У нядзелю, 9 траўня, ў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве ў Таронта адзначалі Дзень сьвятога Кірылы Тураўскага. Пра жыцьцё аднаго зь Вялікіх Айцоў нашай Беларускай Праваслаўнай Царквы расказаў пасьля сьвяточнай літургіі Япіскап Наваградзкі і Паўночна-Амэрыканскі Сьвятаслаў. Сьвяты Кірыла Тураўскі – выбітны рэлігійны дзеяч 12 ст., япіскап г. Турава – ў спадчыне пакінуў шмат пісаных рэлігійных твораў, за што заслужыў назоў другога Залатавуснага. Частка пабожных твораў сьвятога Кірылы захаваліся да нашых дзён і зьяўляецца здабыткам беларускае літаратуры. Уладыка Сьвятаслаў у сваёй прамове зачытаў урывак з твору «Бяседа сьв. Кірылы з манахам Варфаламеем»: «Браце мой, служы цару зямному, але ніколі не забывайся пра Цара Нябеснага: многія, бо бязглуздыя, славячы зямнога цара дзеля карысьцяў, скора будуць пазбаўлены славы й пойдуць на дно пекла. Браце мой, дбаючы пра мірское, слухай голас Божы: прабываючы ў цемры, сьпяшы да сьвятла. Браце мой, бачучы нявольнікаў цела, што прыгожа жывуць, не зайздросьці ім: не сумуй зь беднаты твае, гледзячы на ўбогасьць рызаў сваіх, але лепш хадзі свабодны ў іх, чым паняволены ў другіх…» Гады жыцьця Кірылы Тураўскага мы ведаем прыблізна. Мяркуецца, што ён нарадзіўся каля 1130 г. і памёр каля 1182. Мы маем толькі дзьве крыніцы жыцьцяпісу: "Жыціе Сьвятога Кірыла" невядомага аўтара канца 12 ст. і летапіснае паведамленьне ад 1169 г., у якім Кірыла Тураўскі прыгадваецца як Япіскап Турава. Кірыла Тураўскі пакінуў нам у спадчыну 8 слоў-казаньняў, 2 прытчы пра душу і цела (пра сьляпога і кульгавага), 2 казаньні пра манаскі чын і анёльскі вобраз, 2 пасланьні да Васіля Ігумена Пячорскага, два каноны і каля 30 спавядальных малітваў. 28 красавіка – дзень памяці сьвятога Кірылы Тураўскага - Беларускага Залатавуснага. Пра жыцьцё адных з заснавальнікаў Парафіі сьвятога Кірылы Тураўскага і Згуртаваньня Беларусаў Канады, цудоўных дзеячоў грамадзкага ды рэлігійнага жыцьця беларускай дыяспары Міколу Ганько (23 траўня 1923 году - 16 траўня 1999 году) і Аляксея Грыцука (3 ліпеня 1910 - 30 траўня 1976 году) расказала Вольга Іпатава – беларуская пісьменьніца, якая зьяўляецца ўкладальніцай кніжак Марыі Ганько “Каб сьведчылі пра Беларусь. Жыцьцё й дзейнасьць Міколы Ганько” і Вольгі Грыцук « Мы стваралі сваю Беларусь: жыцьцё і дзейнасьць Аляксея Грыцука». Дарэчы, калі спадарыня Іпатава расказала пра тое, зь якою маленькаю драўлянаю валізкаю прыехаў Мікола Ганько ў Канаду, тую ж самую валізку як каштоўную рэліквію беларускай таронтаўскай суполкі і вынесьлі з бібліятэкі – зараз яна служыць дэкорам да сьпектакляў. Таронта, Травень, 2010 |
Навіны - Галоўная >