Каляднае архіпастырскае пасланьне

posted Sep 13, 2010, 10:36 PM by Belarusian Church
Дастойнаму сьвятарству й вернікам
Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.

"Новая радасьць стала, што йшчэ не бывала,
Над Бэтлеяй зорка ясна на ўвесь сьвет зазьзяла..."
(Беларуская калядка)

Хрыстос родзіцца! Яго слаўце!

У часе сьвяткаваньня гэтае найбольшае падзеі ў жыцьці чалавецтва каляднікі абвяшчаюць пра Вялікае сьвята суцяшэньня, любові, надзеі на лепшую будучыню.

Штогод Праваслаўная Царква сьвяткуе Каляды – цуда прыходу Сына Божага, аднаго з трох асобаў Прасьвятое Тройцы, на Зямлю дзеля звальненьня людзей ад граху і сьмерці, дзеля вечнага нашага жыцьця.

Гэты прыход доўгачаканага Месіі паяднаў людзей з Богам, даў ім сьвятло на шляху да праўды, магчымасьць усім мець збаўленьне, дасягнуць духоўнае дасканаласьці і пазнаць ісьціну. "Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет выратаваны быў празь Яго" (Ян. 3:17).

Мы, хрысьціяне, носячы імя Хрыста, павінны выконваць Запаветы Божыя з любоўю да блізкіх, паказываючы гэта штодзённымі справамі.

Сардэчна віншую ўсіх беларусаў на Радзіме й на Чужыне: у Амерыцы, Канадзе, Эўропе, Аўстраліі й іншых краях сьвету, якія любяць сваю Бацькаўшчыну, захоўваюць сваю веру і клапацяцца за Беларускую дзяржаву.

Памолімся ўсе разам, каб радасьць калядная напоўніла нашыя сэрцы!

Няхай Бэтлеемская Зорка асьвятляе шлях да дабра і справядлівасьці, любові і веры!

Няхай у Навым 2010-м годзе з намі будзе Ласка Госпада Нашага Ісуса Хрыста, любоў Бога Айца й супольнасьць Сьвятога Духа! Амін.

З малітваю,
+ Сьвятаслаў

Япіскап Наваградзкі і Паўночна-Амерыканскі

Каляды 2009/2010 г.
Comments