22 студзеня, на другую гадавіну гібелі сапраўднага Героя Украіны Міхася Жызнеўскага, які пакуль не дачакаўся гэткага звання, адбылося ўшанаванне яго светлай памяці на радзіме - у Гомелі. Жалобную паніхіду на месцы спакою Міхася служыў а. Леанід (Акаловіч). Павел Севярынец, Алесь Макаеў, Алесь Пушкін , Алесь Тамковіч казалі пранікненыя словы пра подзвіг Міхася. Вячаслаў Сіўчык у сваей прамове казаў: " Трагедыя нашай нацыі ў тым, што ў большасці нашых герояў, кіраўнікоў паўстанняў, няма магілаў. Акупанты імкнуліся, каб мы ня мелі памяці. Міхась пакінуў нам надзею на будучыню. Гэта асоба, якая яднае нас з нашымі паўдневымі суседзямі і братамі. І нашае сенняшняе ўшанаванне - гэта і падзяка нашым братам, якія ў нечалавечых умовах вядуць барацьбу з расейскім імпералізмам. І я абсалютна нязгодзен, калі кажуць, што будучыня Беларусі вырашаецца зараз ва Украіне. Будучыня еўрапейскай цывілізацыі і Еўропы будзе вырашацца на працягу некалькіх бліжэйшых гадоў. У тым ліку есць вельмі пагрозлівы момант для Беларусі. Альбо беларусы зразумеюць, што яны нацыя, альбо нас выкарыстаюць, каб розныя інтарэсы вырашаць на нашай тэрыторыі. Міхась Жызнеўскі - Светлы Ваяр, які загінуў не за нейкія інтарэсы алігархічных групаў, а за тое, што Украіна можа быць Дзяржавай, і што грамадзяне Украіны мусяць мець усе правы - як і мы, як і ўсе людзі. Жыве Беларусь! Слава Украіне!" Славамір Адамовіч чытаў свае палымяныя вершы, Зміцер Захарэвіч спяваў у гонар героя, абуджаючы стылы навакольны пейзаж. Напрыканцы ўшанавання прысутныя гучна спявалі "Магутны Божа". Мерапрыемства ладзілася высілкамі актывістаў Руха Салідарнасці "Разам". Вялікую дапамогу у гэтым аказалі людзі, якія не змаглі прысутнічаць на месцы ўшанавання Міхася, але сваімі ахвяраваннямі зрабілі ўсе магчымае, каб яно адбылося. Вялікая вам падзяка! Жыве Беларусь! Героям Слава! |
Навіны - Галоўная >