КАЛЯДНАЕ АРХІПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ

posted Dec 26, 2010, 8:08 PM by Belarusian Church   [ updated Dec 26, 2010, 8:12 PM ]
Дарагія браты й сёстры ў Хрысьце !

Ужо болей за дзьве тысячы гадоў, як з волі Госпада, Сын Божы прыняў чалавечае цела і нарадзіўся ад Прачыстае Дзевы. Гэты прыход Месіі, прадказаны прарокамі, людзі чакалі стагоддзі. Але адразу пасьля нараджэньня, Ісус сустрэўся зь нянавісьцяй і небязьпекай. Цар Ірад, каб пагубіць нованароджанага нябеснага Ўладара, загадаў забіць тысячы малых дзетак у Бэтлееме з-за боязі ўтраціць уладу над Палясьцінаю, якою кіраваў. Гэтая крывавая падзея ўспамінаецца ў Сьвятым Дабравесьці дзеля таго, каб мы разумелі бязьлітаснасьць граху, дзеля перамогі над якім і прыйшоў на зямлю Сын Божы.

У часы ганеньняў нашае веры хрысьціянаў катавалі прылюдна, каб іншыя баяліся прымаць праўдзівую веру, якая робіць чалавека вольным ад улады граху над ім.

Але Хрысьціянства вытрымала цяжкія пакуты, бо яно прынесла ў сьвет нябачную раней любоў паміж людзьмі, якая ёсьць падмуркам цяперашніх законаў маральных і дзяржаўных. Але жорсткасьць нашага сьвету й дагэтуль не спынілася. І ў наш час існуюць ірады, якія кіруючы дзяржавамі, не карыстаюцца Божымі запаветамі.

Вернікі, якія прынялі да свайго сэрца Хрыстовае вучэньне, павінны разумець, што ёсьць ад Бога, а што – ад нячыстага. Ці можа Хрысьціянская Ўлада ваяваць з уласным народам, што тое самое, што ваяваць з Богам? І ці можа Хрысьціянская Царква віншаваць Ірада з чарговай крывавай перамогай над сваім народам?

Самая падзея выкупленьня Збаўцам чалавецтва адбылася праз некалькі дзесяцігоддзяў пасьля Ягонага нараджэньня. Таму гэтае сьвята – сьвята надзеі, зьдзяйсьненьне якой яшчэ адбудзецца ў будучыні, чаму й нават у часы найбольшага ліхалецьця ў Беларусі, народ радасна сустракаў Каляды з надзеяй на лепшую долю.

Дык разам паднясем малітву да Ўсявышняга за нашых блізкіх, за вернікаў розных Хрысьціянскіх Цэркваў, за Змагароў, што йдуць пад сьцягам Хрыста і за тых, хто яшчэ супраць Яго, за зьняволеных і пакутуючых, за маці - Беларусь і ўсіх беларусаў-ліцьвінаў, што жывуць на Бацькаўшчыне і ў Замежжы, каб Калядная зорка ўказвала нам шлях да нацыянальнае згоды й да Ўладарства Божага.

І каб Каляднікі прыходзілі да кожнага беларускага памешканьня, віншуючы ўсіх –

Хрыстос нарадзіўся ! Слаўце Яго !


Зь любасьцю й малітвамі,
+ Сьвятаслаў,
Япіскап Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.

Каляды 2010/2011
Comments