19 (6) чырвеня 2011 г., у Нядзелю Ўсіх Сьвятых, за Сьвятой Літургіяй у Катэдральным Саборы Сьвятога Кірылы Тураўскага ў г. Нью Ёрку (ЗША) адбылася хіратонія Архімандрыта а. Сэрахвіма (Чыкіты) у Япіскапа Віленскага Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы. У сыботу пасьля Вячорняе Службы адбылася нарачэньне ў япіскапа. Архірэйскую хіратонію выканалі: Правялебны Сьвятаслаў, Япіскап Наваградзкі, кіруючы япіскап БАПЦ , і Ўкраінскія Ўладыкі: Высокаправялебны Аляксандр, Архіяпіскап Уманскі і Дэтройцкі і Высокаправялебны Макарыос, Архіяпіскап Г’юстанскі і Тэхаскі (УАПЦ у ЗША, хіратонія якіх паходзіць ад ярархіі ЎАПЦ у часе ІІ сусьветнае вайны). У Набажэнстве таксама прымалі ўдзел сьвятары Беларускае і Ўкраінскае Цэркваў і вернікі БАПЦ з ЗША і Канады. Уладыка Аляксандр прачытаў нядзельнае Дабравесьце па-беларуску, а Ўладыка Макарыос прамовіў казаньне. Япіскап Сьвятаслаў прамовіў настаўленьне нававысьвячанаму Япіскапу, уручаючы япіскапскі жэзл, які ёсьць сымбалам Архіпастырскае ўлады. Літургія скончылася мнагалецьцем і сьпевам Беларускага рэлігійнага гімну “Магутны Божа”. Пасьля ўрачыстае Багаслужбы адбыўся абед, падрыхтаваны Сястрынствам, на якім з прывітальным словам выступілі : - Старшыня Рады БНР спадарыня Івонка Сурвіла, - Старшыня Беларуска-Амерыканскага Задзіночаньня спадарыня Ганна Сурмач, - Старшыня КХП БНФ спадар Зянон Пазьняк, - былы дырэктар Гістарычнага Музэю ў Менску сп-р Антон Шукелойц , які ў часе нямецкае акупацыі перадаў цудатворную Менскую ікону БМ у храм БАПЦ, - сакратар Кансысторыі БАПЦ спадар Якуб Сапежынскі, - Старшыня Парафіяльнае Рады Катэдральнага Сабору д-р Расьціслаў Гарошка, - Старшыня Парафіяльнае Рады Парафіі г. Гайлянд Парку сп-р Віктар Дубяга, які яшчэ прыслугоўваў у Беларускай царкве ў Розэнгайме (Нямеччына) ў канцы 1940-ых г.г. Таксама пра супрацоўніцтва Ўкраінскае й Беларускае Цэркваў выступіў Уладыка Аляксандр, а навасьвячаны Ўладыка Япіскап Віленскі Сэрахвім падзякаваў усім за іхны ўдзел у гэтай гістарычнай падзеі. Япіскап Віленскі Сэрахфім Сьвятая Літургія ў Катэдральным Саборы Сьвятога Кірылы Тураўскага Ягоная міласьць Япіскап Віленскі СЭРАХВІМ Япіскап Сэрахвім (у міру – Ігар Васільевіч Чыкіта) нарадзіўся 15.01.1973 г. у горадзе Белаазёрску, Берасьцейскай вобласьці, Беларусь. У 1990 г. скончыў с/ш № 13 г. Берасьця. 1992 - 1994 г.г. – служба ў войску. У 1994 г. паступіў у Львоўскую багаслоўскую акадэмію (Украіна). У 1998 г. рукаўскладзены ў дыякана і сьвятара Ўкраінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы ў г.Кіеве, Украіна, служыў у Кіеўскай япархіі ў царкоўным судзе. У 2000 г. скончыў юрыдычны факультэт Таўрыйскага інстытута прадпрыемніцтва і права. Працаваў юрысконсультам. У 2001 г. накіраваны ў г. Севастопаль выконваць пастырскія абавязкі сярод беларускіх праваслаўных вернікаў УАПЦ. У 2004 г. закончыў магістратуру Акадэміі адвакатуры Ўкраіны ў Кіеве, абараніўшы дыплём магістра права, і аспірантуру Севастопальскага НТУ па спецыяльнасьцям: Сацыяльная філасофія і філасофія гісторыі, Палітычныя інстытуты і працэсы. У 2005 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па багаслоўю, у 2008 г. – доктарскую. Працаваў старшым выкладчыкам, дацэнтам у вышэйшых навучальных установах г. Севастопаля. У 2008 г. прыняў манаскі пострыг, у 2009 г. ўзвышаны ў годнасьць ігумена і архімандрыта. У жнівені 2009 прыняты ў клір БАПЦ, выконваў пастырскія абавязкі сярод вернікаў БАПЦ на Ўкраіне. У траўні 2011 г. Кіруючым япіскапам і Царкоўнай Радай БАПЦ абраны кандыдатам на япіскапа БАПЦ. 19 (6) чырвеня 2011 г. у Нядзелю Ўсіх Сьвятых хіратанізаваны ў япіскапа Віленскага БАПЦ у г. Нью Ёрку, ЗША. |
Навіны - Галоўная >