць перавагі духоўнага над матэрыяльным. Самое Нараджэньне Месіі – гэта сьвятло, якое дае магчымасьць пазнаваць Усявышняга Госпада. У сёньняшнія ліхія часы навалы чужынцаў, вернікі задумваюцца над тым, ці неабходнымі для збавеньня душы ёсьць цярпеньне і любоў да ўсіх, да чаго заклікаў Хрыстос. Ці не прывядзе гэта да паняволеньня нас і цэлага нашага народу ворагам? Хрысьціянская вера заклікае да прымірэньня паміж людзьмі, цэлымі народамі, але не са злом, бо супраць зла трэ змагацца. Хрыстовае вучэньне – гэта духоўная зброя змаганьня за Праўду. Але далёка ня ўсе прынялі да сэрца вучэньне Хрыста як тады, так і цяпер. Так, маскоўскія агрэсары выдаюць сябе за хрысьціянаў, а паводзяцца як сатаністы, што стагодзямі чынілі генацыд беларусаў і іншых народаў, і цяпер пагражаюць усяму цывілізаванаму сьвету. Як некалі малое Дзіця Ісус перахоўваўся на Чужыне ад Ірада, так і цяпер сотні тысяч уцекачоў апынуліся на выгнаньні з-за перасьледу іх уладай самазванца-ірада ў Беларусі, які ёсьць служкаю Крамля. Беларуская Царква моліцца цяпер і за Ўкраінскі народ, якому выпала пакутная роля выратаваньня Хрысьціянскае Еўрапейскае цывілізацыі, у тым ліку й Беларусі, ад барбараў. Таксама молімся за беларусаў, якія змагаюцца супраць маскоўскіх агрэсараў у братняй Украіне і супраць дыктатуры ў роднай Беларусі, і за тых, хто апынуўся ў розных кутках сьвету і іхнія сем’і. Хай каляднікі засьпяваюць у кожным Беларускім памешканьні на Бацькаўшчыне і ў Замежжы, і павіншуюць ўсіх – Хрыстос Нарадзіўся! Слаўце Яго!
Зь любасьцю й малітвамі, ☨Сьвятаслаў, Архіяпіскап Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы. Катэдральны сабор сьв. Кірылы Тураўскага, г. Нью-Ёрк, ЗША. Каляды 2022 / 2023 лета Божага. |
Навіны - Галоўная >