“Нова радасьць стала, яка не бывала, Над Бэтлеем зорка ясна на ўвесь белы сьвет зазьзяла.” (Беларуская калядка) Любыя браты й сёстры ў Хрысьце ! Надыходзіць вялікае сьвята Нараджэньня Хрыстовага – Каляды! Гэтую падзею сьвяткуем урачыста штогод, бо вынікам прыходу на зямлю Сына Божага Ісуса Хрыста ёсьць Хрысьціянства, да якога тысячу гадоў таму далучыліся й продкі беларусаў. Яно зьмяніла сьвет, прапаведуючы мір і любоў як паміж людзьмі, так і паміж цэлымі народамі. Сьведчаньне пра мір было першаю весткаю ад анёлаў у Калядную ноч: “Слава Богу ў вышынях, і на зямлі мір, і ў людзях добрая воля!” (Лк.2:14). З айчыннае гісторыі вядома, што мір, шчасьце й духоўны ўздым былі, калі Беларускі народ жыў самастойна, меў сваю дзяржаву і нацыянальную Царкву, а заваёўнікі прыносілі толькі гора, матэрыяльны й духоўны заняпады. Сёньня таксама маем небясьпеку засяленьня маці-Беларусі чужаземцамі, пра што ўжо адкрыта прапагандуе дыктатарская ўлада пад прыкрыцьцём патрэбы росту эканамічных паказчыкаў краіны, у выніку чаго беларусы стануць чужакамі на сваёй спрадвечнай зямлі, гэтак жа, як і беларускую мову й культуру гэтая ўлада робіць чужымі ў сваёй дзяржаве. Таму шануем нашых продкаў, у кожным пакаленьні якіх былі змагары за свой вольны Беларускі дом пад хрысьціянскім еўрапейскім дахам. І ў наш час шмат людзей разумеюць неабходнасьць змагацца за гэта, хоць ня ўсе і не заўсёды адкрыта можам паступаць так, як падказваюць нам сэрца і вера, але кожны можа ўзьнесьці да Госпада малітву за Беларусь, за ейных змагароў, асабліва за пакутуючых у зьняволеньні й на выгнаньні, і за ўсіх ліцьвінаў-беларусаў, якія жывуць на Бацькаўшчыне і ў Замежжы. У многіх праваслаўных малітвах заўсёды просім Госпада: “... і пазбаў нас ад міжусобіцаў і ад нашэсьця чужынцаў...” – і дзяржаву нашу Беларусь і Царкву! І каб беларускія каляднікі заўсёды па-беларуску віншавалі: Хрыстос нарадзіўся ! Слаўце Яго !
|
Навіны - Галоўная >