КАЛЯДНАЕ АРХІПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ

posted Jan 2, 2013, 5:01 PM by News Staff Writer   [ updated Jan 4, 2013, 4:21 PM ]
“Учора зьвячора, учора зьвячора 
Засьвяціла зора, засьвяціла зора ... 
Хрыстова Ражджэньне, Хрыстова Ражджэньне – 
Людзям на збаўленьне, людзям на збаўленьне ...”
 
(Беларуская калядка)
 
 
 
 
 
Любыя браты й сёстры ў Хрысьце !
 
Кожны год мы ўрачыста сьвяткуем дзень Хрыстовага Нараджэньня. Гэтае сьвята для хрысьціянаў вельмі важлівае, бо сам Госпад – другая асоба Сьвятое Тройцы – Сын Божы Ісус Хрыстос прыйшоў на Зямлю каб пазьней прынесьці Сябе ў ахвяру дзеля збаўленьня ўсяго чалавецтва. Ад часу гэтае гістарычнае падзеі Хрыстова Царква ўзбагацілася мноствам Сьвятых людзей, якія па прыкладу Боскаму, самы сваё жыцьцё ахвяравалі Богу. Шмат такіх было і ў Беларускай Царкве. Беларускія Сьвятыя былі душой і гонарам свайго народу й на працягу стагодзьдзяў фармавалі духоўнае аблічча Беларускае нацыі. Абаронцы веры й Бацькаўшчыны жылі ў кожную эпоху, і цяпер маці-Беларусь мае такіх сыноў і дачок.
 
Беларусы-ліцьвіны, якія самы ці іхныя бацькі вымушаныя былі апынуцца ў Замежжы, выявілі сваю любоў да зямлі дзядоў захаваньнем роднае веры, мовы й культуры, пабудовай Беларускіх храмаў, дзе ўзносяцца малітвы за волю Беларусі і за ейны народ. І не канадзкія маразы, не аўстралійская сьпякота ніколі ня перашкаджалі ім радасна сустракаць Беларускія Каляды.
 
Далёка ня кожнаму Госпад дае сілы духу й магчымасьці змагацца за родную веру й свой народ, але ўсе зможам ўзьнесьці малітву за тых, хто пакутуе за праўду ў зьняволеньні й на выгнаньні, за ўсіх нашых суайчыньнікаў, што жывуць на Бацькаўшчыне й на Чужыне. І хай Каляднікі прыходзяць у кожную беларускую хату і радасна віншуюць:
 
Хрыстос нарадзіўся ! Слаўце Яго !
   
Зь любасьцю й малітвамі,
  
            + Сьвятаслаў,
Архіяпіскап Наваградзкі, Першаярарх 
Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы. 
 
Катэдральны сабор Сьв. Кірылы Тураўскага, г. Нью Ёрк, ЗША. 
Каляды 2012 / 2013 л.Б.