Дарагія сябры! У хрысьціян працягваецца Пакутны тыдзень. У праваслаўных храмах царкоўныя службы прысьвечаны ўспаміну пра зямныя пакуты Збавіцеля, таму службы і сьпевы напоўнены смуткам. Веруючыя імкнуцца ў цярпеньні і ўстрыманьні ад усялякага зла і граху ачысьціць сваю душу і цела для прыняцьця Ласкі Божай. Вялікі (Чысты) Чацьвер - памяць Апошняй вячэры Хрыста і апосталаў, на якой Ісус абмыў ногі сваім вучням, паказаўшы тым самым прыклад брацкай любові і пакоры. Менавіта з гэтым зьвязана мноства абрадаў Вялікага Чацьвярга. Па народнаму звычаю ў гэты дзень прынята было ўстаць да ўзыходу сонца і выкупацца - сімвалічна ачысьціцца ад грахоў і мітусьні. Абнаўляліся і старанна мыліся абразы і лампадкі, стол і лавы цёрлі пяском і нажом, падлогу – дзеркачом. Не забываліся і пра свойскую жывёлу – чысьцілі, каб і яна была дужаю. Каровам мылі вымя вадою, зачэрпнутаю перад усходам сонца. У гэты дзень мыліся абрусы і ручнікі, вопратка, пасьцельная бялізна, палавікі і подсьцілкі. Усё выносілася на прасушку на падворак, каб “увесь год чысьціня ў хаце вадзілася”. Неабходнасць уборкі ў Чысты Чацьвер тлумачылі тым, што сьвята Ўваскрасеньня Хрыстова чакаюць ня толькі людзі і прырода, але і жывёлы, і кожная рэч. На ўсходнім Палесьсі ў гэты дзень ладзілі памінальную вячэру па нябожчыках. Вялікая Пятніца У гэты дзень хрысьціяне ўспамінаюць пра расьпяцьці, пакуты і сьмерць на крыжы Хрыста Збавіцеля. Гэты дзень самы сумны, пост асабліва строгі. У гэты дзень у канцы вячэрняга Набажэнства адбываецца абрад вынасу Плашчаніцы з выяваю Хрыста, пакладзенага ў труну. Плашчаніцу выносяць з алтара і ўсталёўваюць у цэнтры храму, пасля чаго яе ўпрыгожваюць кветкамі і запальваюць перад ёй свечкі, затым вернікі дакранаюцца да яе і цалуюць. Вернікі, што прыйшлі ў храм у гэты дзень задумваюцца аб галоўным: ці не бываем мы падобнымі на тых, хто аддаў Хрыста на ўкрыжаваньне? Ці ня робім учынкі супраць сумленьня? Ці міласэрдныя мы? Па народнаму павер’ю ў гэты дзень можа збыцца штосьці вельмі страшнае, пагэтаму трэба тры разы сказаць: “Ды ўваскрэсіцца Бог, і змарнатравяцца ворагі Яго”. У гэты дзень ўважліва сочаць за прыкметамі: калі на Вялікую Пятніцу надвор’е цёплае, зара ясная, то пшаніца будзе крупчастая. Добра зародзіць гарох, пасеяны ў гэты дзень. У Страстную Пятніцу забаронена працаваць - гэта дзень вельмі строгага посту. Вялікую Суботу яшчэ называюць Чырвонай. Зьвязана яна з пахаваньнем Збавіцеля. Але ўжо апоўначы сьвятары мяняюць чорныя адзеньні на светлыя, і пачынаюцца Набажэнствы, прысьвечаныя вялікаму сьвяту Ўваскрасення Хрыстовага. Дзеля Свае бязьмежнае любові да нас Хрыстос дабравольна ўзяў на Сябе грахі й немачы нашыя, дзеля нас памер на Крыжы, і гэтым дараваў нам спасеньне. ,,Вось Я з вамі ва ўсе дні да сканчэньня веку.” Уваскрасеньне Хрыстовае сьведчыць аб тым, што Ён сапраўды ёсць Сын Божы - "уваскрос як Бог". Яно адкрыла славу Яго Боскасьці, схаваную да таго пад покрывам прыніжэньня. Цела Ісуса Хрыста паўстала ў славе. Праз Сваё вЎваскрасеньне Ісус зрабіў жыцьцё ў Хрысьце пераможцам сьмерці. Непасрэдна перад Вялікаднем праваслаўныя збіраюцца ў храме, адкуль пачынаецца хросны ход з гучным сьпевам. Прыйшла вялікая субота, Даўно прыпынена работа, І ўжо пад вечар сама хата Была прылучана да сьвята: Лагоднасьць, згода і павага І вельмі сталая развага Ўвесь гэты дзень тут панавалі. І блізкасьць сьвята шанавалі Старыя, дзеці і падросткі І шуму тут не падымалі, Як будным днём з-за кожнай косткі... Цянююць вуліцай дзяўчаты, Шчабечуць весела, сьмяюцца, І хлопцы дзесь перагукнуцца. І ўсе вясёлы, ўсе рухлівы І сьвятам заўтрашнім шчасьлівы. А цэрква, макаўка святая, Народу поўна, блескам зьзяе. Сярод царкоўкі плашчаніца Стаіць між елачак зялёных. Кабеты, дзеўкі, маладзіцы Ідуць-плывуць да плашчаніцы У хустках белых і чырвоных, Набожна хрысьцяцца, ўздыхаюць І лбом данізу прыпадаюць. Направа сталыя мужчыны Стаяць, разгладзіўшы маршчыны Якуб Колас Сьвята пачынаецца "ўсяночнай". Многія ня сьпяць усю ноч: ідуць у царкву. У вёсках на ўсходнім Палесьсі і зараз у хатах усю ноч гарыць сьвятло. Калі ў вёсцы няма царквы – моладзь ідзе ў лес і на ўзвышках паліць вагонь. Падзеі цудоўнага вяртаньня да жыцьця Хрыста прысвечаныя разнастайныя хрысціянскія звычаі і абрады на Вялікдзень. Раніцай на Вялікдзень назіралі, як “іграе”, пераліваецца ў прамянях сонца – яно разам зь людзьмі радуецца сьвяту. Галоўным велікодным сімвалам зьяўляецца пафарбаванае яйка. Паводле хрысьціянскіх уяўленняў, велікоднае яйка сімвалізуе жыцьцё. Часта яйкі фарбуюць у розныя колеры, але традыцыйным з'яўляецца чырвоны, як колер жыцьця і перамогі. Часьцей за ўсё афарбоўваюць яйкі ў чырвоны колер цыбулевай шалупінай. Асьвечаныя ў царкве яйкі елі першымі. Амаль кожны з нас можа ўспомніць, як у дзяцінстве пафарбаванымі яйкамі гулялі "ў біткі", качалі іх. Фарбаваныя яйкі ня толькі падаюць да сьвяточнага велікоднага стала, іх прынята дарыць адзін аднаму ўвесь велікодны тыдзень. А вымыты твар дзяўчыны вадзіцаю зь яечка будзе румяным і прыгожым. Народнае павер’е зьвязана і з паскай- хатнім сьвяточным пірагом: калі яна выйшла удалый, то і ў хаце ўсё будзе паспяхова. Вялікодныя паскі, прыгатаваныя па старадаўніх рэцэптах, доўгі час не чарсцьвеюць. Стварэнне паскі –вялікае таемства для гаспадынь, іх гонар. Хрыстос васкрос!... Неугамонна Плыве па нівах, пушчах клік, Плыве адна сьвятая думка З канца ў канец, як сьвет вялік. Янка Купала Toronto, 2011 |
Навіны - Галоўная >