Cуд над сьвятарамі БАПЦ у Беларусі

posted Jun 10, 2019, 6:29 PM by Belarusian Church   [ updated Jun 10, 2019, 6:30 PM ]
29 траўня 2019г. адбыўся суд у Цэнтральным раёне г.Мінска над сьвятарамі БАПЦ айцом Леанідам (Акаловічам) і ераманахам Вікенціем (Кавальковым). Ім інкрыміявалася «арганiзацыя масавага палiтычнага дзеяньня. Пры гэтым яны нібыта сабралі каля сабе людзей з бела-чырвона-белымі сьцягамі й так наўмысна, дзёрзка парушалi грамадзянскi супакой i беларускае заканадаўства».

Падставай для ўладаў былі падзеі на Дабравешчаньне 7 красавіка 2019г. - малебен на плошчы Свабоды ля Свята-Духава сабора пасля «крыжалому» ў Курапатах й непасрэдна ў саміх Курапатах, а таксама на Вайсковых могілках 8 траўня 2019г. - у гадавіну завяршэньня другой сусьветнай вайны ў Эўропе У першым выпадку ераманах Вікенці быў у складзе грамады, якая правяла малітву супраць гвалтоўнага зносу крыжоў на «Беларускай Галгофе» - Курапатах (лясны масыў пад Мінскам, дзе ў 1930-1940-х гадах адбываліся масавыя растрэлы сталінскім рэжымам; дзе з 1988г. пэрманэнтна ідзе змаганьне грамадскіх актывістаў, прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасьці з уладамі, якія пад рознымі падставамі наступаюць на Курапаты; час ад часу там адбываюцца акты вандалізму). Зачэпкай для ўладаў было тое, што ераманах даў інтэрвію аднаму з незалежных СМІ. Пратаколы на сьвятароў былі складзеныя праз тыдзень пасля падзей. Айца Леанiда на самой малiтве не было, ён прыехаў пасля, каб забраць айца Вiкенцiя i разам ехаць на малiтву ў Курапаты. У другім выпадку – у мерапрыемстве таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі грамадскага Руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык, Алена Талстая, таксама Мікола Станкевіч.

Па выніках суду судзьдзёй Шабуняй В. сьвятарам не былі прызначаны штрафы і пазбаўленьне волі, але: гэтымі дзеяньнямі афіцыйныя ўлады Рэспублікі Беларусь, фактычна, груба парушаюць канстытуцыйнае права на свабоду веравызнаньня, аказваюць маральны й юрыдычны ціск на людзей, якія не згодны з абразай «народнага мэмарыялу» ў Курапатах, захаваньнем гістарычнай памяці беларускага народа й дэзавуалююць сталінскі генацыд супраць беларусаў, альбо проста прыйшлі памаліцца пад нацыянальнымі сьцягамі на беларускай мове за супакой загінулых.