21 красавіка 2013 года ў прыходзе імя Сьвятое Афрасіні Полацкае БАПЦ адбыўся нядзельны малебен у гонар айцоў-заснавальнікаў БАПЦ і другія Мельхісадэкаўскія чытаньні, прысьвечаныя памяці Мітрапаліта Менскага і Беларускага Мельхісадэка (Міхала Паеўскага). Са зьмястоўнымі і цікавымі дакладамі выступілі вернікі прыходу БАПЦ і госьці, запрошаныя на чытаньні: Мікола Бамбіза – “Жыцьцёвы шлях Мітрапаліта Мельхісадэка (М. Паеўскага)”; Гянадзь Драздоў – “Вобраз Мітрапаліта Мельхісадэка ў жывапісе” (Г. Драздоў прэзентаваў свой мастацкі твор для БАПЦ – партрэт Мітрапаліта Мельхісадэка); Анатоль Валахановіч – “Леў Сямёнавіч Паеўскі – сьвятар, гісторык, археолаг, краязнавец, царкоўны дзяяч – бацька Мітрапаліта Мельхісадэка” і “Камянецкі Сьвята-Сямёнаўскі праваслаўны храм”; скульптар Генік Лойка – “Вобраз Мітрапаліта Мельхісадэка ў медальерным мастацтве” (Г. Лойка падрабязна распавёў прысутным, як ён увасобіў вобраз Мітрапаліта Мельхісадэка ў бронзавым медалі); Францішак Корзун – “Стан праваслаўнае царквы ў Беларусі-Ліцьве ў пачатку XX стагодзьдзя”; пратаярэй Леанід Акаловіч – “Служка Божы Мітрапаліт Менскі і Беларускі Мельхісадэк” і “ Радавод Паеўскіх і сямейныя фотаздымкі”. Слухачы шмат даведаліся новага, невядомага дагэтуль пра Мітрапаліта Менскага і Беларускага Мельхісадэка, пра яго бацьку Льва Паеўскага і пра іншыя цікавыя факты з жыцьця Паеўскіх. Дакладчыкам быў зададзены шэраг пытаньняў. |
Навіны - Галоўная >