КАЛЯДНАЕ АРХІПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ

posted Jan 3, 2016, 4:14 PM by Belarusian Church   [ updated Jan 3, 2016, 4:15 PM ]

     “Мілата і ісьціна спаткаюцца, праўда і мір пацалуюцца.
Ісьціна зь зямлі зазьзяе, а праўда зь нябёсаў прыхіліцца.”
      (Псальма 84, вершы 11-12)

Любыя браты і сёстры ў Хрысьце !

Штогод мы ўрачыста сьвяткуем Раство Хрыстовае – цуда прыходу на Зямлю Месіі, якое прадказвалі прарокі. Прычына нараджэньня Ісуса Хрыста – перамагці ў чалавечай прыродзе грэх і сьмерць, што Збаўца наш і зрабіў сваімі пакутамі на Крыжы, для чаго Ён, Сын Божы – адна з асобаў Сьвятое Тройцы, паяднаўся з чалавекам, прыняўшы чалавечую прыроду. Таксама вынікам гэтае гістарычнае падзеі было заснаваньне Сынам Божым нашае Хрысьціянскае Царквы, да якое тысячу гадоў таму далучыўся й Беларускі народ.  

Зямное жыцьцё ёсьць толькі кароткім прамежкам часу, за які чалавек рыхтуе сябе да вечнасьці. Нашая вера робіць дабро ня толькі для нашае душы, але й для ўсяго сьвету, а грэх робіць зло нам і ўсім людзям. Хрысьціянства любіць ўсіх людзей, і грэшных і праўдных, але засуджвае грэх, які губіць людзей, а часам і цэлыя народы. Ці можна назваць народ Хрысьціянскім, калі ён карыстаецца ня Божымі запаветамі, а наказамі свайго зямнога царка, ня маючы любові да іншых народаў, нахабна захапляе іхныя тэрыторыі, пры гэтым прыкрываючыся Хрыстовай верай? 

Нашыя продкі, датрымоўваючыся Божых законаў, бралі зброю ў рукі не для нападу на іншых, а для абароны свайго народу і дзяржавы. Таму Беларуская Царква моліцца за ўсіх Беларусаў, якія жывуць на Бацькаўшчыне і ў Замежжы і за тых, хто цяпер дапамагае братам-украінцам абараняць сваю дзяржаву ад ўсходняга агрэсара. Просім заўсёды ў Госпада міру й шчасьця сваім суайчыньнікам, каб захоўваў нашу Бацькаўшчыну ад міжусобіцаў і нашэсьця чужынцаў. Хай Ласка Божая перабывае з Вамі й вашымі блізкімі!
Хрыстос нарадзіўся !  Слаўце Яго !


Зь любасьцю й малітвамі,
        + Сьвятаслаў,
Архіяпіскап Наваградзкі, Першаярарх 
Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.

Каляды 2015 / 2016 л.Б.